Абмен вопытам на перспектыву

У чэрвені адбылося выязное пасяджэнне клуба кіраўнікоў устаноў адукацыі Мінска “Дыялог”. Яно прайшло ў Раменскім Маскоўскай вобласці па тэме “Прафесійныя супольнасці: формула поспеху і сакрэты кіраўніцкага майстэрства”.

У ходзе пасяджэння быў праведзены круглы стол з аднайменнай назвай, удзельнікі якога гаварылі пра Раменскі дом настаўніка як рэсурсны цэнтр развіцця муніцыпальнай сістэмы адукацыі, ролю прафесійных супольнасцей у развіцці прафесійных кампетэнцый педагогаў і кіраўнікоў, атэстацыю педагагічных і кіруючых кадраў (вопыт і перспектывы), ролю кіраўнікоў саветаў школы ў павышэнні якасці адукацыі, стварэнне бяспечных умоў знаходжання ва ўстановах адукацыі.

Кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі Мінска наведалі дзіцячыя сады №№ 4, 42 у Раменскім, прагімназію № 48 у сяле Рэчыца, цэнтр развіцця дзіцяці — дзіцячы сад № 28, дзіцячы сад агульнаразвіццёвага напрамку № 34, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю розных відаў устаноў дашкольнай адукацыі, з арганізацыяй дадатковых адукацыйных паслуг, арганізацыяй адукацыйнага працэсу, правядзеннем масавых святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня абароны дзяцей.

Кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пазнаёміліся з вопытам работы Рэчыцкай сярэдняй школы, сярэдняй школы № 19 Раменскага, Гжэльскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школай з паглыбленым вывучэннем прадметаў мастацка-эстэтычнага цыкла. Акрамя таго, кіраўнікі ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі наведалі гімназію ў Раменскім, нова-харытонаўскую сярэднюю школу № 10.

Падчас наведванняў агульнаадукацыйных устаноў Раменскага раёна былі разгледжаны пытанні арганізацыі дадатковай адукацыі, дзейнасці рэсурсных цэнтраў, арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння і сацыяльнага партнёрства і інш. Наведваючы Рэчыцкую сярэднюю школу, педагогі прынялі ўдзел у майстар-класах “Танцуем разам”, “Гжэльскі роспіс”, “Ганчарнае мастацтва”, якія праводзілі навучэнцы і выкладчыкі школы.

Цікавай стала сустрэча з педагагічным калектывам Рэсурснага навукова-метадычнага цэнтра бесперапыннай адукацыі адукацыйнага цэнтра “Вараб’ёвы горы”, дзе абмяркоўвалася развіццё сістэмы сеткавага рэсурснага ўзаемадзеяння і сацыяльнага партнёрства. Падчас працы над пытаннем развіцця сеткавага ўзаемадзеяння з аб’ектамі сацыякультурнай сферы кіраўнікі ўстаноў адукацыі Мінска наведалі краязнаўчы музей у Раменскім.

Размова аб узаемадзеянні адукацыйных устаноў з прамысловымі прадпрыемствамі, аб падрыхтоўцы спецыялістаў для прамысловасці Раменскага раёна адбылася на базе вытворчага аб’яднання “Гжэль” і ў музеі Гжэльскага промыслу. І, вядома, незабыўнымі сталі наведванне ВДНГ, Краснай плошчы, Паклоннай гары, магілы Невядомага салдата ў Аляксандраўскім садзе каля Крамлёўскай сцяны.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.
Фота з сайта МГІРА.