Маленькія дызайнеры

У сістэме дашкольнай адукацыі сёння актыўна звяртаецца ўвага на новы напрамак эстэтычнага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту — дзіцячы дызайн. Навучанне малышоў элементам дызайну з’яўляецца важнай умовай развіцця дзіцячай творчасці, бо вельмі часта на занятках мастацкай дзейнасцю прапаноўваюцца гатовыя формы, шаблоны. Але калі дарослы пастаянна дае “правільны ўзор” малюнка або дзеяння, дзіця фантазіруе ўсё менш і менш. Дызайн-дзейнасць спрыяе развіццю творчых і канструктыўных здольнасцей, мастацкага густу, уяўлення. Чым раней мы пачнём далучаць дзіця да творчай дзейнасці, тым больш высокіх вынікаў даб’ёмся ў яго эстэтычным развіцці.

Разнастайнасць створаных дызайнерамі аб’ектаў прадметнага свету выклікае ў выхаванцаў жывую цікавасць, жаданне ствараць прывабныя вырабы сваімі рукамі. Задача дарослых — стварыць умовы для самастойнага эксперыментавання з мастацкімі тэхнікамі, сродкамі выразнасці, матэрыяламі. Таму ў сярэдняй і старшай групах ясляў-сада № 2 Круглага аформлены куткі дзіцячай творчасці, у якіх сабраны неабходны матэрыял для арганізацыі заняткаў па дызайне. Гэта розныя віды паперы і кардону, пластылін, тканіны, ніткі, прыродны і непрыдатны матэрыял, канструктар Lego і інш. Напаўненне кутка ажыццяўляецца разам з дзецьмі і іх бацькамі. Магчымасць сумеснага ўдзелу дарослага і дзіцяці ў агульнай справе аб’ядноўвае іх, павышае самаацэнку дзіцяці, падахвочвае да актыўнага ўдзелу ў прадукцыйнай дзейнасці па стварэнні аб’ектаў дызайну.

З мэтай развіцця пазітыўнага стаўлення да заняткаў дызайнам і фарміравання ўяўленняў аб відах і функцыях дызайну мы арганізоўваем для дзяцей віртуальныя выставы, музеі, экскурсіі па гарадах, дзе паказваем своеасаблівасць афармлення вітрын і рэкламы, інтэр’ераў і плошчаў, знаёмім з асаблівасцямі дзейнасці мастакоў-дызайнераў. Для падтрымання цікавасці да дзіцячага дызайну выхавальнікі дашкольнай адукацыі выкарыстоўваюць дыдактычныя гульні, гульні-ўкладышы, гульні-падарожжы. Напрыклад, такія як “Вясёлы лапік”, “Афарміцель вітрын”, “Адзенне для Машы”, “Інтэр’ер лялечнага доміка”, “У гасцях у мадэльера Іголкіна”, “Падарункі для Цукерачнай Каралевы”, “Падарожжа ў краіну свят”,  “Маленькі мадэльер”.

У кутку творчасці дзеці з задавальненнем займаюцца дызайнам, выкарыстоўваючы даступныя віды выяўленчай дзейнасці (маляванне, лепка, аплікацыя) і мастацкага канструявання. Пад кіраўніцтвам выхавальніка малышы прыдумляюць розныя аксесуары і сувеніры, мадэлююць вопратку для лялек, майструюць цацкі і тэхніку, упрыгожваюць дэкаратыўнымі прадметамі групу да свят. Ёсць у дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзрос-ту і свае традыцыі. Выхаванцы з задавальненнем віншуюць адно аднаго з днём нараджэння, а бацькоў — са святамі і дораць паштоўкі, а таксама падарункі, самастойна прыдуманыя і выкананыя. Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем дэманструюць свае вырабы, якія маюць практычнае пры-значэнне, на конкурсах і выставах дзіцячай мастацкай творчасці “Маленькі дызайнер” і “Юныя тэхнікі”.

Работа па выкарыстанні дзіцячага дызайну ў адукацыйным працэсе праводзіцца і з педагогамі. На адкрытых занятках, семінарах-практыкумах, круглых сталах педагогі не толькі атрымліваюць і сістэматызуюць веды аб відах дзіцячага дызайну, асаблівасцях форм і метадаў работы з дашкольнікамі ў гэтым напрамку, але і дзеляцца сваімі творчымі напрацоўкамі, эксперыментуюць з рознымі мастацкімі матэрыяламі і тэхнікамі.

Дызайн-творчасць захапіла ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Спадзяёмся, што нашы маленькія дызайнеры ў будучыні створаць сапраўдныя шэдэўры дызайнерскага мастацтва.

Галіна АТРАШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Круглага.