Вялікая прыгажосць малой радзімы

Лета — гэта самая доўгачаканая і жаданая пара года, поўная надзей і новых ідэй. Для вучняў нашага класа ўжо другі год запар канікулы пачынаюцца з незабыўнай прыгоды. Мы адпраўляемся ў велапрабег па самых прыгожых месцах нашай малой радзімы.

Чэрвеньскім сонечным ранкам сямёра падлеткаў пад кіраўніцтвам педагогаў і бацькоў адправіліся ў захапляльнае падарожжа. Першым прыпынкам была крыніца вёскі Шэперава. Тут мы не толькі атрымалі асалоду ад маляўнічых краявідаў і папілі гаючай вады, але і знайшлі скарб. У вёсцы Загоранцы нас сустрэла цэлая сям’я буслоў, якія пасялілася на воданапорнай вежы. Ад аднаго з бацькоў — Андрэя Мікалаевіча Пахоменкі, які, дарэчы, і распрацаваў маршрут, мы даведаліся, як дзейнасць чалавека ўплывае на прыроду і што трэба рабіць, каб захаваць прыгажосць роднага краю.


Апошняй кропкай нашага маршруту стала вёска Высокае. Шум ракі Проні чуваць здалёк, бо на яе дне ляжаць валуны, цячэнне хуткае, складваецца ўражанне, што ты апынуўся на беразе горнай ракі. Гэтае месца так і называецца — перакат Шум. Пра яго цікавую гісторыю нам расказаў мясцовы жыхар.

Вечарам мы, стомленыя і шчаслівыя, вярнуліся дадому. З нецярпеннем будзем чакаць новых паходаў!

Не трэба шукаць прыгажосць недзе далёка, яна побач, проста трэба вельмі захацець яе ўбачыць.

Алена БЕЛАВУСАВА,
вучаніца сярэдняй школы № 2 Чавус;
Аксана ЗАБЯГАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.