Майстар мовы Паднябеснай

Днямі на базе сталічнай гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў ІІ Адкрытага фестывалю настаўнікаў кітайскай мовы “Майстар кітайскай мовы, 2021”. У ёй прынялі ўдзел прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Янушкевіч, дырэктар гімназіі № 23 Ірына Пасюкевіч. 

Пераможца фестывалю Дар’я Вазняк.

Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца кабінет Канфуцыя РІКК БДУ, гімназія № 23 Мінска пры падтрымцы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, МГІРА і ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы.

—  Сёння ўжо можна спрачацца наконт таго, хто быў ініцыятарам фестывалю: наша гімназія, дзе вывучаецца кітайская мова з 2006 года, ці дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя А.А.Тозік альбо прарэктар МГІРА Т.Я.Янушкевіч, якая курыруе міжнароднае супрацоўніцтва ў інстытуце. Ідэя яго правядзення ўзнікла спантанна і зыходзіла з трох бакоў адначасова, — расказала Ірына Пасюкевіч. — У горадзе праводзяцца розныя конкурсы прафесійнага майстэрства педагогаў, аднак у нас узнікла ідэя стварыць асобны фестываль “Майстар кітайскай мовы”. Бо настаўнікі кітайскай мовы не зусім звычайныя педагогі. У асноўным гэта маладыя, перспектыўныя, з прамяністымі вачыма людзі, гэта педагогі, якія не баяцца адстойваць сваю пазіцыю, імкнуцца развівацца, удасканальвацца. Не маючы вопыту, яны вывучаюць складаныя пытанні методыкі выкладання, пры гэтым не саромеюцца дзяліцца сваімі знаходкамі, сваім вопытам і адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена сярод прафесіяналаў, якія працуюць працяглы перыяд з дзецьмі.

У сёлетнім фестывалі прынялі ўдзел 9 настаўнікаў кітайскай мовы: Дар’я Вазняк, Валерыя Хадорка, Вікторыя Кулыба (гімназія № 23 Мінска), Ганна Камяк (гімназія № 9 Мінска), Вольга Рыбалка (гімназія № 12 Мінска), Ірына Падбярэзская (гімназія № 18 Мінска), Кацярына Астапковіч (гімназія № 40 Мінска), Маргарыта Булаўко (Ратамская сярэдняя школа), Паліна Галавач (сярэдняя школа № 31 Мінска).

Канкурсантам неабходна было прайсці праз выпрабаванні двух этапаў фестывалю — завочнага і вочнага. Завочны этап уключаў відэазварот, які прадстаўляў удзельніка і яго педагагічную дзейнасць (ацэньваліся арыгіналь­насць, творчы падыход, кампазіцыйная стройнасць і прыцягальнасць), і план-канспект заняткаў па кітайскай мове. На вочным этапе педагогам неабходна было правесці ўрок у незнаёмым класе, зрабіць яго самааналіз і прачытаць матывацыйную лекцыю на 7 мінут у стылі ТЕD па тэме “Час вучыць кітайскую мову”.

Няпроста давялося членам журы, бо хацелася падтры­маць кожнага ўдзельніка. Дарэчы, у склад яго сёлета былі ўключаны носьбіты мовы, для таго каб ацаніць як майстэрства настаўніка, так і ўзровень сфарміраванасці маўленчых навыкаў у дзяцей. Сярод іх — намеснік дырэктара РІКК БДУ Лю Сулін, валанцёр з КНР, настаўнік кітайскай мовы кабінета Канфуцыя РІКК БДУ ў гімназіі № 23 Мінска Чао Юй і інш. 

Па водзывах журы, канкурсанты вельмі ўразілі тым, што, маючы невялікі вопыт работы, вельмі лёгка знахо­дзілі агульную мову з вучнямі. На ўроках панавала добразычлівая атмасфера. Тыя прынцыпы навучання, якія на сёння падтрымліваюцца (уменне вучыць на роўных, пры гэтым займаць пазіцыю настаўніка, актыўна выкарыстоўваць найноўшыя тэхналогіі), у іх яскрава прасочваліся. Уразілі таксама веды дзяцей, бо настаўнікі размаўлялі на кітайскай мове ад пачатку і да канца вучэбных заняткаў, руская мова амаль не гучала, але дзеці разумелі педагогаў. Яшчэ адзін момант — моцнае імкненне дасягнуць мэты, пастаўленай на ўроку.

—  Методыка навучання кітайскай мове ў нашай краіне знаходзіцца на стадыі станаўлення. І фестываль — гэта тая пляцоўка, дзе педагогі могуць сфарміраваць метадычныя навыкі, назапасіць эфектыўныя прыёмы навучання мове Паднябеснай, гэта першы крок для аб’яднання настаўнікаў кітайскай мовы ў прафесійную суполку, — падкрэсліла пра­рэктар МГІРА Таццяна Янушкевіч.

Па выніках фестывалю яго пераможцай стала настаўніца гімназіі № 23 Мінска Дар’я Вазняк, дыпломам ІІ ступені адзначана настаўніца гімназіі № 12 Мінска Вольга Рыбалка, дыпломам ІІІ ступені — настаўніца гімназіі № 18 Мінска Ірына Падбярэзская.

—  Шчыра прызнацца, перамога была чаканай. Да правядзення адкрытага ўрока хвалявалася, а калі ўсё атрымалася, была вельмі задаволена, — падзялілася сваімі ўражаннямі пераможца. — Самае складанае для мяне на фестывалі было праводзіць урок у незнаёмым класе, бо быў не вядомы ні ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў, ні тое, як яны адрэагуюць на стрэсавую атмасферу, на новага настаўніка. Я праводзіла ўрок у 8 класе па тэме “Чытанне ў жыцці людзей”. Была арганізавана работа ў групах, бо навучэнцам так прасцей наладжваць камунікацыю і гэта добра развівае мову. На ўроку выкарыстоўваліся ІКТ. Дзеці пайшлі на кантакт, яны вельмі стараліся, былі ўважлівымі, праўда, крыху заціснутымі — баяліся памыліцца. Але мне ўдалося з гэтым справіцца. Увогуле, быць настаўніцай цікава, весела, дзеці зараджаюць цябе энергіяй, а калі іх удаецца захапіць, то заняткі прыносяць задавальненне і натхненне.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.