“МедыяІдэя на 10” у 10–й гродзенскай гімназіі

XXI стагоддзе характарызуецца асаблівым стаўленнем да інфармацыі і прад’яўляе свае патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу. І выкладчыкі, і навучэнцы, і бацькі, паглыбляючыся ў медыясферу, аказваюцца адзін на адзін з інфармацыйнымі пагрозамі. Школьнікі большую частку вольнага часу праводзяць у сацыяльных сетках, што ператварае іх жыццё ў калейдаскоп, не даючы ім магчымасці ацэньваць інфармацыю. Як навучыць нашых дзяцей бачыць галоўнае і карыснае, дарэчна выкарыстоўваць матэрыялы электронных СМІ, супрацьстаяць інтэрнэт-пагрозам? У гімназіі № 10 Гродна знайшлі аптымальнае рашэнне — стварылі медыяцэнтр.

Медыяцэнтр “МедыяІдэя на 10” дзейнічае з 2018 года ў цесным супрацоўніцтве з кафедрай журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. Гэта дазваляе якасна ажыццяўляць падрыхтоўку па профільнай журналісцкай адукацыі і дае навучэнцам магчымасць асвойваць новыя галіны ведаў.

Медыяцэнтр стаў крэатыўнай пляцоўкай развіцця не толькі творчых здольнасцей навучэнцаў, але і масавай медыяпісьменнасці. У медыяцэнтры праводзяцца сустрэчы, майстар-класы з практыкуючымі журналістамі, трэнінгі па падрыхтоўцы інфармацыйных матэрыялаў. У перыяд канікул на яго базе працуе медыяатрад, навучэнцы якога становяцца ўдзельнікамі школы медыяпісьменнасці “МедыяГід” (у ГрДУ імя Янкі Купалы).

Гімназісты актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных (напрыклад, “Нашчадкі Перамогі”, дзе відэаэсэ юных журналістаў былі адзначаны дыпломамі II і III ступеней), рэспубліканскіх і абласных конкурсах і фестывалях (у кастрычніку 2020 года камунікацыйны праект медыяцэнтра “Сям’я, у якой чытае кожны і нават КОТ” быў адзначаны дыпломам III ступені на рэспубліканскім маладзёжным фестывалі-конкурсе “Медыясфера-2020”), наведваюць міжнародную школу журналістыкі “Майстэрня BY/RU”, работа якой арганізавана па ініцыятыве Беларускага саюза журналістаў і грамад­скай арганізацыі “Друзья-Сябры” на базе кафедры журналістыкі.

Навучэнцы актыўна ўключыліся ў працэс выдання газеты, значна павысіўся якасны ўзровень прадстаўлення матэрыялаў у гімназічнай газеце Paragraph 10.

Работа медыяцэнтра вядзецца па некалькіх напрамках: вучэбны (правя­дзенне факультатыўных заняткаў выкладчыкамі кафедры і супрацоўнікамі УППА “Студэнцкі медыяцэнтр” на базе гімназіі № 10 Гродна для вучняў, зацікаўленых у атрыманні журналісцкіх прафесій); навуковы; праектны (падрыхтоўка вучнёўскіх медыяпраектаў пры кансультацыйнай і тэхнічнай падтрымцы супрацоўнікаў “Студэнцкага медыяцэнтра”); выхаваўчы і прафарыентацыйны (фарміраванне зацікаўленасці вучняў у журналісцкіх прафесіях, развіццё адказных паводзін у медыяпрасторы).

Такая дзейнасць развівае медыяпісьменнасць школьнікаў, спрыяе фарміраванню неабходных кампетэнцый вучняў, выхаванню актыўных грамадзян, здольных арыентавацца ў сусветных працэсах. Менавіта таму ў 2020/2021 навучальным годзе гімназія ўключылася ў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на этапе першаснага прафесійнага выбару і праектавання паспяховай кар’еры”.

Праводзяцца на базе медыяцэнтра і медыяўрокі, асноўнай мэтай якіх з’яўляецца плаўны пераход ад вучэбных заняткаў да медыямайстэрняў. Адміністрацыя гімназіі стварае ўмовы для ажыццяўлення ўсіх творчых задум.

Дзейнасць медыяцэнтра накіравана на развіццё камунікатыўных уменняў і навыкаў вучняў, што спрыяе фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі, якая дазваляе свабодна ажыццяўляць маўленчую дзейнасць у адпаведнасці з мэтамі і сітуацыяй зносін у рамках той ці іншай сферы дзейнасці. Падобныя ўменні і навыкі з’яўляюцца вельмі запатрабаванымі сёння.

У медыяцэнтры займаюцца навучэнцы  5—11 класаў. Яны працуюць па спецыяльным плане, які захоўвае цесную сувязь з вучэбнымі заняткамі, наведваюць майстар-класы вядучых выкладчыкаў кафедры журналістыкі, падчас якіх знаёмяцца з асновамі самай цікавай і дзіўнай прафесіі. Школьнікі становяцца частымі гасцямі на тэлеканале “Гродна +”, дзе спрабуюць сябе ў якасці тэле- і радыёвядучых, а таксама даведваюцца мноства прафесійных сакрэтаў, якія з поспехам выкарыстоўваюць пры здымках відэаролікаў.

Вучні наведваюць рэдакцыі газет “Гродзенскі ўніверсітэт” і “Гродзенская праўда”, на экскурсіях не толькі знаёмяцца з гісторыяй друкаваных СМІ, але і становяцца стваральнікамі ўласных газет. А заняткі ў радыёстудыі “Inter’Актив” (у ГрДУ імя Янкі Купалы) нікога не пакі­даюць абыякавымі.

Работа медыяцэнтра актыўна прадстаўлена ў сацыяльных сетках.

А зараз спытаем у саміх вучняў іх меркаванне аб занятках у медыяцэнтры.

Настасся Алфёрава, вучаніца 8 “Б” класа:

— Я была вельмі рада магчымасці трапіць у медыяцэнтр, у гэтым навучальным годзе я адказваю за выданне гімназічнай газеты, сумесна з удзельнікамі прадумваем змест кожнага нумара. Працаваць у камандзе вельмі цікава, мы даведваемся шмат новага ў галіне журналістыкі, а таксама ўдасканальваем свае навыкі рытарычнага майстэрства. На занятках я паспрабавала  сябе ў ролі тэлевядучай, рэдактара, карэспандэнта, мадэлі і г.д. Удзел у прэс-канферэнцыях у форме дзелавой гульні, стварэнне ўласных відэаролікаў, сацыяльных рэклам і візітак, сустрэчы з прафесійнымі фатографамі і дызайнерамі, наведванне рэдакцый і тэлеканалаў — усё гэта спрыяе нашаму ўсебаковаму развіццю, а таксама робіць жыццё больш цікавым дзякуючы атрыманню ведаў, якія потым перарастуць у вопыт. Да таго ж за 3 гады работы наш калектыў стаў яшчэ больш згуртаваным.

Алена Аляеўская, Паліна Каладзейская і Кіра Караваева, вучаніцы 7-х класаў:

— У медыяцэнтры мы вучымся асновам медыякультуры: часта выконваем спецыяльныя заданні, выпускаем газеты, ходзім у студэнцкі медыяцэнтр, бяром інтэрв’ю, вучымся фатаграфаваць, наведваем рэдакцыі газет. Незвычайным і цікавым стаў паход у рэдакцыю “Гродзенскай праўды”.

Лізавета Жэгала, Паліна Фронская, Валерыя Сяднёва, вучаніцы 8 “Б” класа:

— У нашым медыяцэнтры мы праводзім дзелавыя гульні, якія нам вельмі падабаюцца. Мы рады, што зможам шмат чаму тут навучыцца, бо сваю будучыню хочам звязаць з журналістыкай. Мы паспелі зняць і дэтэктыўнае расследаванне, і скетчы, і сацыяльную рэкламу, і нават уласную візітку. Таксама спрабавалі сябе ў розных сферах журналістыкі, што было вельмі цікава. Мы нават выпускалі ўласныя газеты, удзельнічалі ў некалькіх фотасесіях. Выдатны праект І.У.Гальвінай натхняе нас.

Настасся Фурсенка, вучаніца 8 “Б” класа:

— Медыяцэнтр — гэта вельмі цікава! Мы ствараем уласную непаўторную канцэпцыю. Наша група стварае газеты, ходзіць на экскурсіі, здымае відэа… Аналізуючы праведзеную работу, мне хочацца сказаць дзякуй усім удзельнікам нашага медыяцэнтра, а таксама любімай настаўніцы. Здзівіў музей рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”, там мы даведаліся, як раней ствараліся і друкаваліся газеты не толькі ў Гродне, але і ў свеце. А на канале “Гродна +” мы пазнаёміліся з сакрэтамі відэаздымкі і пабывалі ў ролі вядучых.

Ірына ГАЛЬВІНА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры, кіраўнік медыяцэнтра  гімназіі № 10 Гродна.