Тут усім цікава

Недалёка ад Магілёва, акружаная мноствам невялічкіх блакітных азёр, ураджайных палёў, непралазных ельнікаў і шумлівых бароў размясцілася вёска Кадзіна, якая з нядаўніх часоў стала адным з першых у Магілёўскім раёне аграгарадком. У цэнтры паселішча, па суседстве з прыгожай велічнай царквой узвышаецца двухпавярховы цагляны будынак школы, куды з задавальненнем кожную раніцу спяшаюцца 387 вучняў і некалькі дзясяткаў настаўнікаў. Тут вучні і настаўнікі праводзяць большую частку дня і не спяшаюцца асабліва дадому. Чаму? Адказ вельмі просты: тут усім цікава! Асабліва вучням, у якіх ёсць вялікая магчымасць не толькі вучыцца, але і тварыць. Тварыць у поўным сэнсе гэтага слова. Бо ў школе паспяхова складваюцца, развіваюцца і памнажаюцца цікавыя традыцыі, з якімі звязана жыццё дзяцей.


Напрыклад, стала добрай традыцыяй штогод аказваць шэфскую дапамогу Зарасцянскаму сацыяльнаму прытулку Магілёўскага раёна. Кожны год у школе рыхтуюцца тэатралізаваныя пастаноўкі да Ражджаства Хрыстова, Вялікадня, з якімі навучэнцы выступаюць не толькі перад сваімі вучнямі і настаўнікамі, але і наведваюць розныя ўстановы ў межах раёна і горада. Кожны год непаўторна праходзіць сустрэча і з былымі воінамі-афганцамі, і з выпускнікамі школы. Стала традыцыяй абавязкова прымаць удзел у конкурсе строю і песні, які прысвячаецца Дню абаронцаў Айчыны.

Напэўна, цяжка ў нашай установе адукацыі знайсці вучня, які б не паспрабаваў сябе ў ролі вядучага ці акцёра на сцэне, не ствараў бы сваімі рукамі розныя вырабы ў школьных майстэрнях, не адстойваў бы гонар класа, школы, а то і раёна ці вобласці ў самых разнастайных спартыўных спаборніцтвах.

Асобна хочацца спыніцца на традыцыях, якія звязаны з ушанаваннем роднай мовы. Вядома, што мова — частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, дарэчы, і працягваюць жыць нацыянальныя традыцыі. Наша ўстанова адукацыі рускамоўная, таму роднае слова гучыць больш, на жаль, толькі на ўроках мовы і літаратуры. А так хочацца, каб такая мілагучная мова чулася з вуснаў не толькі пажылых вяскоўцаў, але і нашых дзетак.

Менавіта таму ў навучальнай установе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, даволі значных па аб’ёме, у падрыхтоўцы і правядзенні якіх прымаюць непасрэдны ўдзел школьнікі. Як сведчаць водгукі саміх вучняў, яны заўсёды застаюцца задаволенымі, бо далучаюцца да сціплага, трапяткога роднага слова, маюць магчымасць чарговы раз паказаць свае творчыя здольнасці.

“Размаўляем па-беларуску” — так называецца інтэлектуальная гульня, якую пачалі праводзіць з мінулага навучальнага года ў Кадзінскай сярэдняй школе і ў якой з задавальненнем прымаюць удзел вучні 5—11 класаў. Гэта аналаг штотыднёвай тэлевізійнай гульні на канале “Беларусь 3”.

Першымі згулялі каманды старшакласнікаў, 10 і 11 класаў. Яны, можна сказаць, далі старт новай школьнай традыцыі. Яе падхапілі сямікласнікі, потым шасцікласнікі, якія спаборнічалі ў паралелях. За права звацца лепшымі мовазнаўцамі школы пазмагаліся каманды ўсіх класаў.

Кожная гульня тэматычная, прысвечаная нейкаму пісьменніку-юбіляру ці важнай падзеі з жыцця краіны. Кожнае спаборніцтва праходзіла цікава, захапляльна і, што немалаважна, стала карысным для ўсіх вучняў. Бо праверыць свае веды, уменне перакладаць з рускай мовы на родную, тлумачыць фразеалагізмы, цытаваць паэтычныя радкі, паказаць валоданне матчыным словам змаглі не толькі непасрэдныя ўдзельнікі, але і балельшчыкі, якія прыйшлі падтрымаць свае каманды. Хваляваліся за сваіх выхаванцаў і класныя кіраўнікі.
Традыцыйна напрыканцы першай чвэрці ў Кадзінскай школе ладзяцца балі для навучэнцаў 9—11 класаў. Яны таксама заўсёды тэматычныя. Калі паўстала пытанне, каму будзе прысвечаны баль чарговы раз, сумненняў не было — Янку Купалу! І гэта задума аказалася ўдалай!

Прыемна было бачыць, як падлеткі натхнёна ўзяліся за работу: беларуская мова загучала ў класах і калідорах, на сцэне ў актавай зале і на школьных спартыўных пляцоўках — усюды, дзе знаходзілася месца для рэпетыцый. З асаблівым натхненнем вучні танцавалі, спявалі, вучылі вершы, займаліся пастаноўкай камедыі “Паўлінка”. А настаўнікі-мовазнаўцы з радасцю аказвалі школьнікам дапамогу: раілі, якія вершы выбраць для конкурсу чытальнікаў, які ўрывак з “Паўлінкі” праінсцэніраваць.

Баль прайшоў у форме конкурснай праграмы. Бадзёры настрой панаваў на працягу ўсяго мерапрыемства. Такой прыгажосці, здаецца, не бачылі ніколі: яркія нацыянальныя касцюмы, стылізаванае афармленне залы, беларускія стравы…

Навучэнцы спаборнічалі ў конкурсах “Запрашаем на танец”, “У госці да Паўлінкі” (які выявіў новыя акцёрскія таленты, а дзесяцікласніка Уладзіслава Мельнікава натхніў на выбар прафесіі акцёра), “Вядомы і невядомы Купала”, у конкурсе чытальнікаў паэтычных твораў “Не замоўкнуць ніколі Купалавы словы”.

І яшчэ адна традыцыя існуе ў нашай школе: шырока адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы. Кожны год гэты дзень ва ўстанове праходзіць незвычайна, непаўторна. У гэтым годзе свята прайшло асабліва цікава: сваю дапамогу школе прапанавалі спонсары — ААТ “Прыгожае рашэнне” прадаставіла салодкія падарункі ў якасці ўзнагарод для пераможцаў мерапрыемстваў.

Асаблівую ўрачыстасць надавала і ўбранне школы: разнастайныя плакаты, малюнкі розных прадметаў з надпісамі на рускай і беларускай мовах, якія папулярызуюць родную мову: “Смак роднай мовы”, “Апранаемся па-беларуску”, “Птушкі па-беларуску”, “Прыгажосць роднага слова”, “Рэцэпты страў на беларускай мове”, выказванні пра мову “Маё першае слова на роднай мове” і інш. Роднае слова ў гэты дзень гучала ўсюды.

Свята пачалося з самай раніцы. Вучні-старшакласнікі, некаторыя настаўнікі і нават бацькі пажадалі прыняць удзел у напісанні адзінай дыктоўкі па беларускай мове. Тэкст дыктоўкі быў узяты з твора нашага земляка Міхася Стральцова. Пераможцай стала вучаніца 10 класа Паліна Высоцкая.

Другім значным мерапрыемствам гэтага дня быў конкурс чытальнікаў “Мова любая мая”, у якім прынялі ўдзел 15 вучняў з розных класаў. Варта сказаць, што конкурс чытальнікаў у школе праводзіцца кожны год і звычайна бывае тэматычным: “Жывая класіка”, “Незагойнаю ранай мне Чарнобыль гарыць”, “Самае галоўнае ў жыцці” і інш.

Наша школа ганарыцца сваімі таленавітымі вучнямі і педагогамі.

Марыя СЦЕФАНЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.