Тургенеўскі баль

Ужо шмат гадоў у Кадзінскай сярэдняй школе існуе выдатная традыцыя правядзення баляў. Баль — гэта візітная картка нашай установы. Гэта не проста забаўляльная дыскатэка, а пазнавальнае, займальнае і прыгожае дзеянне! Баль заўсёды прысвечаны нейкай пэўнай тэме або выдатнай асобе: “Франтавы баль”, “Баль савецкай моладзі”, “Пушкінскі”, “Лермантаўскі” … А ў гэтым годзе — Тургенеўскі баль!

Яшчэ задоўга да прызначанай даты хлопцы і дзяўчаты сталі рыхтавацца да такой адказнай ­па­дзеі ў школе: вучылі вершы, спявалі рамансы, падбіралі п’есы для тэатральных пастановак, развучвалі танцы ХІХ стагоддзя, рыхтаваліся ­да інтэлектуальнага конкурсу. Старшакласнікі спрабавалі разгадаць таямніцу асобы Івана Сяргеевіча Тургенева, выдатнага майстра слова, які дасканала валодаў багаццямі мовы. Пра жыццё і творчасць пісьменніка неабходна ве­даць значна больш, чым патрабуе школьная праграма. На дапамогу дзецям прыхо­дзілі інтэрнэт, вучэбная літаратура, спецыяльна аформленыя да знамянальнай даты школьныя стэнды.

І вось доўгачаканы момант адкрыцця Тургенеўскага балю настаў! Дзяўчаты 9—11 класаў у шыкоўных бальных сукенках, юнакі ў фраках і белых кашулях урачыста ўвайшлі ў залу. Усё гатова для правядзення мерапрыемства. Вядучыя, навучэнцы 10 класа Дар’я Мацюшонак і Максім Кунцэвіч, пазнаёмілі прысутных з жыццём і творчасцю выдатнага пісьменніка.


Першым ­конкурсам быў “Танец праз ­ста­годдзі”. Навучэнцы прадставілі на суд журы папулярныя танцы XIX стаго­ддзя: кадрылю, катыльён, мазурку, польку. Працягнуў баль паэтычны конкурс “Хвалюючыя душу радкі”. Навучэнцы чыталі вершы і ўрыўкі з празаічных твораў Івана Сяргеевіча Тургенева.

Тэатр… Любоў да яго… Любоў палымяная і нязменная з юных гадоў і да канца жыцця не пакідала Тургенева. Шмат і плённа працаваў ён на ніве рускага тэатральнага мастацтва. У конкурсе “Яго вялікасць тэатр!” юныя артысты ўразілі ўсіх акцёрскім майстэрствам, пражываючы на сцэне жыццё тургенеўскіх герояў.

Старадаўнія рамансы… Колькі ў іх душэўнага цяпла і абаяльнасці! Яны заўсёды знаходзяць шлях да чалавечых сэрцаў. Конкурс “Зачараванне рамансам” — гэта свое­асаблівая споведзь душы. Выконваючы рамансы, хлопцы і дзяўчаты спрабавалі выказаць пачуцці кампазітараў і паэтаў.

Завяршыў конкурсную праграму інтэлектуальны конкурс, прысвечаны жыццю і творчасці І.С.Тургенева. І вось яно — хвалюючае падвядзенне вынікаў. Лепшых у намінацыях было вельмі шмат, але пераможцамі сталі навучэнцы 10 класа, 2-е месца — у ­адзінаццацікласнікаў, 3-е дасталася вучням 9 “А” класа.

Літаратурныя балі робяць жыццё школы жывым і ўнікальным. Толькі скончыўся Тургенеўскі баль, а хлопцы і дзяўчаты ўжо думаюць пра тое, што чакае іх у наступным годзе. Наперадзе баль 2019 года!

Алена БАГАМАЗ,
настаўніца геаграфіі Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.