Падзяліліся педагагічным вопытам

У нашай дашкольнай установе паспяхова рэалізуецца інавацыйны праект “Формы і метады работы па фарміраванні грамадзянскай ідэнтычнасці выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі”. Вынікамі гэтай дзейнасці педагагічны калектыў падзяліўся з калегамі. У семінары на базе ясляў-сада прынялі ўдзел педагогі вобласці, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”.

Асаблівае месца ў праграме прэзентацыі вопыту заняла выстава “Інавацыйны погляд на адукацыю”, дзе былі прадстаўлены тэарэтычныя і практычныя матэрыялы па далучэнні выхаванцаў да культурнай спадчыны беларускага народа, электронныя рэсурсы, фатаграфіі, якія захавалі самыя яркія моманты адукацыйнага працэсу ў бягучым навучальным годзе. Выставу ўпрыгожылі абярэгавыя лялькі, вырабленыя педагогамі ў ходзе майстар-класаў для законных прадстаўнікоў выхаванцаў і вучэбных заняткаў з выхаванцамі; крэатыўны вынік дзіцяча-бацькоўскай творчасці — народныя лялькі, сямейныя гербы, генеалагічнае дрэва. І, вядома ж, вынік карпатлівай працы педагагічнага калектыву — дыдактычныя гульні “Генеалагічнае дрэва”, “Рыхтуем беларускія стравы”, “Беларускія святы і традыцыі”, “Беларускія народныя промыслы”, “Цацка”, “Чацвёрты лішні”, “Асацыяцыі”, даміно “Посуд” і інш.

Удзельнікі семінара мелі магчымасць пазнаёміцца з шырокім спектрам форм работы з выхаванцамі: гульня-падарожжа на кірмаш народных промыслаў з выхаванцамі другой малодшай групы і іх бацькамі, пазнавальныя заняткі з дапамогай інтэграцыі адукацыйных галін “Выяўленчае мастацтва, фальклорнае свята “Вячоркі” са старшымі групамі. Акрамя гэтага, быў прадстаўлены вопыт работы ўстановы дашкольнай адукацыі па тэме “Фестываль педагагічнага майстэрства як адна з форм павышэння прафесійнай кампетэнцыі ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці”.

Прыемным дадаткам да семінара стала знаёмства з музеем “Гісторыя Кадзінскага краю” і наведванне храма Святога велікамучаніка Панцеляймона.

Ларыса ПЕТРУСЁВА,
загадчыца ясляў-сада аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна.