Не сакрэт, што вельмі цяжка фарміраваць эстэтычныя ідэалы, мастацкі густ, калі чалавечая асоба ўжо склалася. Каб дарослы чалавек быў духоўна багатым, трэба звярнуць увагу на яго эстэтычнае выхаванне яшчэ ў дашкольным і малодшым школьным узросце.
Сутнасныя маральна-эстэтычныя якасці асобы закладваюцца ў раннім перыядзе дзяцінства і захоўваюцца ў больш ці менш нязменным выглядзе на ўсё жыццё. Эстэтычнае выхаванне і адукацыя не толькі адкрываюць душу маленькага чалавечка насустрач гукам, фарбам, формам свету, але і ў цэлым спрыяюць больш поўнаму, больш глыбокаму разуменню свету і больш гарманічнаму, усебаковаму раскрыццю. Менавіта гэта і з’яўляецца адной з задач нашага педагагічнага калектыву Гродзенскага раённага СПЦ. Эстэтычны густ, а значыць і прыгажосць выхоўваюць педагогі на занятках па інтарэсах. Прыгожыя і незвычайныя работы: сувеніры, паштоўкі, вырабы з розных матэрыялаў, малюнкі ў рознай тэхніцы выканання атрымліваюцца ў дзяўчынак і хлопчыкаў. На прагулках і экалагічных мерапрыемствах выхаванцы вучацца бачыць прыгажосць у прыродзе: калi распускаюцца пяшчотна-зялёныя лісцікі вясной і потым, ярка-чырвоныя, жоўтыя, карычневыя восенню; захады сонца; непрадказальныя павароты бягучага ручайка; лунанне птушак у небе…
З прыходам вясны і да глыбокай восені ідзе работа па акультурванні тэрыторыі, якая прылягае да прытулку. А якія святы праходзяць у нас у цэнтры!
Але не толькі з дапамогай заняткаў па інтарэсах, экалагічных прагулак, ранішнікаў, на якіх фарміруецца патрэба дзетак у творчасці і творчым самавыяўленні праводзіцца эстэтычнае выхаванне, а і ў атмасферы, якая іх акружае: гэта з густам абстаўленыя групавыя і спальныя пакоі; пакой псіхалагічнай рэабілітацыі; актавая зала.
Ганна ПЕРАЛОМЕЦ,
выхавальнiк Гродзенскага раённага сацыяльна-педагагiчнага цэнтра.