Маленькі цэнтр — вялікія магчымасці

Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі мае ў сваёй структуры тры ўстановы адукацыі, якія арганізоўваюць работу з вучнямі па месцы жыхарства. Адна з іх — цэнтр па месцы жыхарства Скідзеля. Педагогі дадатковай адукацыі гэтага цэнтра арганізавалі аб’яднанні па інтарэсах мастацка-эстэтычнага, тэхнічнага, тэатральнага, спартыўнага кірункаў. Але лідзіруючыя пазіцыі па колькасці навучэнцаў у аб’яднаннях займае робататэхніка. Колькасць жадаючых займацца ёй з кожным годам толькі павялічваецца, узрастае цікавасць і з боку бацькоў.

А пачалося ўсё ў 2017 годзе, калі асацыяцыя па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій “Адукацыя для будучыні” арганізавала на бясплатнай аснове навучанне педагогаў, якія хочуць у далейшым выкладаць робататэхніку ў Гро­дзенскім раёне, і спансіравала пяць набораў LegoWedo 2.0, дзякуючы якім удалося арганізаваць заняткі па робататэхніцы для 60 навучэнцаў 1—4 класаў Скідзеля.

Павышаную цікавасць да новага кірунку вызначылі і першыя перамогі. Ужо ў лютым 2018 года навучэнцы занялі прызавыя месцы ў I Абласным турніры па робататэхніцы, у 2019 годзе таксама не засталіся без медалёў. У верасні 2019 года Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі набыў наборы LegoMindstorm EV3, што дазволіла арганізаваць работу аб’яднанняў па робататэхніцы для навучэнцаў сярэдняга ўзросту. А значыць, школьнікі, якія скончылі навучанне на пачатковым этапе, атрымалі магчымасць працягваць займацца любімай справай. Работа педагогаў з дзецьмі будуецца ў цесным кантакце з бацькамі: праводзяцца сумесныя заняткі, бацькі з задавальненнем спаборнічаюць з дзецьмі.

Не застаюцца без увагі і навучэнцы старэйшага ўзросту. Для іх арганізаваны такія аб’яднанні, як “Трохмернае асяроддзе праграмавання”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Праграмаванне на мове Scratch”. Навучэнцы гэтых аб’яднанняў — актыўныя ўдзельнікі і прызёры абласных, рэспубліканскіх конкурсаў “Відэапанарама 360о”, “Патрыёт.by”, “Тэхнаінтэлект”, JuniorSkills (кампетэнцыя “Мультымедыйная журналістыка”).

У планах цэнтра — укараненне інтэрактыўных метадаў з дапамогай дыстанцыйнага навучання для школьнікаў Гродзенскага раёна.

Наталля ПЕТРАСЯН,
метадыст Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.