У дапамогу лесу — “Зялёны патруль”

У сярэдняй школе № 2 Чавус экалагічнаму выхаванню надаецца немалое значэнне. Для першакласнікаў ва ўстанове дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Зялёны патруль”. Сярод форм яго дзейнасці — заняткі-экскурсіі ў лесагаспадарчыя ўстановы, тэматычныя гутаркі са спецыялістамі лясной гаспадаркі, творчыя праграмы.

У рамках работы аб’яднання адначасова адбываецца прафесійная арыентацыя вучняў, знаёмства з прафесіяй работніка дзяржаўнай лясной аховы. Фарміраванне экалагічнай дасведчанасці праходзіць не толькі ў класным кабінеце, але і непасрэдна ў лясах.

Першакласнікі прымалі ўдзел у пасадцы дрэў, знаёміліся з рознымі напрамкамі лесагаспадарчай і лесапрамысловай дзейнасці, паляўніцтвазнаўства, наведвалі экалагічны музей Чавускага лясгаса. Дзеці з задавальненнем падрыхтавалі прыродаахоўны спектакль “Лясная гісторыя”, удзельнічалі ў рэспубліканскіх акцыях “Чысты лес” і “Тыдзень лесу”. А яшчэ ў мінулым годзе яны самастойна пасадзілі 113 дэкаратыўных саджанцаў.

Такім чынам вучні на ўласным практычным вопыце засвоілі, што лясныя багацці — гэта аднаўляльны экалагічны рэсурс, які мае патрэбу ў ахове і абароне.

Кацярына ЕЛІСЕЕНКА,
метадыст аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу
Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.