У маладзёжнага парламента першы юбілей

Пяць гадоў назад Магілёў далучыўся да глабальнай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Афіцыйная цырымонія падпісання трохбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) адбылася ў Белай зале гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. Такім чынам, з боку гарадскога выканаўчага камітэта былі пацверджаны намеры і абавязацельствы пастаянна клапаціцца пра дзяцей і ўлічваць іх думкі ў прыняцці рашэнняў, развіваць гарманічную для жыцця гарадскую прастору, спрыяючы больш поўнай рэалізацыі правоў дзіцяці.

Магілёў стаў дваццаць другім горадам Беларусі, які далучыўся да рэалізацыі гэтай ініцыятывы, якая зарадзілася ў Еўропе ў сярэдзіне 90-х гадоў XX стагоддзя.

У нашым горадзе гэта бадай першая грунтоўная ініцыятыва аб дзецях, падлетках і моладзі, якая рэалізуецца разам з дзецьмі. І гэта невыпадкова, бо ў аснове пабудовы -горада, дружалюбнага да дзяцей, ляжаць ключавыя прынцыпы Канвенцыі аб правах дзіцяці, рэалізацыя якіх цесна пераплецена з 17 Мэтамі ўстойлівага развіцця, якія вядомы як Глабальныя мэты і рэалізуюцца дзяржавамі — членамі ААН у галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. Галоўнае ў рэалізацыі праекта “Горад, дружалюбны да дзяцей” — удзел у ім саміх дзяцей, бо ключавы прынцып ініцыятывы — права дзіцяці быць пачутым.

Ва ўсіх гарадах, якія далучыліся да ініцыятывы, на сесіях гарадскіх саветаў зацверджаны праграмы дзеянняў, створаны каардынацыйныя саветы, грамадскае самакіраванне дзяцей і моладзі. У снежні 2013 года пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў створаны маладзёжны парламент, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на базе мнагапрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва. Парламент з’яўляецца кансультатыўным органам і ажыццяўляе сваю дзейнасць на грамадскіх пачатках. Выбары праводзіліся ў кожнай установе адукацыі горада. Правам быць выбраным членам парламента валодалі навучэнцы 9, 10, 11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, навучэнцы ПТНУ, ССНУ, студэнты 1—3 курсаў УВА.

Па выніках праведзеных выбараў у склад маладзёжнага парламента ўвайшлі 68 прадстаўнікоў усіх навучальных устаноў горада. Да іх далучыліся 7 дарослых — членаў Кансультатыўнага савета Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Быў сфарміраваны савет маладзёжнага парламента, куды ўвайшлі старшыня, два намеснікі, сакратар і сем старшынь камісій. Неабходна адзначыць, што дзейнасць камісій закранае ўсе сферы жыцця дзяцей, падлеткаў і моладзі: адукацыя і прафарыентацыя, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў, фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця, арганізацыя занятасці і сацыяльная абарона, прасоўванне дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, арганізацыя вольнага часу.

Першая сесія маладзёжнага парламента прайшла ў гарадской ратушы. Адкрываючы яе, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Фёдар Міхеенка адзначыў: “Стварыўшы маладзёжны парламент з прадстаўнікоў усіх устаноў адукацыі Магілёва, мы атрымаем праз яго магчымасць наладзіць цесную зваротную сувязь з моладдзю. Мы зможам арганізаваць работу, накіраваную на папулярызацыю сярод маладых людзей сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання, выяўленне лідараў маладзёжнага руху, прадастаўленне моладзі магчымасці ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі гарадскіх і раённых сацыяльных праграм”.

Пачынаючы з першага склікання кожны член маладзёжнага парламента — гэта не толькі актыўны ўдзельнік агульнагарадскіх мерапрыемстваў, але і іх непасрэдны арганізатар. За перыяд работы маладзёжнага парламента арганізаваны і праведзены шэраг агульнагарадскіх маладзёжных акцый, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі, фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця, прафілактыку асацыяльных паводзін непаўналетніх, а таксама на актывізацыю валанцёрскага руху.

Так, па ініцыятыве маладзёжнага парламента ў горадзе ўвасоблены ў жыццё такі сацыяльны праект, як “Цэнтр узаемадзеяння”, накіраваны на павышэнне ўзроўню сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця ў грамадства, фарміраванне ў вучняў талерантнага стаўлення да праблем дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Праект “Вясёлыя перапынкі” стаў брэндам устаноў адукацыі нашага горада. Нашы парламентарыі рэалізавалі праект па здаровым ладзе жыцця “Горад супраць стрэсу”, што дазволіла прыцягнуць увагу да заняткаў фізічнай культурай, з мэтай прафілактыкі стрэсу, праз арганізацыю і правядзенне агульнагарадскога кросу. Экалагічныя праекты “БлагоДарю, Могилев”, “Лепшы горад на Зямлі” спрыялі прасоўванню маладзёжных ініцыятыў: уладкаванню веласіпедных дарожак і схем веласіпеднага руху ў горадзе, конкурсу ідэй правядзення Дня горада ў новым маладзёжным фармаце.

Многія ідэі маладых парламентарыяў ужо знайшлі сваё ўвасабленне пры правядзенні вялікага гарадскога пікніка на набярэжнай ракі Днепр у Магілёве. Па ініцыятыве маладзёжнага парламента валанцёры прымаюць удзел у правядзенні інфармацыйных біт-урокаў “Паасобны збор смецця — дрэс-код Магілёва”. На працягу пяці гадоў маладзёжны парламент актыўна прымаў удзел у валанцёрскім руху, нашы парламентарыі — частыя госці ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, ва ўстановах адукацыі, дзе вучацца дзеці з абмежаваннямі ў здароўі.

Асабліва значным стала правядзенне гарадскіх мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 70-годдзя Вялікай Перамогі і 75-годдзя абароны Магілёва. У іх ліку — гарадская патрыятычная акцыя “Вальс Перамогі”, агульнагарадскі праект “Стужка памяці”, акцыі “Ліст ветэрану”, “Кветкі каля дома”, “Іх імёнамі названы вуліцы”. Пры актыўным удзеле парламентарыяў у Магілёўскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя К.Маркса адбыўся тэлемост Магілёў — Тула, прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі, у якім прынялі ўдзел ветэраны ВАВ, кіраўніцтва двух гарадоў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, пісьменнікі, гісторыкі, пошукавікі.

У 2017 годзе Магілёў адзначыў свой 750-ы дзень нараджэння. Падарунак гораду — добрыя справы маладых парламентарыяў: арт-праект “Магілёў вядомы і невядомы”, акцыя “Прызнанне ў любові Магілёву”, інтэрактыўная пляцоўка “100 прычын, чаму я люблю Магілёў”.

Інфармацыю пра сваю работу члены маладзёжнага парламента размяшчаюць у групе ва “УКантакце”. Сёння мы працуем над тым, каб у моладзі з’явіўся свой сайт, і падтрымлівае нас у нашым імкненні гарадскі Савет дэпутатаў.

Далучэнне і рэалізацыя глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў” дазволіла магіляўчанам стварыць сваю ўнікальную мадэль эфектыўнага ўзаемадзеяння дарослых і дзяцей у горадзе.

У студзені бягучага года ў Магілёве быў праведзены маніторынг становішча дзяцей і падлеткаў, які дапамог убачыць, як жывецца юным грамадзянам у нашым родным горадзе, што ўжо зроблена для дзяцей і над чым трэба будзе яшчэ папрацаваць.

На пачатку кастрычніка адбыліся выбары ў трэцяе скліканне маладзёжнага парламента, а гэта новыя ідэі, ініцыятывы, праекты. Сёння маладзёжны парламент Магілёва замацаваўся на прыступцы, калі дзеці і моладзь выступаюць ініцыятарамі акцый, праграм, праектаў, а дарослыя дапамагаюць ім рэалізоўваць іх прапановы. Гэта высокі ўзровень адказнасці як дарослых, так і дзяцей, бо наш горад — гэта наша адказнасць.

Дзмітрый АЛЯКСЕЕНКА,
дырэктар мнагапрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва.