Вучым самарэалізацыі і перамогам

Навучэнка Палужскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Марына Кажамяка стала пераможцай нацыянальнага конкурсу школьных бізнес-ідэй. Наша вучаніца атрымала перамогу ў намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя ў сферы аказання паслуг”. Яе праект “Адкрыццё эксперыментальнага пчальніка “Пчаліная даліна” быў прызнаны лепшым сярод дзясяткаў падобных. Аднак гэтаму поспеху папярэднічала сур’ёзная і карпатлівая работа.

Ініцыятыўнай групай установы ажыццяўляецца мэтанакіраваная работа па рэалізацыі мясцовай ініцыятывы “Палужскі край”, якая была адабрана рашэннем рэгіянальнага савета па падтрымцы ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця. Адна з ініцыятыў мікрарэгіёна школьная бізнес-кампанія “Дамашняя эканоміка. Асновы прадпрымальніцтва” накіравана на атрыманне моладдзю практычных навыкаў па асновах вядзення прадпрымальніцтва і кіравання, развіццё эканамічнай адукацыі, прадпрымальніцтва, а таксама спрыяе прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў.

Сёння адной з актуальных задач адукацыі з’яўляецца фарміраванне актыўнага грамадзяніна з высокай сацыяльнай і грамадзянскай адказнасцю, здольнага распрацоўваць стратэгію паводзін, рабіць усвядомлены прафесійны выбар. Маладому пакаленню жыць у заўтрашняй Беларусі. Якой яна будзе — залежыць ад нас. Мы павінны падрыхтаваць нашых выпускнікоў да жыцця ў краіне, якая працуе па агульнасусветных эканамічных законах. Вырашэнне задач інавацыйнага развіцця Беларусі, дасягненне канкурэнтаздольнасці ва ўсіх сферах вытворчасці цягне за сабой неабходнасць асэнсавання новых тэндэнцый у тэорыі і практыцы працоўнага і эканамічнага выхавання навучэнцаў. Папулярызацыя прафесіі прадпрымальніка, знаёмства з яе асновамі неабходна ў сістэме школьнай адукацыі. Фарміраванне прадпрымальніцкага мыслення, развіццё прадпрымальніцкіх уменняў — патрабаванне часу, патрэбнасць грамадства ў грамадзянах, здольных дзейнічаць у сучасных рыначных умовах і эфектыўна ўдзельнічаць у іх.

Гэты кірунак работы стаў неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу ў нашай установе. Сёння існуе праблема адтоку моладзі з сельскай мясцовасці. У сувязі з гэтым адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця мікрарэгіёна з’яўляецца развіццё чалавечага патэнцыялу і прадпрымальнасці ў маладога пакалення. Вырашыць гэтую задачу можна праз удзел дзяцей і падлеткаў у школьных бізнес-кампаніях. Такая праца будзе спрыяць прафесійнаму самавызначэнню, развіццю працоўных уменняў, выхаванню чалавека-працаўніка. У працэсе работы школьнай бізнес-кампаніі навучэнцы атрымліваюць тэарэтычныя і практычныя веды і ўменні па асновах прадпрымальніцтва праз рэалізацыю факультатыўных заняткаў “Асновы прадпрымальніцтва”, “Зялёныя школы”, “Хатняя майстэрня”.

Стварэнне школьнай бізнес-кампаніі прадставіла магчымасць навучэнцам праявіць ініцыятыву, развіць матывацыю, зрабіць першыя спробы і атрымліваць перамогі.

У мэтах удасканалення работы ўстановы па арганізацыі выхаваўчага працэсу ў шосты школьны дзень мы прынялі ўдзел і ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Па выніках абласнога этапу ўзнагароджаны дыпломам упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама ў намінацыі “Лепшая ідэя школьнай бізнес-кампаніі”. Наш праект “Мы выбіраем будучыню” прадугледжвае сумесную працу ўстановы, соцыуму, бацькоў у арганізацыі працоўнага выхавання, эканамічнай адукацыі, прафарыентацыйнай работы ў шосты школьны дзень. За перамогу ў конкурсе школьных бізнес-ідэй дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Пётр Арашуньянц уручыў Марыне Кажамяка ганаровы дыплом і каштоўны падарунак.

Лідзія ПШАНІЧНІКАВА,
дырэктар Палужскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Краснапольскага раёна.