У развіцці дапаможа цестапластыка

У рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту рэкамендуецца выкарыстоўваць такія віды ляпнога матэрыялу, як гліна, пластылін і салёнае цеста. Гліна — гэта тое, што дала нам прырода, тое, што людзі выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Пластылін — штучны матэрыял. Пра цеста асаблівая размова. Салёнае цеста апошнія гады стала вельмі папулярным матэрыялам для лепкі. Гэтаму віду дзейнасці прыдумалі і сваю назву — цестапластыка.


Цестапластыка мае вялікае значэнне для навучання і выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту. Яна спрыяе развіццю зрокавага ўспрымання, памяці, вобразнага мыслення. Цеста найбольш зручнае для дзіцячай рукі. Гэта прыемны навобмацак, экалагічна няшкодны і гіпаалергенны матэрыял. Цеста можна прыгатаваць у любы зручны час. Яно лёгка адмываецца і не пакідае слядоў. Дзецям заўсёды цікава заняцца чым-небудзь новым. Таму ў сваёй рабоце шырока выкарыстоўваю ў якасці матэрыялу для заняткаў лепкай салёнае цеста.

Замешваю цеста заўсёды ў прысутнасці дзяцей. Даю магчымасць паўдзельнічаць у гэтым цікавым працэсе выхаванцам: дакрануцца, панюхаць, памяць, выказаць сваё ўражанне. З цестам справіцца любое дзіця. Як ускладненне да работы раблю цеста каляровым, працаваць з ім таксама проста, як і са звычайным. Хаця і гэта не праблема, бо пасля сушкі цеста лёгка можна размаляваць фарбамі.

Кожны поспех дзіцяці даводзіцца да ведама бацькоў, дзякуючы чаму дзіця мае магчымасць атрымаць пахвалу ад мамы і таты, што для яго вельмі важна. Бацькі зацікавіліся прапанаванай формай работы і карыстаюцца рэкамендацыямі для заняткаў з дзецьмі дома ў вольны час. Работамі, якія ствараюць дзеці, упрыгожваем групу, дорым іх гасцям, бацькам.

Займаючыся з дзецьмі цестапластыкай, я заўважыла, што ў іх сфарміраваліся такія якасці, як мэтанакіраванасць, настойлівасць, уменне даводзіць пачатаю справу да канца. Гэта спрыяла развіццю асобы кожнага дзіцяці. Назіраючы за тым, як радуецца дзіця, вылепіўшы цацку або ўпрыгажэнне, у якое ўклала сваю працу, выдумку, як малыш пачынае адчуваць гордасць ад вынікаў сваёй дзейнасці, становіцца больш упэўненым у сваіх магчымасцях, разумееш значнасць і неабходнасць выкарыстання цестапластыкі для работы з дашкольнікамі.

Марына КАНАПЛЯ,
выхавальніца ясляў-сада № 2 Краснаполля.