Роўныя магчымасці для асаблівых дзяцей

Педагогі нашай спецыяльнай дашкольнай установы дастаткова эфектыўна аказваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям, якія маюць цяжкія парушэнні маўлення. У гэтым годзе мы выпусцілі 17 дашкольнікаў. Станоўчая дынаміка маўленчага развіцця адзначаецца ва ўсіх выхаванцаў, а каля 65 працэнтаў з іх змогуць працягваць далейшае навучанне па адукацыйнай праграме агульнай сярэдняй адукацыі. У верасні яны сядуць за школьныя парты разам з іншымі першакласнікамі, нічым асаблівым не адрозніваючыся ад равеснікаў.


Гэтаму дасягненню садзейнічала мэтанакіраваная сістэмная работа ўсяго педагагічнага калектыву, асабліва настаўнікаў-дэфектолагаў Наталлі Міхайлаўны Гаманковай і Ірыны Тэлясфораўны Ганчаронак. За гады плённай дзейнасці ў гэтых педагогаў выпрацаваўся індывідуальны падыход да дзяцей, знойдзены ўдалыя метады і прыёмы навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Так, Ірына Тэлясфораўна Ганчаронак шырока выкарыстоўвае Су-Джок тэрапію, накіраваную на развіццё дробнай маторыкі, нармалізацыю мышачнага тонуса, што дапамагае актывізаваць разумовае і маўленчае развіццё дзяцей. Наталля Міхайлаўна Гаманкова склала і ўкараняе ў работу свой аўтарскі вучэбна-наглядны дапаможнік “Пагуляем разам”. Дапаможнік прызначаны для правядзення індывідуальнай работы з дашкольнікамі 5—7 гадоў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Ён выклікае цікавасць і ў бацькоў, паколькі дапамагае ўцягнуць іх у адукацыйны працэс са сваім дзіцем, замацаваць з ім атрыманыя веды, уменні і навыкі ў дамашніх умовах.

Немалаважна, што нашы настаўнікі-дэфектолагі працуюць у цесным узаемадзеянні з выхавальнікамі і спецыялістамі дзіцячага сада, бацькамі дзяцей. Шляхам такога супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых удаецца паспяхова пераадольваць маўленчыя парушэнні малышоў. Хлопчыкі і дзяўчынкі выходзяць са сцен нашай дашкольнай установы добра падрыхтаванымі да навучання ў школе. Дзякуючы трыадзінству адукацыйнай прасторы “педагог — дзіця — бацькі”, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця забяспечваюцца роўныя з іх равеснікамі стартавыя магчымасці.

Святлана ЗУБАРАВА,
выхавальніца спецыяльнага дзіцячага сада № 20 Магілёва.