Мельніцкі музейшчык

Больш за 50 гадоў выдатнік асветы БССР настаўнік-метадыст П.І.Ківачук сеяў разумнае, добрае, вечнае ва ўстановах адукацыі Маларытчыны. Педагагічны шлях Пятра Іванавіча цесна звязаны з Мельніцкай базавай школай, дзе ярка раскрыўся яго талент як выдатнага настаўніка, дарадцы, сябра вучняў і надзейнага калегі.

П.І.Ківачук вядомы ў раёне як арганізатар і стваральнік гісторыка-краязнаўчага музея школы, якім кіраваў 36 гадоў. За гэты час музей наведала больш за 8 тысяч чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі і былога СССР.

Музей адкрыўся ў маі 1980 года. У гэты дзень на базе школы прайшоў злёт партызанскіх атрадаў імя Г.К.Жукава і К.Я.Варашылава. І пазней музей станавіўся месцам сустрэчы ўдзельнікаў вайны. Сёння тут таксама ладзяцца сустрэчы вучняў з ветэранамі.


— У ваколіцах нашай вёскі 25 чэрвеня 1941 года воіны 75-й стралковай дывізіі знішчылі больш за 300 гітлераўцаў, — расказвае П.І.Ківачук. — У адказ немцы пачалі страляць у мірнае насельніцтва. Матэрыялу для стварэння музея было дастаткова. Пошукавая работа была накіравана на ўвекавечанне ваенных падзей і іх непасрэдных удзельнікаў. Хацелася, каб моладзь ведала імёны і прозвішчы тых, хто для іх заваяваў мірнае і чыстае неба над галавой. На збор матэрыялу, яго вывучэнне і сістэматызацыю было затрачана амаль 10 гадоў. Неабходную інфармацыю шукалі ў архівах, запісвалі са слоў жывых сведак. Значную дапамогу ў стварэнні экспазіцыі бою каля вёсак Мельнікі і Хаціслаў аказалі яго ўдзельнікі з 75-й стралковай дывізіі. Шмат звестак пра партызанскі рух паведамілі кіраўнікі атрада імя К.Я.Варашылава.

Сёння ў школьным музеі 7 экспазіцый: “Гісторыя ўзнікнення вёскі і яе развіццё да 1941 года”, “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і бой каля вёсак Мельнікі і Хаціслаў 25 чэрвеня 1941 года”, “Партызанскі рух у Маларыцкім раёне і ўдзел у ім жыхароў вёсак Мельнікі і Хаціслаў”, “Аперацыя савецкай разведкі 14 мая 1944 года па выратаванні і адпраўцы ў Маскву польскай дэлегацыі на сустрэчу са Сталіным”, “Нашы аднавяскоўцы — удзельнікі вызвалення Еўропы ад фашызму”, “Трагедыя партызанскіх сем’яў” і “Гісторыя Мельніцкай школы: 1884—2016 гады”. Зразумела, што асноўнае месца ў музеі займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Цікавасць да яе падзей з цягам часу не змяншаецца. Пра гэта сведчаць шматлікія экскурсіі, якія праводзіць П.І.Ківачук. Важнай часткай дзейнасці школьнага музея з’яўляецца пошукавая работа па выяўленні воінскіх пахаванняў.

Педагагічны шлях П.І.Ківачук пачынаў настаўнікам фізічнай культуры ў Арэхаўскай сярэдняй школе. Паралельна вучыўся на гістарычным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Затым працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Хаціслаўскай сярэдняй школе. У 1969 годзе стаў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў Мельніцкай базавай школе, дзе працаваў да 2016 года.

Для многіх пакаленняў мельніцкіх вучняў школьныя ўрокі П.І.Ківачука сталі ўрокамі мужнасці і патрыятызму. Многія выхаванцы педагога выбралі ваенныя прафесіі, сталі настаўнікамі гісторыі.

П.І.Ківачук актыўна супрацоўнічаў з Маларыцкім райваенкаматам, дапамагаў устанавіць месцы пахаванняў байцоў. За плённую шматгадовую працу педагог неаднаразова адзначаўся рознымі ўзнагародамі: ганаровымі граматамі ЦК УЛКСМ, Міністэрства асветы БССР, медалямі. П.І.Ківачук захоўвае бронзавы медаль пад № 1 “Лепшаму прапагандысту”, які ў 1979 годзе яму ўручыў П.М.Машэраў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.