Твой выбар — тваё жыццё

Кожны дарослы з усёй адказнасцю разумее, што ні ў якім выпадку нельга дапускаць рост здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Таму ўсюды ва ўстановах адукацыі педагогі імкнуцца да фарміравання ў асобах дзяцей правільных маральных каштоўнасцей.


З гэтай мэтай у сярэдняй школе № 4 Клімавіч прайшоў адзіны тыдзень прававых ведаў. Падчас працяглага мерапрыемства настаўнікі імкнуліся даць навучэнцам элементарныя веды аб іх правах і абавязках у даступнай для кожнага дзіцяці форме.

У дзень адкрыцця “Прававога тыдня” ў школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава метадычнай літаратуры, дапаможнікаў, брашур па тэме прававой асветы педагогаў, непаўналетніх і іх бацькоў. Былі аформлены і тэматычныя выставы “Я — дзіця, я — чалавек, які мае свае правы”, “Твой выбар — тваё жыццё”. Наступныя прававыя дні таксама прайшлі насычана. Так, вучні 1—5 класаў прымалі ўдзел у выставе “Я малюю свае правы”. З мэтай актуалізацыі ведаў дзяцей аб правах чалавека адбылася акцыя “Прававое дрэва”, тэматычныя прафілактычныя заняткі. Навучэнцы 8—9 класаў сустрэліся з супрацоўнікам РАУС Аляксандрам Кухаравым, які расказаў падлеткам пра ўплыў курэння тытуню і наркатычных сумесей на дзіцячы арганізм, наступствы пасля іх прыняцця і распаўсюджвання. Гэтак жа была арганізавана сустрэча навучэнцаў 7—8 класаў з начальнікам раённай інспекцыі па справах непаўналетніх Дзянісам Герасімавым, які паведаміў аб мерах адказнасці за здзяйсненне злачынстваў. У шосты школьны дзень сярод вучняў 8—9 класаў прайшоў турнір “Твае правы, падлетак!”. Акрамя таго, ва ўсіх класах школы былі праведзены тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх, фарміраванню здаровага ладу жыцця.

У выніку праведзенага прававога тыдня былі абагульнены веды дзяцей аб асноўных правах чалавека, паказана адзінства правоў і абавязкаў, бо няведанне закона не вызваляе ад адказнасці.

Алена ІВАНЦОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*