У чаканні новых перамог

Перамогі беларускіх спартсменаў на зімовай Алімпіядзе ў Пхёнчхане сталі магутным стымулам для дасягнення высокіх вынікаў юнымі спартсменамі Мсціслаўшчыны на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па кікбоксінгу, які адбыўся ў Мінску. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды ўсіх рэгіёнаў, усяго каля 200 удзельнікаў. У каманду Магілёўскай вобласці ўвайшлі навучэнцы сярэдняй школы № 2 Мсціслава Уладзіслаў Свіцянкоў і Раман Казакоў.

Юнакі шосты год займаюцца ў трэнера вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па кікбоксінгу і тайландскім боксе Валерыя Мікалаевіча Філіпенкі, які суправаджаў іх на чэмпіянат. Юныя спартсмены выступалі ў спаборніцтвах у раздзеле К-1, які кваліфікуецца ў гэтым відзе спорту як самы жорсткі. У выніку навучэнец 9 класа Уладзіслаў Свіцянкоў узнагароджаны залатым медалём у вагавой катэгорыі 57 кг. Ён выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па кікбоксінгу і прайшоў адбор у склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь. У верасні 2018 года Уладзіслаў прыме ўдзел у чэмпіянаце свету па кікбоксінгу ў Італіі. Не застаўся без узнагароды і Раман Казакоў, навучэнец 10 класа. Ён стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату.

Наперадзе ва Уладзіслава і яго трэнера складаны перыяд напружаных трэніровак. Радуе тое, што ў Валерыя Мікалаевіча гэта не першы падобны вопыт. У 2014 і 2015 гадах яго вучні ўжо заваёўвалі званне чэмпіёна свету. Спадзяёмся, што будучыя выпрабаванні будуць па сілах нашым землякам і яны адзначацца новымі сусветнымі рэкордамі.

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Мсціслава.