Сумесныя праекты школы і сям’і

Узаемадзеянне сям’і і школы заўсёды было ў цэнтры ўвагі педагогаў і псіхолагаў. Сям’я павінна закласці ў дзіцяці асновы маральнасці, асноўнай задачай школы з’яўляецца стварэнне ўмоў для рэалізацыі ўнутранага патэнцыялу дзіцяці. Таму вялікае значэнне ў рабоце з бацькамі малодшых школьнікаў мае прадуманая і выразна арганізаваная сістэма супрацоўніцтва на аснове сучасных інавацыйных тэхналогій.

Адным з эфектыўных сродкаў арганізацыі ўзаемадзеяння школы і сям’і з’яўляецца праектная дзейнасць. Уцягнутасць у праект дазваляе ўсім членам сям’і стаць непасрэднымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, узбагаціць свой педагагічны вопыт, адкрыць невядомыя бакі ўласнага дзіцяці, адчуць задавальненне ад сваіх поспехаў і поспехаў дзіцяці. Сістэмная праца паступова дасць вынікі: бацькі з гледачоў і назіральнікаў стануць актыўнымі ўдзельнікамі сустрэч і памочнікамі настаўніка.

Я пачынаю работу над праектамі з 1 класа. Мэты такіх праектаў — фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, экалагічнай культуры школьнікаў, фарміраванне здаровага ладу жыцця, духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання ў дзяцей, далучэнне іх да культурнай спадчыны свайго народа. Працуючы над праектам “Агародніна на стале — здароўе мне”, першакласнікі з вялікай цікавасцю праводзілі даследаванне, шукалі адказы на пытанні, вучылі вершы пра агародніну, рабілі вырабы, малявалі малюнкі, развучвалі песні. Заключным этапам праекта стала адкрытае мерапрыемства з удзелам бацькоў “Залатая восень”. Праект “Прыказка — усім справам памочніца” далучыў дзяцей да фальклору. Дзеці даведаліся і запомнілі шмат прыказак сваёй малой радзімы. Вынікам праектаў “Мой радавод”, “У свеце жывёл” сталі конкурсныя праграмы з удзелам бацькоў, бабуль і дзядуляў. Вельмі падабаецца дзецям праводзіць розныя доследы і эксперыменты. Праект “Вада ў прыродзе” дапамог не толькі даведацца пра ўласцівасці і ператварэнні вады, але і навучыў беражлівым адносінам да яе. На ўроках прадмета “Чалавек і свет” даследавалі ўласцівасці паветра, солі. Запомніўся ўсім праект “Малыя Алімпійскія гульні”. Хлопцы самастойна шукалі адказы на пытанні праекта, кожная група абараняла праект. Заключным этапам стала спартыўнае мерапрыемства з бацькамі.

Малодшыя школьнікі, удзельнічаючы ў такой дзейнасці, рэалізуюць свае схаваныя магчымасці, раскрываюць асабістыя якасці. У дзяцей павышаецца самаацэнка, цікавасць да вучэбнай дзейнасці, развіваюцца рэфлексіўныя ўменні, самастойнасць, самакантроль. Яны становяцца больш прыстасаванымі да жыцця, умеюць адаптавацца да яго зменлівых умоў, лёгка ўзаемадзейнічаюць з рознымі людзьмі. У выніку расце павага і паразуменне паміж удзельнікамі праекта, а самае галоўнае — папаўняецца дэфіцыт зносін дзяцей з бацькамі.

Наталля ЧЫЖ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Мсціслава.