Макет — гульня і навучанне

Экалагічнае выхаванне ў нашай установе адукацыі ахоплівае выхаванцаў усіх узростаў. Мэта такой дзейнасці не толькі ў тым, каб сфарміраваць у дзяцей пэўны аб’ём ведаў па экалогіі, але і прывіць ім каштоўнаснае стаўленне да прыроды, гуманныя адносіны да аб’ектаў жывой і нежывой прыроды.

У сваёй рабоце мы актыўна выкарыстоўваем як традыцыйныя формы і метады, такія як экскурсіі, гутаркі па тэме аховы навакольнага асяроддзя, гульні, чытан не мастацкай літаратуры, адгадванне загадак, конкурсы малюнкаў на экалагічную тэматыку, акцыі, суботнікі, так і новыя. Адным з перспектыўных метадаў экалагічнага выхавання з’яўляецца макетаванне. Выкарыстоўваючы макеты і дзейнасць з імі, атрымліваем магчымасць для знаёмства дзяцей з дзівосным царствам прыроды.

Крэатыўныя ідэі педагогі ўстановы ўвасобілі ў макетах рознага зместу: сажалка, луг, лес, поле, падводны свет, вясковы падворак, дрэва, Афрыка, Чырвоная кніга, экадом.

Усе макеты адпавядаюць патрабаванням, што прад’яўляюцца да развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя груп, а гэта бяспека, насычанасць, варыятыўнасць, даступнасць. Яны  экалагічна чыстыя, маюць эстэтычны знешні выгляд, лёгка перамяшчаюцца з месца на месца, зручныя ў выкарыстанні.

Гуляючы з макетамі, дзеці выконваюць адну або некалькі роляў, мадэлююць рэальныя сітуацыі, пазнаюць навакольнае ася­роддзе. Малыя любяць макеты за іх шматфункцыянальнасць, прывабнасць.

Макеты могуць выкарыстоўвацца як на занятках, так і ў нерэгламентаваных відах дзейнасці, пры правядзенні індывідуальнай работы з выхаванцамі. На аснове макетаў праводзяцца разнастайныя дыдактычныя гульні: “Апішы — мы адгадаем”, “Чаго не стала?”, “Знайдзі, што назаву”, “Чацвёрты лішні”, “Чый сілуэт?”, “Калі гэта бывае?” і інш.

Напаўненне макетаў жыхарамі адбываецца паступова. Наборы персанажаў, аксесуараў да іх даступныя дзецям для свабоднага выбару. Дзякуючы выкарыстанню макетаў, у дзяцей развіваюцца ўменні ствараць задуму, сюжэт, дзеці маюць зносіны адно з адным, размяркоўваюць паміж сабой ролі.

Кожны педагог стараецца выкарыстоўваць такія метады і прыёмы работы, якія дазваляюць дзецям у цікавых умовах атрымліваць веды. Над гэтым мы пастаянна працуем, стараючыся захапіць дзяцей цікавымі заняткамі і гульнямі. Мы ўпэўнены, што макетаванне зойме дастойнае месца ў рабоце па экалагічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту.

Алеся КАБАК,
выхавальніца ясляў-сада № 6 Смаргоні.