Малая школа — для вялікай будучыні

За 15 кіламетраў ад Гродна размясцілася адносна маладая вёска Навасёлкі, якая ўзнікла ў канцы 50-х гадоў на месцы былога маёнтка Дубніца. Пасля ўтварэння калгаса імя У.І.Леніна ў 1969 годзе было прынята рашэнне аб узвядзенні школы. У 1970 годзе ўтульны будынак Навасёлкаўскай васьмігадовай школы прыняў першых вучняў.

Будынак першапачаткова быў запланаваны як школа-клуб, таму частка спартыўнай залы была адведзена пад сцэну, тут жа адбываліся сходы калгаснікаў. З бліжэйшых вёсак (Саломенка, Путна, Дайлідкі) дзеці ішлі за ведамі ў Навасёлкі. Некаторы час транспарту для падвозу не было, даводзілася пехатой пераадольваць кіламетры дарог, а калі прырода дазваляла сабе пасваволіць, то вучні маглі і не дабрацца да школы. На зімовы час некаторыя здымалі кватэру. Неўзабаве калгасам быў арганізаваны падвоз дзяцей з навакольных вёсак аўтобусам. Настаўнікі-ветэраны ўспамінаюць, як у дажджлівае надвор’е хадзілі на работу ў гумовых ботах, пакуль добрых дарог не было. Хутка насупраць школы быў узведзены настаўніцкі дом. Побач з’явілася новая калгасная кантора, потым — дзіцячы сад. Як грыбы, вырасталі дамы. Была пракладзена надзейная дарога. Вёска разрасталася, таму з 1981 года школа была рэарганізавана ў сярэднюю.
Першым яе дырэктарам быў Мікалай Міхайлавіч Бачуля, які працаваў на пасадзе 12 гадоў. Сапраўдны руплівец на ніве народнай асветы, выдатны педагог, ён вёў калектыў наперад, самааддана прысвячаючы сябе любімай справе. Пабудаваную на ўзгорачку школу ён называў “куточкам нябеснага раю”. З 1982 па 1994 гады школа працавала пад кіраўніцтвам Зінаіды Уладзіміраўны Маханько, Васіля Уладзіміравіча Фунта, Міхаіла Мікалаевіча Гаўрылава. Усе яны старанна клапаціліся аб даверанай ім установе, ствараючы спрыяльныя ўмовы для працы і вучобы. З 1994 па 2010 год педкалектыў узначальваў дбайны гаспадар школьнага дома Віктар Міхайлавіч Сільвановіч. З 2010 года і па сённяшні дзень дырэктарам школы з’яўляецца Андрэй Віктаравіч Батура. Малады і ініцыятыўны, ён уласным прыкладам натхняе калектыў пакараць адукацыйныя вышыні. Знамянальна тое, што амаль усіх дырэктараў суправаджалі баявыя сяброўкі — жонкі-настаўніцы, якія ішлі поплеч, працавалі ў адной установе, заўсёды падтрымлівалі.
Настаўнікам, якія стаялі ля вытокаў стварэння школы, цяжка развітацца з роднай установай. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Эдуардаўна Сідаровіч цяпер загадчык гаспадаркі, настаўніца хіміі і біялогіі Браніслава Іванаўна Стальмакова — гардэробшчыца. Дзякуючы іх клопатам школа не страчвае свае карані, захоўвае душэўнае цяпло. Трымаюць сувязь з калектывам і настаўнікі-ветэраны Валянціна Андрэеўна Бачуля і Валянціна Макараўна Швядко.
За ўвесь перыяд існавання школы адбыўся 31 выпуск. 428 вучняў закончылі базавую школу, 165 — сярэднюю. Сярэбраным і залатым медалём узнагароджаны 12 выпускнікоў. Пасведчанне аб заканчэнні базавай школы асобага ўзору ўручана 23 вучням. Вышэйшую адукацыю атрымалі 75 выпускнікоў сярэдняй школы, сельскагаспадарчую — 20 выпускнікоў. Базавай гаспадаркай з’яўляецца калгас імя В.І.Крамко, які аказвае нам неабходную падтрымку. На выніковай лінейцы лепшыя вучні ўзнагароджваюцца стыпендыямі калгаса.
Наша школа ганарыцца сваімі высокімі дасягненнямі. На працягу пяці апошніх гадоў 80 — 100% выпускнікоў паступае ва УВА на бюджэтныя месцы самых прэстыжных факультэтаў (у апошні для гісторыі сярэдняй школы 2012/2013 навучальны год — 100%). Па гэтым паказчыку школа займае 1 месца ў Гродзенскім раёне. Каля 70% выпускнікоў маюць высокія балы па ЦТ. Сёлета Кацярына Удавенка атрымала 100 балаў на ЦТ па матэматыцы. Такі вынік стаў адзіным сярод выпускнікоў сельскіх школ Гродзенскай вобласці. Праграмай развіцця школы на 2011 — 2016 гады вызначана асноўная місія ўстановы — забеспячэнне ўмоў для ўсвядомленага выбару выпускнікамі школы сваёй будучай прафесіі і рэалізацыі прафесійных планаў.
Школа — гэта не толькі адукацыйны, але і выхаваўчы цэнтр. У залежнасці ад сваіх інтарэсаў дзеці могуць наведваць спартыўныя секцыі па лёгкай атлетыцы, валейболе, трэнажорную залу. Для прыхільнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дзейнічае гурток “Творчасць”, “Юны акцёр” — для тых, хто марыць пра сцэну, “Клуб юнага рыбалова” — для аматараў рыбалкі. Асабліва вылучаюцца нашы дасягненні ў спорце. Мы рэгулярна займаем прызавыя месцы на раённай круглагадовай спартакіядзе школьнікаў, а выпускнік школы Андрэй Куніцкі — майстар спорту міжнароднага класа. Пакарэнню гэтых вышынь вучні абавязаны настаўніку фізічнай культуры і здароўя Жанне Іванаўне Куніцкай.
Наш педагагічны калектыў — гэта 17 настаўнікаў з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй (Ала Мікалаеўна Буглаева, Марыя Іванаўна Дубавая, Ала Іванаўна Кунцэвіч, Алена Міхайлаўна Чэкуць, Вацлаў Генрыхавіч Бекіш, Тэрэса Генрыхаўна Сільвановіч, Валянціна Ягораўна Гудкова, Данута Альфонсаўна Калешка, Андрэй Мікалаевіч Стальмакоў). За кожным іменем стаіць руплівая праца і самааддача.
На жаль, колькасць вучняў памяншаецца, гэта выклікае сум і трывогу. Гэты навучальны год мы пачалі ў статусе базавай школы. Але падбадзёрвае той факт, што райвыканкам аказвае вялікую падтрымку ўстанове. За апошнія два гады яна атрымала новае дыханне: былі заменены ўсе вокны, дзверы, пастаўлена новая сантэхніка, адрамантаваны класныя пакоі, зроблены ўтульны гардэроб, рыхтуецца памяшканне для бібліятэкі. Не за гарамі той дзень, калі мы будзем урачыста адзначаць залаты юбілей, і хочацца яго сустрэць не толькі ў адноўленым будынку, але і ў акружэнні гоману дзіцячых галасоў.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Навасёлкаўскай базавай школы.