Магія тэатральнага “Прыцяжэння”

Людзі заўсёды імкнуліся зразумець магію тэатра. У ім, нібы ў люстэрку, паказана чалавечае жыццё з усімі эмоцыямі. Шлях да спектакля пралягае праз шматлікія рэпетыцыі. Поспех прыходзіць дзякуючы вялікай працы, вынік якой — апладысменты гледачоў. Тэатральны калектыў — гэта сям’я аднадумцаў са сваімі правіламі, узаемаадносінамі і традыцыямі. Такой дружнай і згуртаванай сям’ёй з’яўляецца ўзорная тэатральная студыя “Прыцяжэнне” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы, створаная ў 2006 годзе Таццянай Васільеўнай Блоцкай.

У студыі дзеці займаюцца ў трох узроставых групах — ад 11 да 18 гадоў. З першых дзён навучання яны спасцігаюць азы акцёрскага майстэрства, сцэнічнага маўлення, пластыкі і руху.

— У нашым калектыве пануюць згуртаванасць і падтрымка, — гаворыць выхаванка студыі Алеся Неліповіч. — Дзякуючы Таццяне Васільеўне, мы вельмі многаму вучымся. Яна заўсёды зараджае нас добрым настроем. А самае галоўнае — ведае падыход да кожнага дзіцяці!

Займаючыся ў студыі, хлопчыкі і дзяўчынкі набываюць вопыт публічных выступленняў і каманднай работы, вучацца працаваць з партнёрам на сцэне, знаходзіць кантакт з гледачом, ацэньваць герояў твораў і сваіх персанажаў, развіваюць навыкі крытычнага мыслення, умацоўваюць упэўненасць ва ўласных сілах.

Разнастайны рэпертуар, цікавыя аўтарскія знаходкі ў рэжысуры, бліскучыя акцёрскія работы, яркае сцэнічнае самавыяўленне і эмацыянальная насычанасць выступленняў — візітоўка студыі. Педагог у па­стаянным пошуку новых творчых падыходаў да сцэнічнага ўвасаблення драматычных твораў, уважліва і ўдумліва падбірае п’есы для пастановак з улікам здольнасцей і магчымасцей навучэнцаў, іх узросту і асобасных якасцей, вялікага выхаваўчага патэнцыялу.

— Імкнуся, каб пастаноўкі, адрасаваныя гледачам рознага ўзросту, былі добрымі, сумленнымі і сардэчнымі. А гэта магчыма толькі ў дзіцячым тэатры, бо дзеці на сцэне ніколі не іграюць, іх пачуцці сапраўдныя і шчырыя, — заўважае Т.В.Блоцкая, якая аб’ядноўвае ў сваёй асобе і сцэнарыста, і рэжысёра-пастаноўшчыка, і гукааператара, і касцюмера, і дэкаратара, і мастака па грыме, і многія іншыя ролі.

У рэпертуары — п’есы “Заўтра была вайна” Б.Васільева, “Да сустрэчы, яр” К.Сергіенкі, “Чайка па імені Джонатан Лівінгстан” Р.Баха, “Дагары нагамі, ці Усе хлапчукі — дурні” К.Драгунскай, “Шкодныя парады” Р.Остара, “Ружовы банцік” К.Сцяпанычавай, “Мары і летуценні Лізаветы Агурцовай” С.Логінава, “Прынцэса без гарошыны” Я.Тышчука.

— Я ніколі не стаяла перад выбарам прафесіі, — прызнаецца педагог. — Прафесія сама выбрала мяне. Я расла творчым дзіцём, часта прыдумляла смешныя сцэнкі, чытала вершы, спявала, танцавала, малявала. Мне заўсёды падабалася вучыцца і спасцігаць штосьці новае. А рэжысура — гэта бясконцы шлях самаадукацыі і самаразвіцця.

І гэты шлях Таццяна Васільеўна прахо­дзіць разам са сваімі выхаванцамі: раскрывае іх творчы патэнцыял, дапамагае стаць больш упэўненымі, быць самімі сабой, знайсці сяброў.

— Тэатральная студыя — гэта месца, дзе кожнае дзіця можа адчуць сябе таленавітым. Прыходзіш на заняткі і разумееш, што ты асаблівы. Студыя — гэта маленькая сям’я, якая дапамагае стаць адкрытым і не баяцца эксперыментаў, — адзначае Вераніка Чапко.

Т.В.Блоцкая знаходзіць падыход да дзяцей любога ўзросту. На працягу некалькіх гадоў паспяхова працуе з дашкольнікамі. Бацькі з задавальненнем прыводзяць 4—5-гадовых малышоў у гурток “Капітошкі”, заняткі ў якім фарміруюць выразнасць маўлення, развіваюць актыўную ўвагу, уяўленне і фізічныя якасці, вучаць кіраваць эмоцыямі.

Таццяна Васільеўна — таленавіты педагог з выдатнымі рэжысёрскімі і артыстычнымі здольнасцямі. Дзякуючы яе ўмеламу кіраўніцтву, выступленні студыйцаў надоўга застаюцца ў памяці гледачоў. Разам з педагогам дзеці займаюцца актыўнай грамадскай дзейнасцю.

— Студыя — гэта другі дом, а кожная сустрэча з выхаванцамі — абмен цяплом, любоўю і энергіяй, магчымасць навучыць адно аднаго дабрыні, падзяліцца часткай душы, — гаворыць Т.В.Блоцкая. — Працуючы з дзецьмі, адчуваю сябе шчаслівай і застаюся ў душы гарэзлівай дзяўчынкай. Заўсёды з цеплынёй і гордасцю ўспамінаю сваіх выпускнікоў.

Цяжка пералічыць усе ўзнагароды, атрыманыя студыйцамі за 14 гадоў у шматлікіх конкурсах і фестывалях. За кожнай перамогай — штодзённая і шматгадовая настойлівая праца педагога і навучэнцаў. 

Некаторыя выхаванцы Таццяны Васільеўны звязваюць прафесійную будучыню з тэатрам. Так, Антаніна Іванова пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў служыць у Драматычным тэатры беларускай арміі.

Плённая праца Т.В.Блоцкай неаднаразова адзначалася граматамі раённага аддзела і абласнога ўпраўлення па адукацыі. У скарбонцы прафесійных дасягненняў — падзяка Дзяржаўнай Думы Расіі, Ганаровая грамата абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. Прозвішча педагога заносілася на раённую Дошку гонару. Таццяна Васільеўна — леташні пераможца абласнога этапу ІІ Рэспубліканскага конкурсу распрацовак літаратурнага матэрыялу для дзіцячага тэатра.

Ірына ЖУК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы.