Пачатак шляху да поспеху

Першая сур’ёзная жыццёвая праблема, з якой сутыкаюцца старшакласнікі, — гэта выбар будучай прафесіі. Пытанне “Кім я буду?” задае сабе кожны малады чалавек. І тут галоўнае — не разгубіцца, сарыентавацца і зрабіць правільны выбар, які адпавядае інтарэсам, здольнасцям, магчымасцям, каштоўнасным устаноўкам і патрабаванням, што прад’яўляюць прафесіі да асобы чалавека. Правільна зроблены падлеткам выбар — гэта пачатак шляху да поспеху, да самарэалізацыі, да псіхалагічнага і матэрыяльнага дабрабыту ў будучыні.

Ёсць два спосабы выбару прафесіі. Першы — гэта метад проб і памылак: чалавек шукае ўсляпую, спрабуючы сябе ў розных сферах, пакуль не знойдзе тое, што будзе прыносіць яму і сродкі для дастойнага жыцця, і задавальненне ад работы. Але гэта можа быць вельмі цяжкі і доўгі працэс. Магчымы іншы шлях — вывучыць сябе, азнаёміцца са светам прафесій, даведацца пра патрабаванні, якія прад’яўляе прафесія, а потым суаднесці іх са сваімі асаблівасцямі. І гэты вельмі сур’ёзны выбар нельга адкладваць на потым, каб не было нясцерпна балюча.

Сарыентавацца ў выбары прафесіі і прадумаць магчымыя шляхі яе атрымання дапамагае сістэма прафарыентацыі, арганізаваная ўстановамі адукацыі. Выбар прафесіі адбываецца не імгненна, а на працягу доўгага часу, таму прафарыентацыйная работа ў школе вядзецца пастаянна. Мэтай гэтай работы з’яўляецца садзейнічанне стварэнню асноўных умоў, якія спрыяюць фарміраванню ў навучэнцаў грамадска значных матываў выбару прафесіі і ўсвядомленай цікавасці да праблемы прафесійнага вызначэння, а таксама развіццё асобасных якасцей, неабходных для авалодання выбранай прафесіяй.

Адной з форм прафесійнага самавызначэння навучэнцаў у сярэдняй школе № 35 Магілёва з’яўляецца фарміраванне гібкай сістэмы кааперацыі ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з установамі дадатковай і прафесійнай адукацыі, прадпрыемствамі горада. Паколькі сёння рынак працы адчувае недахоп рабочых кадраў і ціка­васць да такіх відаў дзейнасці ў моладзі зніжана, прадстаўнікі прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Магілёва з’яўляюцца частымі гасцямі нашай школы. У выніку такіх сустрэч падлеткі пашыраюць свой кругагляд пра свет прафесій, ад прадстаўнікоў  якіх атрымліваюць вельмі каштоўную інфармацыю. Даведваюцца пра плюсы і мінусы ступеньчатай адукацыі, умовы прыёму выпускнікоў базавай школы, перспектывы працаўладкавання, заработную плату спецыялістаў тых ці іншых прафесій.

Штогод у сакавіку ў школе праходзіць тыдзень прафарыентацыі “Аб прафесіях розных, патрэбных і важных”. У гэтым навучальным годзе ў рамках тыдня быў праве­дзены шэраг мерапрыемстваў з мэтай навучання школьнікаў асновам выбару прафесій, развіцця іх прафесійных інтарэсаў, схільнасцей і якасцей, важных для прафесійнага самавызначэння, знаёмства са спецыфікай прафесійнага навучання і спосабамі прафесійнай падрыхтоўкі ў навучальных установах рознага тыпу, інфармаванне навучэнцаў пра падрыхтоўчыя курсы, прыём у навучальныя ўстановы, дні адкрытых дзвярэй.

На працягу тыдня прафарыентацыі спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы правялі дыягнастычныя даследаванні навучэнцаў 9—11 класаў з мэтай вызначэння прафесійнай скіраванасці іх цікавасцей і схільнасцей, прафесійнага тыпу асобы. Падчас дыягнастычнай работы дзеці запаўнялі прафарыентацыйныя карты, аналізавалі свае вынікі дыягностыкі ў дынаміцы развіцця прафесійных інтарэсаў і схільнасцей. Пасля аналізу вынікаў школьнікі дзяліліся сваімі ўражаннямі. Пераважная большасць, па выказваннях навучэнцаў, пераканалася ў правільнасці свайго выбару, некаторыя прызналіся, што атрымалі інфармацыю для разважання. А сацыялагічнае апытанне навучэнцаў, задачай якога было высветліць, пра якія прафесіі мараць нашы дзеці, паказала, што многія жадаюць быць юрыстамі, інжынерамі, менеджарамі, эканамістамі і нават прэзідэнтамі, радзей — урачамі, настаўнікамі. Мала хто з дзяцей выбірае рабочыя спецыяльнасці.

Па індывідуальных запытах навучэнцаў у выпадку цяжкасці прафесійнага самавызначэння праводзілася паглыбленая дыягностыка з мэтай складання індывідуальнага партрэта асобы. Для навучэнцаў двух класаў былі праведзены прафарыентацыйныя мерапрыемствы, падчас якіх дзеці адгадвалі загадкі, выконвалі заданні, адказвалі на пытанні віктарыны, гулялі, рабілі высновы. Школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, паказалі добрыя веды пра прафесіі.

Для навучэнцаў 10-х класаў право­дзілася псіхалагічная гульня “Дарогамі прафесій”, мэта якой — пашырэнне ўяўленняў навучэнцаў пра свет прафесій, навучанне асновам выбару прафесіі, правядзенне першапачатковых прафесійных проб. Дзеці з энтузіязмам выконвалі прапанаваныя заданні, дэманстравалі творчасць і крэатыўнасць.

Навучэнцы 10-х класаў складалі калажы “Карта жаданняў: мая прафесійная будучыня”, падчас работы над якімі візуалізавалі сваю будучыню і суадносілі асабістыя інтарэсы, хобі і захапленні з будучай прафесійнай дзейнасцю. Калажы атрымаліся вельмі цікавымі і маляўнічымі. Школьнікі прадумана і арыгінальна падышлі да абароны сваіх праектаў (у вершах, у форме апавядання-разважання і г.д.).

Для выпускнікоў школы, навучэнцаў 11-х класаў, праводзілася дзелавая гульня “Я і мая будучая прафесія”, у рамках якой яны даведваліся многа новага пра розныя прафесіі, стваралі і абаранялі праекты, разгадвалі крыжаванкі і рэбусы. А ў канцы гульні быў праведзены брэйн-рынг. Ён прайшоў у тры этапы (размінка, заданні на эрудыцыю і творчы конкурс). Усе ўдзельнікі прадэманстравалі веды аб прафесіях, эрудыцыю, знаходлівасць і пачуццё гумару.

Для дзевяцікласнікаў прайшоў трэнінг “У пошуках свайго прызвання”. У цікавай форме школьнікі актуалізавалі свае веды і ўяўленні пра свет прафесій, пра фактары, якія ўплываюць на выбар прафесіі, знаёміліся з тыпалогіяй і рознымі характарыстыкамі прафесій. А невялікія тэсты падчас заняткаў дапамаглі ўдзельнікам даведацца, да якога тыпу прафесіі яны схільны, а які від дзейнасці ім супрацьпаказаны.

На працягу тыдня працаваў кансультацыйны пункт “Прафарыентолаг” для бацькоў, навучэнцаў, педагогаў, дзе можна было атрымаць кваліфікаваную дапамогу педагогаў-псіхолагаў школы па пытаннях прафарыентацыі, выбару прафесіі, індывідуальную кансультацыю па выніках дыягностыкі прафесійных схільнасцей і асобасных якасцей, інфармацыю аб прафесіях, умовах прыёму ў навучальныя ўстановы, конкурсах, патрэбах рынку і інш.

Варта адзначыць, што бацькі актыўна наведваюць мерапрыемствы, арганізаваныя па пытаннях прафарыентацыі. Уключаюцца ў дыялог, агучваюць хвалюючыя праблемы, звязаныя з перспектывамі навучання і паступлення дзяцей ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. На такіх сустрэчах ставяцца пытанні правільнага размеркавання вучэбных і пазавучэбных нагрузак у залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці школьніка, арганізацыі вольнага часу, абмяркоўваюцца формы задавальнення адукацыйных запытаў навучэнцаў і бацькоў. Гэтыя мера­прыемствы дазваляюць пазбягаць праблем, звязаных з навучаннем, дасягаць кампрамісаў з бацькамі ва ўсіх спрэчных пытаннях, лёгка праходзіць навучэнцамі адаптацыйныя перыяды.

У школе аформлены і абнаўляецца стэнд па прафарыентацыі, дзе прадстаўлены матэрыялы для навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, даведачна-інфармацыйныя матэрыялы пра УВА, каледжы, прафесійныя ліцэі.

Для навучэнцаў праводзіліся і іншыя, не менш захапляючыя, мерапрыемствы, якія выклікалі жывую цікавасць і дазволілі задумацца пра выбар свайго жыццёвага і прафесійнага шляху.

Сняжана САЛАМАНДРА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 35 Магілёва;
Сяргей САЛАМАНДРА,
старшы выкладчык Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь.