Спартыўныя перамогі не скончацца

Гордасцю сярэдняй школы № 2 Мсціслава з’яўляецца кіраўнік секцыі па тайландскім боксе і кікбоксінгу Валерый Філіпенка. Ён не адзін раз выстаўляў каманду раёна на спартыўных спаборніцтвах розных узроўняў і ўсяляў сваім выхаванцам пачуццё ўпэўненасці ў сваіх сілах. Шматлікія ўзнагароды за высокі прафесіяналізм і перамогі яго выхаванцаў гавораць пра многае.

У 2015 годзе нашым выпускніком стаў Мікалай Свядомскі, чэмпіён Еўропы і свету па муай-тай і тайландскім боксе ў Турцыі, Малайзіі, Італіі, майстар спорту, стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, чалавек года нашага раёна. Ён стаў студэнтам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і па-ранейшаму займаецца любімым відам спорту.

Добры педагог заўсёды рыхтуе годную змену былым вучням. Так атрымалася і ў нашым выпадку. У гэтым годзе на першынстве вобласці па тайландскім боксе сярод юнакоў вучні Валерыя Мікалаевіча атрымалі пяць перамог, заваяваўшы дыпломы I і II ступені. На Міжнародным турніры па тайландскім боксе “Кубак залатога льва” выхаванцы В.Філіпенкі таксама вярнуліся з дыпломамі і медалямі. У ліку пераможцаў Мікіта Аблогін, Іван Калошка, Антон Пракаповіч, Іван Целяпнёў, Арцём Краўцоў, Уладзіслаў Свіцянкоў, Аляксандр Цітоў, Раман Казакоў. Асабліва хочацца адзначыць дасягненне на той час сямікласніцы Аляксандры Інтарэсавай, якая заняла 1-е месца ў першынстве рэспублікі па муай-тай і ў Міжнародным турніры “Кубак залатога льва” ў вагавой катэгорыі да 48 кг.

Спорт дапамагае навучэнцам не толькі рацыянальна размяркоўваць час, але і выхоўваць у сабе такія важныя для чалавека якасці, як вынослівасць, самадысцыпліна, адказнасць. Нягледзячы на тое, што трэніроўкі праходзяць пяць разоў на тыдзень, усе выхаванцы таленавітага трэнера добра вучацца, маю ць прыкладныя паводзiны, з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд па вучэбных прадметах, а таксама самымі актыўнымі ўдзельнікамі школьных і раённых мерапрыемстваў. Акрамя таго, юныя спартсмены імкнуцца да самастойнага вывучэння вучэбнага матэрыялу і дадатковых заняткаў з выкладчыкамі. Яны ведаюць, што шлях да пастаўленай мэты лёгкім не бывае.

Акрамя амаль штодзённых трэніровак са сваімі выхаванцамі, В.Філіпенка імкнецца ствараць годныя ўмовы для заняткаў любімым відам спорту і працягвае ўмацоўваць вучэбна-матэрыяльную базу. У мінулым годзе ажыццявілася яго даўняя мара. Пры садзейнічанні старшыні Беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса намесніка міністра МУС Ю.Караева ў памяшканні для заняткаў кікбоксінгам быў усталяваны сапраўдны баксёрскі рынг, дзе трэніруюцца навучэнцы не толькі нашай школы, але і ўсяго раёна. Гэта дазваляе нам таксама праводзіць рознаўзроўневыя спаборніцтвы па муай-тай і тайландскім боксе.

Спадзяёмся, што добрую школу ўсходніх адзінаборстваў тут атрымае яшчэ не ад зін юны спартсмен, а чэмпіёнаў Еўропы і свету стане значна больш.

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Мсціслава.