Маленькая пчала вялікую карысць прыносіць

Каб стаць пчаляром, трэба грунтоўна ведаць жыццё пчол. Гэта першая і вельмі важная ўмова. Але, аказваецца, адных агульных ведаў недастаткова. Неабходна яшчэ ўмець працаваць на пчальніку. Невыпадкова кажуць: добры пчаляр найперш добры практык. Пчалярства не такая простая справа, як можа здацца на першы погляд. Асвоіць яго за 2—3 дні яшчэ нікому не ўдавалася. У Роска-Сялецкай сярэдняй школе Аршанскага раёна з 1 верасня 2019 года ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” пачалася рэалізацыя адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў 10 класа па прафесіі пчаляр. Двое нашых сёлетніх выпускнікоў, Мікіта Вуткароў і Цімафей Хаміцкі, паспяхова прайшлі падрыхтоўку і па выніках кваліфікацыйнага экзамену атрымалі пасведчанні аб прысваенні ІІІ кваліфікацыйнага разраду “Пчаляр”.

Урокі пчалярства праводзіць настаўнік працоўнага навучання пчаляр-аматар з 20-гадовым стажам Віктар Мілер. Школа мае свой невялікі вучэбны пчальнік, які складаецца з 5 вулляў і адной калоды-борці. Праграма па пчалярстве разлічана на два гады. У мінулым навучальным годзе, акрамя тэорыі, былі прадугледжаны гадзіны вучэбнай практыкі. Выбіраючы засваенне нашымі навучэнцамі прафесіі пчаляр, адміністрацыя паставіла перад сабой наступныя задачы: 

• арыентаваць на цікавую і карысную прафесію, даць неабходны мінімум ведаў, уменняў і навыкаў, неабходны для работы памочнікам “Пчаляра”; 

• фарміраваць тэарэтычныя і практычныя навыкі прафесійнага арыентавання і паспяховага працаўладкавання ў выпускнікоў школы; 

•  стымуляваць сельскую моладзь да прадпрымальніцкай дзейнасці ў інавацыйнай сферы, садзейнічаць павышэнню яе прадпрымальніцкай культуры; 

• забяспечыць практычнай накіраванасцю выкладанне прыродазнаўчых дысцыплін, прывіваць школьнікам навыкі доследнай, даследчай дзейнасці.

Навучанне асновам пчалярства раскрывае даволі шырокія магчымасці для рэалізацыі міжпрадметных сувязей з мэтай ажыццяўлення кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыі. У тэматычным планаванні Віктар Уладзіміравіч вылучыў тэмы па напрамку пчалярства.

Напрамкі дзейнасціМіжпрадметныя сувязі
1. Выраб чарцяжоў вулляў, рамак і г.д.Чарчэнне, матэматыка
2. Выраб вулляў, рамак і г.д.Працоўнае навучанне, чарчэнне, матэматыка
3. Выраб эскіза, макета пчальніка, наглядных дапаможнікаўЧарчэнне, выяўленчае мастацтва
4. Стварэнне вучнёўскіх праектаў, правядзенне свят: “Выкарыстанне мёду ў кулінарыі”, “Выкарыстанне прадуктаў пчалярства”, “Пчаляр як прафесія” і г.д.Біялогія, гісторыя, геаграфія
5. Стварэнне бюлетэняў, буклетаў па прафарыентацыі і г.д.Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, АБЖ, біялогія

Назіранне за пчоламі ў школе выпрацоўвае ў дзяцей больш кампетэнцый у галіне пчалярства, чым могуць даць звычайныя кароткатэрміновыя курсы. Важна, што работа на пчальніку спрыяе ўмацаванню здароўя і з’яўляецца дзейснай прафілактыкай наркатычнай, нікацінавай і алкагольнай залежнасцей. Дабратворны ўплыў на чалавека ўнікальнай атмасферы пчальніка шырока выкарыстоўваецца ў рэкрэацыйных праграмах. Акрамя таго, заняткі пчалярствам фарміруюць дысцыплінаванасць, адказнасць. Разуменне, што ў выніку падрыхтоўкі па пчалярстве ў школе можна набыць прафесію, здольную пракарміць (не толькі ў будучыні, але і цяпер, бо пчаляром можа стаць любы чалавек з 12 гадоў), — моцны стымул для вучобы, а не для сумніўных захапленняў. Акрамя таго, у нашай установе адукацыі пяты год арганізаваны факультатыў “Пчалярства” для навучэнцаў 7—9 класаў. Вядзе факультатыўныя заняткі таксама Віктар Мілер, прычым іх з задавальненнем наведваюць не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Нашы школьнікі атрымліваюць неабходны і дастатковы аб’ём ведаў і ўменняў, каб у далейшым выкарыстоўваць іх на аматарскім пчальніку, знаёмяцца з прафесіяй пчаляра. Трэба бачыць, з якой гордасцю вяртаюцца навучэнцы з пчальніка, а дзеці з пачатковых класаў зайздросцяць ім і ўпэўнены: у старшых класах яны таксама будуць наведваць гэты факультатыў. Адным з самых яркіх і запамінальных школьных мерапрыемстваў у мінулым навучальным годзе было свята мёду, падчас якога да дзяцей з пачатковых класаў завітаў мудры, шчодры і загадкавы Пчаляр. Шаноўны госць расказваў пра пчол, гатункі мёду і тое, як мёд выбіраць і выкарыстоўваць у лячэбных і касметычных мэтах, аб прадуктах пчалярства, іх карысці, частаваў мёдам. Школьнікі чыталі вершы, спявалі песні, гулялі, разгадвалі загадкі, успаміналі прыказкі і прымаўкі пра пчол і мёд, танцавалі. Працяг у свята быў не менш прывабным для ўсіх і таксама з мядовым прысмакам — у школьнай сталовай. У лістападзе мінулага года калектыў нашай школы прыняў удзел у пашыраным выязным пасяджэнні грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры падтрымцы праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”. Мы прэзентавалі работу школьнага факультатыву “Пчалярства” і рэалізацыю адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў 11 класа па прафесіі пчаляр у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Няхай усе нашы школьнікі пчалярамі не стануць, але, мы спадзяёмся, некаторыя з іх усвядомлена выберуць прафесію пчаляра або вырашаць стаць біёлагамі. А хтосьці абзавядзецца дома невялікім пчальніком і будзе пчаляром-аматарам. Разам з тым адназначна, што большасць дзяцей перастане баяцца пчол, палюбіць натуральны мёд і іншыя прадукты пчалярства. А мы з новага навучальнага года прыступаем да работы над даследчым праектам у пачатковых класах “Пчолка малая, але ўсім здароўе дала”.

Марына МІЛЕР,
дырэктар Роска-Сялецкай сярэдняй школы Аршанскага раёна.
Фота аўтара.