Разам з бацькамі

Яслі-сад № 1 Круглага некалькі гадоў запар працуе над вырашэннем задачы развіцця мовы і маўленчых зносін у выхаванцаў.

За гэты час педагагічны калектыў назапасіў шмат метадычных матэрыялаў тэарэтычнага і практычнага характару: распрацаваны і рэалізаваны праект “Развіццё інтанацыйнай выразнасці мовы дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі тэатралізаванай дзейнасці”, праведзены семінары-практыкумы “Гульні і гульнявыя практыкаванні з дзецьмі па фарміраванні гукавой культуры мовы”, “Тэатр аднаго акцёра”, абагульнены вопыт работы “Развіццё звязнай мовы дзяцей дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне элементаў ТРВЗ-тэхналогій”, праведзены майстар-класы для педагогаў унутры ўстановы адукацыі, распрацавана шмат канспектаў заняткаў па развіцці маўлення і інш.

У гэтым  навучальным годзе педагагічны калектыў установы накіраваў свае намаганні на фарміраванне інтанацыйнай выразнасці маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзрос­ту праз тэатралізаваную дзейнасць.

Тэматычны кантроль дзейнасці калектыву па тэме паказаў, што ў дзяцей павысіўся ўзровень камунікацыі, яны навучыліся валодаць сваім голасам, мімікай, пантамімікай, перадаваць розныя эмоцыі. Выхаванцы і педагогі з вялікай актыўнасцю акунуліся ў свет тэатра.

Кульмінацыйным момантам і, так бы мовіць, дэманстрацыяй дасягненняў стала правядзенне сумеснага з бацькамі мерапрыемства “Вясёлы кірмаш”. На падмостках дзеці, выхавальнікі і бацькі ладзілі тэатральна-гульнявую пастаноўку, паказваючы добрую падрыхтаванасць і валоданне прыёмамі сцэнічнага пераўвасаблення. Усе героі кірмашу былі апрануты ў касцюмы, якія вельмі добра адпавядалі тэме пастаноўкі, характару роляў, якія выконвалі дзеці і дарослыя. І ў гэтым мы бачым заслугу неабыякавых да таго, што адбываецца ва ўстанове, бацькоў.

Між тым педагогі ў ходзе анкетавання заўважылі, што таты і мамы не ведаюць, як арганізаваць тэатралізаваную дзейнасць дома. Менавіта таму рашэннем педагагічнага савета было назначана правядзенне семінара “Тэатралізаваная дзейнасць у дзіцячым садзе і дома”. На працягу семінара выхавальнікі знаёмілі бацькоў з рознымі відамі тэатра, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце з дзецьмі ў садку, давалі парады па арганізацыі тэатра ў дамашніх умовах. Выхаванцы яшчэ раз прадэманстравалі бацькам свае ўменні ў валоданні інтанацыйнай выразнасцю маўлення, а бацькі вучыліся праводзіць тэатралізаваныя гульні з дзецьмі. Напрыканцы семінара таты і мамы выступілі з падзякай і рашучым жаданнем далей удзельнічаць у мерапрыемствах, якія будуць ладзіцца ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

І цяпер мы, педагогі, ведаем: станоўчы эмацыянальны настрой бацькоў на сумесную дзейнасць дае ўпэўненасць, што дзіцячы сад паступова становіцца адкрытай установай адукацыі.

Алена ПАЎЛЕНКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Круглага Магілёўскай вобласці.