Выніковасць залежыць ад педагога

У цяперашні час назіраецца тэндэнцыя да значнага павелічэння колькасці дзяцей, якія маюць маўленчую паталогію пры паступленні ў школу. Парушэнні маўлення прыводзяць да таго, што дзеці не ўкладваюцца ў агульны тэмп работы на ўроках, адстаюць у фарміраванні навыкаў пісьма, чытання і лічэння. Таму настаўнікам-дэфектолагам неабходна імкнуцца да пошуку новых цікавых форм работы з дзецьмі, якія спрыяюць карэкцыі маўленчых парушэнняў.


Адзін з найважнейшых напрамкаў у гэтай рабоце — фарміраванне часавых уяўленняў, таму што засваенне часавых эталонаў у дзяцей з маўленчымі парушэннямі адбываецца значна пазней. Слабая арыенціроўка ў часе, як правіла, мае вынікам цяжкасці засваення граматыкі, памылкі ў пісьмовых работах, цяжкасці ва ўсведамленні паслядоўнасці падзей, якія адбываюцца, знаходжанні прычынна-выніковых сувязей паміж імі, няўменне ўключаць часавыя эталоны ў складаныя моўныя канструкцыі.

У мэтах павышэння эфектыўнасці фарміравання часавых уяўленняў у малодшых школьнікаў ва ўмовах пункта карэкцыйна-развіццёвай дапамогі я распрацавала метадычны комплекс “Крок за крокам, дзень за днём”, які ілюструе асноўныя ўласцівасці часу, такія як незваротнасць, цякучасць, змяняльнасць, а таксама дынамічную змену часавых цыклаў. Комплекс накіраваны на параўнанне знаёмых уяўленняў пра час, якія часта сустракаюцца ў практычнай дзейнасці навучэнцаў, на ацэнку працягласці падзей, з’яў. Комплекс уключае тры часавыя мадэлі: “Дні тыдня”, “Суткі”, “Круглы год”.

Рабоце з мадэлямі ў структуры кожных карэкцыйных заняткаў рэгулярна ўдзяляецца ад некалькіх мінут, калі канкрэтная дзейнасць звязваецца з пэўным часам, да цэлага этапу заняткаў, калі адбываецца знаёмства з мадэллю. У працэсе дзейнасці з мадэллю “Суткі” дзеці ўдасканальваюць уяўленні пра часавыя катэгорыі і іх паслядоўнасць, пра сутачныя вымярэнні. Працуючы з дапаможнікам “Адрыўны каляндар” і часавай мадэллю “Тыдзень”, яны вучацца ўсведамляць, што час — гэта катэгорыя незваротная і рухаецца толькі наперад. Работа з апорай на часавую мадэль “Круглы год” накіравана на актуалізацыю і абагульненне ведаў дзяцей пра поры года. Кульмінацыяй выкарыстання ўсіх часавых мадэлей з’яўляецца самастойны іх выраб з асобных дэталей у выглядзе аплікацый з абавязковай прэзентацыяй сваёй работы.

Фарміраванне часавых уяўленняў дазваляе ўзбагаціць слоўнік спецыяльнай лексікай паралельна з пашырэннем уяўленняў пра навакольную рэчаіснасць, удакладніць значэнні слоў, удасканаліць моўны аналіз і сінтэз слоў, фарміраваць веды і ўменні, якія спрыяюць паспяховаму засваенню асобных раздзелаў праграмы па рускай мове, матэматыцы. Дзеці з цікавасцю ўключаюцца ў работу, выконваюць заданні.

Такая методыка паказала сваю эфектыўнасць. Але прытрымлівацца толькі канкрэтных метадаў недастаткова. Станоўчы вынік прыносіць у першую чаргу індывідуальны падыход педагога да кожнага дзіцяці, уменне ўлічваць яго ўзроставыя, псіхафізіялагічныя і маўленчыя асаблівасці.

Алеся КРАЎЦОВА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 2 Мсціслава.