Майстар-­клас ад часопіса

З мэтай павышэння інфармацыйнай культуры, абагульнення вопыту работы настаўнікаў, яго адлюстравання ў педагагічных выданнях па ініцыятыве Бераставіцкага вучэбна­-метадычнага кабінета для педагогаў Бераставіцкага раёна была арганізавана сустрэча з галоўным рэдактарам рэспубліканскага навукова­педагагічнага часопіса “Народная асвета” Святланай Мазурынай.

Да ўдзелу былі запрошаны намеснікі дырэктараў школ, метадысты ВМК, настаўнікі, якія працуюць над абагульненнем педагагічнага вопыту. Святлана Уладзіміраўна прэзентавала шырокі спектр магчымасцей інфармацыйна-метадычных рэсурсаў часопіса і пазнаёміла ўдзель­нікаў з тэматыкай публікацый, рубрыкамі і папулярнымі праектамі выдання. Так, у раздзеле “Педагагічная асамблея” прадстаўлены тэарэтычныя матэрыялы,  сцэнарыі метадычных мерапрыемстваў, эфектыўны вопыт педагогаў, а таксама адукацыйная прастора розных раёнаў краіны ў форме фестывалю педагагічных ідэй. Актыўныя, крэатыўныя школьныя калектывы маюць магчымасць прадставіць на старонках часопіса сваю ўстанову адукацыі ў раздзеле “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”. Матэрыялы інтэрактыўнага праекта “Бацькоўскі сход” прызначаны для арганізацыі выхаваўчай работы і могуць быць выкарыстаны пра правядзенні баць­коўскіх сходаў, а таксама мерапрыемстваў у межах шостага школьнага дня. Вялікая колькасць практычных распрацовак для настаўнікаў прадстаўлена на сайце часопіса.

Педагогі прынялі ўдзел у майстар-класе “Павышэнне інфармацыйнай культуры педагогаў: падрыхтоўка матэрыялаў да публікацыі ў навукова-педагагічным часопісе”, на якім пазнаёміліся з тэхналогіяй абагульнення вопыту работы настаўніка для адлюстравання яго ў педагагічнай прэсе, з алгарытмам падрыхтоўкі артыкула для часопіса.

Імклівае развіццё грамадства патрабуе ад педагога ісці ў нагу з часам, асвойваць новыя тэхналогіі, укараняць інавацыі, спрабаваць і выбіраць найбольш эфектыўныя формы і метады работы з дзецьмі і іх бацькамі. Выніковасць настаўніцкай працы ацэньваецца сёння па ўзроўні паспяховасці вучняў, выніковасці іх удзелу ў навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах і па публікацыйнай актыўнасці самога педагога. Апошні крытэрый звязаны з тым, як паспяховы настаўнік, які мае багаты, эфектыўны вопыт работы, можа прэзентаваць яго ў сродках масавай інфармацыі.

Удзельнікі сустрэчы даведаліся, якія ўласныя матэрыялы яны могуць дасылаць у названы часопіс, які вопыт зацікавіць рэдактараў, а таксама пазнаёміліся з патрабаваннямі да напісання і афармлення артыкулаў.

Галоўны рэдактар старэйшага ў краіне педагагічнага часопіса ў сваю чаргу пацікавілася, якія тэмы і праблемы цікавяць педагогаў раёна, і запрасіла іх да супрацоўніцтва.

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ,
загадчык Бераставіцкага метадычнага кабінета.