Адчулі сябе ратавальнікамі

Прафесія ратавальніка апошнім часам карыстаецца сярод моладзі асаблівым попытам. Вучні Даўгінаўскай сярэдняй школы Вілейскага раёна Мінскай вобласці таксама праяўляюць да яе цікавасць. З улікам запатрабаванняў дзяцей стала ўжо традыцыяй трэці год запар арганізоўваць на базе нашай установы адукацыі аздараўленчы лагер “Юны ратавальнік”, які прымае ўдзел у злёце Мінскага абласнога аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных.


Сваю работу лагер пачаў 10 чэрвеня 2017 года, але падрыхтоўчы этап ішоў поўным ходам ужо з красавіка. Пад кіраўніцтвам настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі Віталя Іванавіча Леберта дзеці рыхтаваліся да разнастайных спаборніцтваў і конкурсаў, якія праводзяцца ў абласным палявым лагеры юных ратавальнікаў Мінскай вобласці.

Усе мерапрыемствы кожнага дня лагера былі размеркаваны па наступных відах дзейнасці: пазнавальнай, творчай, гульнявой і камунікатыўнай.


Пад кіраўніцтвам В.І.Леберта дзеці наведалі пажарны аварыйна-ратавальны пункт № 13 Даўгінава, а таксама ажыццявілі экскурсію ў Вілейскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і на Вілейскую ратавальную станцыю таварыства ратавання на водах, дзе мелі магчымасць не толькі пакатацца на катары, але і патрэніравацца ў розных відах спартыўных конкурсаў, якія будуць праводзіцца ў абласным лагеры.

Цікавай была для дзяцей віктарына “Мы і наша здароўе”. Адбылася таксама і таварыская сустрэча па валейболе.


На працягу першых трох дзён ішла падрыхтоўка да ўдзелу ў спаборніцтвах і конкурсах абласнога лагера. Рыхтавалася прадстаўленне лагера, дзеці ажыццяўлялі яго мастацкае афармленне, рыхтавалі хіт бяспекі, трэніраваліся да ўдзелу ў спаборніцтвах.

13 чэрвеня наш лагер накіраваўся на Плешчаніцкае вадасховішча ў Лагойскім раёне для ўдзелу ў абласным палявым лагеры “Юны ратавальнік” і злёце Мінскага абласнога аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Пасля ўстаноўкі палатачнага лагера і яго афармлення пачаўся першы конкурс — прадстаўленне лагера. Дзеці назвалі сваё месца “Гасціннае падвор’е Вілейкі”. Па ўмовах конкурсу, неабходна было прадставіць гісторыка-культурныя каштоўнасці свайго раёна, таму кожная палатка нашага гарадка была аформлена як адно са знакамітых месцаў Вілейшчыны. Кацярына Красоўская, Яўген Гапановіч, Дзіяна Сядая, Віктар Гурновіч, Софія Пратасевіч і іншыя выхаванцы лагера расказвалі пра самыя знакавыя мясціны свайго краю: архітэктурныя і гістарычныя помнікі Вілейкі, вузел сувязі ВМФ Расіі (радыёстанцыя “Антэй”), турыстычныя комплексы, родны аграгарадок Даўгінава. Напрыканцы прадстаўлення дзеці падкрэслілі, што Вілейка і Вілейшчына — месцы еўрапейскага гучання. Тут многа свайго, адметнага, чым можна здзіўляць прыезджых. А галоўнае, тут творчыя, апантаныя сваёй справай людзі, якім вельмі важна бачыць свой край прыгожым, а землякоў — шчаслівымі.


На наступны дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё лагера. Дзеці павінны былі стаць сапраўднымі ратавальнікамі і прайсці этапы палявых вучэнняў. Ім неабходна было дабрацца ў зону здарэння, знайсці пацярпеўшых і аказаць ім першую медыцынскую дапамогу. На другім этапе ўдзельнікі вучэнняў ратавалі рыбака, у якога перавярнулася лодка. Тушэнне пажару ў лясным масіве, ліквідацыя ўцечкі хімічна небяспечнага рэчыва і пошукі пацярпеўшага ў задымленым памяшканні ў рэальнасці прадэманстравалі гатоўнасць дзяцей справіцца з экстрэмальнымі сітуацыямі. А ўвечары юных ратавальнікаў чакала святочная дыскатэка.


У трэці дзень адбыўся конкурс строю і песні, дзе дзеці прадэманстравалі сваю выпраўку і зладжанасць дзеянняў. Пасля гэтага конкурсу адбыліся спаборніцтвы па стральбе і валейболе. Вечарам Агата Шкелка разам з іскрамётнай падтанцоўкай з усіх членаў лагера дэманстравала свой хіт бяспекі, які ўсе гледачы ўспрынялі з вялікім захапленнем. Мы яшчэ раз даказалі, што наша Даўгінаўская школа заўсёды годна прадстаўляе сябе на конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Завяршыўся дзень, як і звычайна, дыскатэкай і святочным феерверкам. Дзеці разам са сваім трэнерам і настаўнікам В.І.Лебертам сустрэлі світанне, якое стала для іх сімвалам новых здзяйсненняў і жыццёвых адкрыццяў.


Па выніках спаборніцтваў наша каманда заняла 8-е месца з дваццаці трох. Гэта вельмі добры вынік. Камандзір лагера афіцыйна запрасіў нашых дзяцей прыехаць і на наступны год.

Перадапошні дзень быў прысвечаны Году навукі. Дзеці з цікавасцю ўдзельнічалі ў пазнавальнай інтэлектуальна-творчай гульні “Што? Дзе? Калі?”, атрымалі новыя веды з прэзентацыі “І вечным застанецца слова” (да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання), адказвалі на пытанні віктарыны “Са слаўнага Полацка родам”.


Работа лагера спрыяла грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Дзеці змаглі на практыцы замацаваць веды па бяспецы жыццядзейнасці. Спланаваныя мерапрыемствы садзейнічалі агульнафізічнаму развіццю падлеткаў, развіццю іх творчых і камунікатыўных здольнасцей. Але самы галоўны вынік — гэта тое, што некаторыя з удзельнікаў лагера ўжо сур’ёзна задумваюцца аб выбары сваёй будучай прафесіі. Магчыма, яны прадоўжаць добрую традыцыю выпускнікоў нашай школы і звяжуць сваё дарослае жыццё з прафесіяй ратавальніка.

Валянціна МАЛАШЭВІЧ,
дырэктар палатачнага лагера “Юны ратавальнік”,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Даўгінаўскай сярэдняй школы Вілейскага раёна Мінскай вобласці.