Адукацыя без меж

У гімназіі № 1 Дзяржынска вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў, таму што гэта з’яўляецца адной з умоў паспяховасці ўстановы ў адукацыйнай прасторы не толькі раёна, але і вобласці. Кампетэнтны педагог — паспяховы вучань. Развіццю прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў спрыяе шэраг розных мерапрыемстваў. Актуальным элементам педагагічнай асветы лічым і магчымасць міжнароднага ўзаемадзеяння настаўнікаў — вельмі важнага рэсурсу адукацыйнай практыкі. Таму мы актыўна наладжваем сувязі з калегамі з іншых краін, у першую чаргу з Расійскай Федэрацыі.

Расія і Беларусь — два брацкія народы, якія гавораць на адной мове і маюць агульныя гістарычныя карані. Разам з тым сістэмы адукацыі дзвюх краін маюць розныя падыходы да атэстацыі навучэнцаў, паступлення ва УВА, сістэмы ацэнкі дзейнасці і аплаты працы педагогаў. Галоўнае ж, у чым падобны адукацыйныя сістэмы нашых краін, — у імкненні выканаць дзяржаўны сацыяльны заказ, які нацэльвае ўстановы адукацыі на вырашэнне комплексу задач, здольных забяспечыць гарантаваную стабільную адукацыю на аснове спалучэння новых педагагічных і кіраўніцкіх тэхналогій, інфармацыйных сістэм.

Больш за год назад пачалася фаза актыўнага супрацоўніцтва нашай гімназіі і Дзяржаўнай бюджэтнай агульнаадукацыйнай установы Масквы “Школа № 1357 “Шматпрофільны комплекс “Браціслаўскі”. Быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве дзвюх устаноў адукацыі, намечаны план канструктыўнага ўзаемадзеяння. Лідары вучнёўскага самакіравання дзвюх устаноў адукацыі ў анлайн-рэжыме неаднаразова дзяліліся адно з адным навінамі школьнага жыцця, абмяркоўвалі, як можна рацыянальна вырашыць праблемы сучаснай моладзі.

Следам за навучэнцамі жаданне бліжэй пазнаёміцца выказалі і педагогі дзвюх устаноў адукацыі. З гэтай мэтай на базе гімназіі № 1 Дзяржынска праведзены Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства на тэму “Развіццё адукацыі: ад эфектыўнай школы — да паспяховага выпускніка”. На тры дні гімназія стала сканцэнтраваннем лепшай педагагічнай творчасці дзвюх краін. У склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі 17 настаўнікаў і адміністрацыйных работнікаў 4 устаноў адукацыі — школа № 1357 і ліцэй № 2010 Масквы, школа № 172 Ніжняга Ноўгарада, школа № 23 Набярэжных Чаўноў. У мерапрыемствах фестывалю ўдзельнічалі дырэктары і намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна.

Галоўнай мэтай фестывалю стала развіццё прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка ва ўмовах фарміравання эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі, якое забяспечвае ўмовы эфектыўнай дзейнасці адукацыйных устаноў, накіраванай на дасягненне паспяховасці выпускнікоў.

Фестываль дазволіў прадставіць вопыт работы па ўкараненні сучасных адукацыйных тэхналогій як неабходнай умовы павышэння якасці адукацыі, выявіць магчымасці павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка праз навукова-метадычнае суправаджэнне яго дзейнасці, інфармацыйнае забеспячэнне, сістэму павышэння кваліфікацыі і самаадукацыю. Таксама мерапрыемства стала камунікатыўнай адукацыйнай пляцоўкай для абмену вопытам па развіцці адукацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі, якое забяспечвае паспяховасць выпускніка.

Падчас фестывалю гімназія стала пляцоўкай для прэзентацыі метадычных іскрынак, педагагічнай творчасці, інавацыйных падыходаў падчас праведзеных вучэбных заняткаў — па 8 правялі калегі з Масквы і педагогі гімназіі. Далей усіх удзельнікаў аб’яднала дыскусійная пляцоўка, падчас якой прайшло абмеркаванне ўрокаў, абмен думкамі і назіраннямі. Педагогі дзвюх краін адзначалі той унікальны вопыт, які яны павязуць у свае ўстановы па выніках фестывалю. Гасцей уразіў высокі ўзровень кампетэнцыі ведаў навучэнцаў гімназіі, які дазволіў ім правесці ўрокі на вельмі высокім узроўні.

Падчас фестывалю сваю творчасць гасцям прадставілі навучэнцы гімназіі — удзельнікі раённага мерапрыемства “Баль літаратурных герояў” з пастаноўкай “Любоў усяму гаспадыня”, гімназічны ўзорны тэатр-студыя “Прыступкі” з мюзіклам “Мама-кот”, узорны танцавальны калектыў “Весялушкі”, студыя спартыўнага бальнага танца “Яўгенія”. Расійскія калегі былі ўражаны разнастайнасцю напрамкаў эстэтычнага развіцця навучэнцаў у рамках адной установы адукацыі. Вынікам рэалізацыі сумеснага праекта навучэнцаў, бацькоў і педагогаў стаў фестываль беларускай кухні, актыўнымі ўдзельнікамі якога сталі расійскія госці.

Узаемадзеянне педагогаў дзвюх краін працягваецца. Дагаворам аб супрацоўніцтве змацаваны намеры педагогаў гімназіі і Муніцыпальнай аўтаномнай адукацыйнай установы “Школа № 172 г. Ніжні Ноўгарад”. Таксама гімназія зноў стала пляцоўкай для абмеркавання актуальных педагагічных пытанняў з адміністрацыяй Дзяржаўнай бюджэтнай агульнаадукацыйнай установы “Школа № 2010 імя Героя Савецкага Саюза М.П.Судакова” Масквы.

— Мы сёння актыўна вядзём пошук эфектыўных форм узаемадзеяння, думаем над тым, як зрабіць нашы зносіны стабільнымі, цікавымі і пазітыўнымі, а праектная дзейнасць з’яўляецца цудоўным механізмам развіцця міжнародных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, — лічыць дырэктар гімназіі В.Л.Скуратовіч.

Пачата работа па стварэнні адзінай сеткавай анлайн-суполкі педагогаў устаноў-партнёраў. Гэтае сеткавае аб’яднанне дазволіць настаўнікам, якія жывуць у розных краінах, мець зносіны адно з адным, аператыўна вырашаць прафесійныя пытанні, мець доступ да сумеснай метадычнай базы распрацовак, атрымліваць кваліфікаваныя кансультацыі, публікаваць свае матэрыялы, што ў канчатковым выніку будзе спрыяць павышэнню прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў.

Паколькі расійскім педагогам цікавы беларускі вопыт па далучэнні новых пакаленняў да гістарычнай памяці народа, нацыянальных традыцый і культуры, пачата распрацоўка сумесных праектаў у галіне грамадзянскага і патрыятычнага выхавання.

Вучнёўскае самакіраванне гімназіі № 1 Дзяржынска выступіла з прапановай да навучэнцаў расійскіх школ-партнёраў стварыць такую сеткавую суполку навучэнцаў. Запланавана правядзенне віртуальных даследчых канферэнцый, віртуальных экскурсій па сваёй малой радзіме, сумесныя акцыі і праекты, прысвечаныя розным падзеям.

Усе мерапрыемствы, якія плануюцца, прызначаны апрабаваць значны педагагічны і кіраўніцкі вопыт, ствараць умовы для падтрымкі пунктаў росту, сумеснага праектавання актуальных і запатрабаваных матэрыялаў, суправаджэння педагогаў і навучэнцаў.

Алена КУЛІКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Дзяржынска.