Ад міні–праекта да даследавання

Сярод разнастайнасці педагагічных тэхналогій, накіраваных на рэалізацыю асобасна арыентаванага падыходу ў методыцы выкладання, цікавасць уяўляе праектнае навучанне. Праектная дзейнасць выкарыстоўваецца пры навучанні англійскай мове для развіцця творчасці школьнікаў, іх пазнавальнай дзейнасці, самастойнасці. Вельмі важна таксама, што ў рабоце над праектам дзеці вучацца супрацоўнічаць, а навучанне ў супрацоўніцтве выхоўвае ўзаемадапамогу, жаданне і ўменне суперажываць.


Асноўнай мэтай выкарыстання метаду праектаў у навучанні замежнай мове з’яўляецца магчымасць эфектыўнага авалодання навучэнцамі іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыяй.

Праектная работа з’яўляецца актыўным сродкам навучання. Гэта разнавіднасць арганізаванай гульні. Навучэнцы збіраюць інфармацыю, малююць ці выразаюць карцінкі, афармляюць тэксты і сродкі нагляднасці, размалёўваюць, праводзяць інтэрв’ю і г.д.

Перш чым перайсці непасрэдна да праектнай работы, тлумачу і вучу дзяцей яе праводзіць. Абавязковым момантам з’яўляецца бацькоўскі сход з мэтай азнаямлення бацькоў са згаданым відам дзейнасці на вучэбных занятках па англійскай мове.

Свой першы творчы міні-праект навучэнцы выконваюць на першых вучэбных занятках. Гэта выраб імянных значкоў па тэме Hello.

У канцы першай чвэрці дзеці працуюць над стварэннем праекта “Англійскі буквар” з мэтай паўтарэння і замацавання ведання алфавіта.

Прадукт: кніжка пра алфавіт.

Ход праекта

Паўтарэнне літар англійскага алфавіта. Параўнанне іх з літарамі рускага алфавіта. Калектыўны пошук і абмеркаванне адказаў на пытанні настаўніка: “Як па-англійску будзе буквар? Навошта людзі вучаць алфавіт? Чым адрозніваюцца вялікія і малыя літары, іх прымяненне? Якое паходжанне алфавіта? Колькі літар у рускім і англійскім алфавітах, чаму іх не пароўну? Чаму англійскія літары падобны да рускіх па напісанні і адрозніваюцца па вымаўленні?”

Дома дзеці рыхтуюць свае буквары, падбіраюць да кожнай літары карцінкі, а ў класе прэзентуюць праведзеную работу. Таксама навучэнцам прапануецца вырабіць сваю любімую літару англійскага алфавіта. Дзеці прыносяць работы, выкананыя з салёнага цеста, паперы, пластыліну, канструктара Lego.

У трэцім класе ў праграме ёсць некалькі тэм, дзе праектная работа можа пачынацца з аднаго лістка і заканчвацца цэлай кнігай. Напрыклад, My Family, Pets, Seasons, Food. Мае навучэнцы складаюць тэматычныя праекты, калажы, малююць постары і паштоўкі. Напрыклад, трэцякласнікі з цікавасцю працуюць над праектам “Конкурс загадак” — прыдумваюць і прыгожа афармляюць загадкі пра свойскіх жывёл, малююць адгадкі да іх.

З задавальненнем дзеці выконваюць праекты, вынікам якіх становіцца складанне крыжаванкі па пэўнай тэме. Напрыклад, вывучыўшы тэму Pets, мае навучэнцы рабілі гэта з мэтай паўтарэння лексікі і развіцця арфаграфічных навыкаў.

Спачатку ў ролевай гульні “Настаўнік — вучань” мы паўтарылі словы па тэме. Потым навучэны разгадвалі крыжаванку з рабочага сшытка да падручніка. Наступным этапам было тлумачэнне настаўнікам правіл складання крыжаванкі, пасля чаго дзеці ў адпаведнасці з тэмай самастойна складалі крыжаванкі на ўроку і дома. У далейшым іх можна выкарыстоўваць як раздатачны матэрыял для замацавання ведаў навучэнцаў па актыўнай лексіцы.

Пры вывучэнні тэмы “Мой класны пакой” праводжу з дзецьмі даследчую работу. Навучэнцы малююць план свайго кабінета і падпісваюць кожны прадмет, які знаходзіцца ў іх класе. Пры ацэнцы гатовага праекта неабходна звяртаць увагу не толькі на правільнае ўжыванне мовы. Важным стымулам для развіцця асобы навучэнца з’яўляецца ступень яго творчасці і арыгінальнасці пры выкананні праекта. Спачатку трэба праверыць чарнавік — так можна паказаць памылкі, не выпраўляючы ўжо гатовую работу. Калі ёсць памылкі ў канчатковым варыянце праекта, я выпраўляю іх алоўкам ці запісваю іх на асобным аркушы паперы. Навучэнцы самі вырашаюць, ці хочуць яны выпраўляць канчатковы варыянт работы.

З задавальненнем дзеці ўключаюцца і ў гульнявыя ролевыя праекты: інсцэніроўка казак і песень.

У мінулым навучальным годзе навучэнцы чацвёртых класаў працавалі над праектам “Падарожжа ў казку”, вынікам якога стала пастаноўка спектакля па англійскай казцы The Little Red Hen. На падрыхтоўчым этапе мы з дзецьмі пабывалі на паказе ў тэатры ў нашым горадзе. Мае выхаванцы ўбачылі памяшканне тэатра, азнаёміліся з работай персаналу, абмеркавалі ігру акцёраў, дэкарацыі, касцюмы.

На другім этапе навучэнцы аб’ядналіся ў групы па інтарэсах. Адны адказвалі за мастацкае афармленне спектакля (дэкарацыі, афішы, запрашальныя білеты), другія дапамагалі з касцюмамі, трэція развучвалі ролі.
Наступны этап прадугледжваў сумесную творчую дзейнасць дзяцей і дарослых.

Чацвёртым этапам стала прэзентацыя праекта — паказ спектакля на свяце “Развітанне з пачатковай школай”, якое штогод праводзіцца ў нашай установе ў канцы мая.

На працягу ўсіх этапаў я каардынавала работу груп, дапамагала ім, стараючыся стварыць умовы для творчасці дзяцей і стымуляваць іх пазнавальную актыўнасць.

У мінулым навучальным годзе навучэнка 4 “А” класа прадставіла на школьнай канферэнцыі даследчы праект “Мая школа лепшая ў свеце”. Ён уключаў работу з літаратурнымі і інтэрнэт-крыніцамі, класіфікацыю сабранага матэрыялу, аналіз і абагульненне матэрыялу па падтэмах (“Гісторыя ДУА “Сярэдняя школа № 14 Маладзечна”, “Настаўнікі”, “Наша школа сёння”, “Школьнае жыццё”), якасны і колькасны аналіз дыягностыкі, якая праводзіцца, лагічнае паведамленне інфармацыі і высноў, правільнае афармленне вынікаў даследавання. Матэрыял гэтага даследчага праекта можна прымяняць на ўроках англійскай мовы, гісторыі, падчас правядзення класных гадзін, наведвання школы дэлегацыямі. Было прапанавана змясціць гэтую работу на школьны сайт.

Кожны праект — гэта творчасць, частка душы дзіцяці. Навучэнцы пішуць і расказваюць пра ўласнае жыццё, свае захапленні, праводзяць свае пошукі і даследаванні па блізкіх для іх тэмах. Падрыхтоўка і абарона адбываюцца на завяршальным этапе работы над тэмай. Гэта ўжо творчы ўзровень, якому папярэднічае вялікая карпатлівая работа па замацаванні і актывізацыі моўнага матэрыялу.

Метад праектаў — адзін з інтэрактыўных метадаў сучаснага навучання. Яго прымяненне павышае цікаваць дзяцей да навучання ў цэлым і да вывучэння замежнай мовы ў прыватнасці шляхам развіцця ўнутранай матывацыі пры дапамозе пераносу цэнтра навучання з настаўніка на вучня. А пазітыўная матывацыя — гэта ключ да паспяховага вывучэння замежнай мовы.

Як часта вы чуеце пытанне: “Навошта мы гэта вывучаем?” Адкажыце на яго, прапанаваўшы папрацаваць над праектам.

Наталля ПРУДНІКАВА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 14 Маладзечна.