Маленькія “праграмісты”

Выхаванцы і педагогі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Казка” Любані актыўна ўдзельнічаюць у абласным педагагічным праекце “Развіццё інтэлектуальных здольнасцей дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту сродкамі алгарытмікі”.


Кожны педагагічны работнік, які ўдзельнічае ў праекце, прайшоў навучанне на анлайн-курсах “Праграмаванне — другая пісьменнасць” і атрымаў сертыфікат цьютара, які мае права праводзіць заняткі па праграме “Інфарматыка без разеткі”. Акрамя таго, каб больш якасна арганізоўваць дзейнасць па тэмах названай праграмы, выхавальнікі ўдзельнічалі ў тэматычных youtube-стрымах “100+1 пытанне”.
Для арганізацыі адукацыйнага працэсу па праграме “Інфарматыка без разеткі” ва ўстанове дашкольнай адукацыі маецца неабходнае развіццёвае асяроддзе: гэта і дыдактычныя гульні, і неабходныя метадычныя распрацоўкі, карткі з выявамі розных аб’ектаў, наглядны матэрыял для дэманстрацыі, і падлогавае палатно.
На занятках з выхаванцамі педагогі выкарыстоўваюць розныя формы навучання, але найбольш ім падабаецца работа ў парах, а для падтрымання зацікаўленасці выхаванцаў яны спалучаюць разнастайныя метады і прыёмы. Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца гульнявыя віды дзейнасці.
У адпаведнасці з тэмамі праграмы “Інфарматыка без разеткі”, выхавальнікі выкарыстоўваюць дыдактычныя гульні, якія развіваюць у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту алгарытмічнае мысленне і логіку.
У пачатку года дзеці старшых груп прайшлі пасвячэнне ў “Маленькія інфарматыкі” з уручэннем фірменных маек, наклеек і карт самаацэнкі.
Выхаванцам вельмі падабаецца займацца ў гульнявой форме, бо яны вельмі любяць усё новае, цікавае і незвычайнае. На кожных занятках кот Алесік, якога дапамаглі зрабіць бацькі, сустракае дзяцей, стварае гульнявыя і праблемныя сітуацыі.
Каб далучыць выхаванцаў да засваення новых ведаў, педагогі, акрамя наяўных гульняў, распрацавалі комплекс дыдактычных: “Гульні-алгарытмы “Падарожжа Успыша”, лагічныя задачы, “Хто жыве ў норцы, хто жыве ў дупле”, “Раскадзіруй словы”, якія дапамагаюць сфарміраваць у  выхаванцаў уменне дзейнічаць па зададзеным алгарытме, рашаць лагічныя задачы, кадзіраваць і дэкадзіраваць простую інфармацыю, актуалізаваць веды аб процілеглых прыметах прадметаў і падбіраць прадметы з процілеглымі прыметамі.

Дыдактычная гульня “Падарожжа Успыша”

Мэта: са­дзейнічаць раз­віццю лагічнага мыслення праз пабудову алгарытма дзеяння.

Для гульні спатрэбяцца: картка гульнявога поля, пяць картак-заданняў, карткі-стрэлкі, цацка-машынка Успыша.

Педагог разам з дзецьмі разглядвае гульнявое поле і акцэнтуе іх увагу на тым, што Успыш не можа праехаць па дарозе, дзе ідзе рамонт, таму яму патрэбна аб’ехаць клетачку з выявай рамонту дарогі.

Далей выхавальнік прапануе дзецям карткі са схемай руху па гульнявым полі. Дзеці пракладваюць свой шлях стрэлкамі.

Заданні могуць вар’іравацца па жаданні.

Лагічныя задачы

Гэтыя практыкаванні развіваюць лагічнае мысленне, уменне думаць, улаўліваць сувязь паміж паняццямі.

Для гульні патрэбны дзве карткі, на якіх намаляваны персанажы і атрыбуты згодна з умовай кожнай задачы, маркер.

Дзіця бярэ картку, выхавальнік чытае яму заданне. Далей дзіця разглядае картку і выконвае заданне.

Дыдактычная гульня “Хто жыве ў норцы, хто жыве ў дупле”

Мэта: сфарміраваць уменне размяшчаць аб’екты, выкарыстоўваючы лагічнае адмаўленне з часціцай “не”.

Для гульні спатрэбяцца гульнявое поле з забараняльнымі знакамі (6 штук), карткі з выявамі жывёл, птушак, насякомых.

Выхавальнік прапануе дзіцяці гульнявое поле і набор картак. Далей выхаванцу трэба выбраць карткі, якія адпавядаюць забараняльнаму знаку (напрыклад, “не жывёлы, а птушкі і насякомыя”).

Дыдактычная гульня “Раскадзіруй словы”

Мэта: сфарміраваць уменне дэкадзіраваць простую інфармацыю пры зададзеных правілах.

Для гульні патрэбны карткі з выявай кода (2 штукі), карткі з выявай ключа ад кода (2 штукі), карткі з выявамі літар (14 штук).

Выхавальнік прапануе дзіцяці картку з выявай кода, картку з выявай ключа, а таксама набор картак з выявамі літар. Далей дзіцяці неабходна падабраць ключ і дэкадзіра­ваць слова.

Педагогі дашкольнай установы ўпэўнены, што простыя, даступныя дзіцячаму ўспрыманню заняткі ў гульнявой форме на развіццё алгарытмічнага мыслення і выкарыстанне дыдактычных гульняў ста­нуць добрай асновай для далейшага асваення камп’ютарнай граматы. У дзяцей сфарміруецца інтэлектуальная гатоўнасць да навучання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Людміла ШАБУРА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Казка” Любані.