Нашы перамогі — вам, ветэраны

Арганізацыя даследчай работы школьнікаў — гэта перш за ўсё выкарыстанне педагогамі аптымальных форм і метадаў работы, якія спрыяюць развіццю даследчых уменняў і навыкаў навучэнцаў. Адна з галоўных задач, што стаяць перад настаўнікамі, — узбройваць навучэнцаў асэнсаванымі, трывалымі ведамі, развіваючы самастойнае мысленне. Мэтай такой адукацыі з’яўляецца развіццё асобы дзіцяці, яго індывідуальнасці.

У год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў навучэнка абласнога ліцэя № 3 Ксенія Жыгадла і навучэнец сярэдняй школы № 25 Магілёва Антон Кунакін, якія з’яўляюцца членамі аб’яднання па інтарэсах “Ваенная гісторыя Беларусі” аддзела краязнаўства і пошукавай работы абласнога Цэнтра творчасці, пачалі даследчую работу пад назвай “Мы загінуўшым вяртаем імёны”. Работа была звязана з гісторыяй абароны горада на Дняпры. Гіпотэза пра магчымасць устанаўлення месцаў гібелі чырвонаармейцаў праз 75 гадоў знайшла пацвярджэнне практычным вынікам. Юныя аўтары даследавання прымалі ўдзел у пошукавых экспедыцыях, арганізаваных на аснове здабытых імі паказанняў сведкаў.

У выніку карпатлівай работы былі знойдзены і перапахаваны астанкі 13 герояў-чырвонаармейцаў. Чатыры імені экспертам удалося ідэнтыфікаваць. З небыцця вернуты Мікалай Рахаеў з Тульскай вобласці, Мікалай Таранец з Саратаўскай вобласці, а таксама ўраджэнцы Украінскай ССР Міхаіл Серык і Іван Жыгун.

Сваё маштабнае даследаванне Ксенія і Антон прадставілі на Усерасійскім конкурсе юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, які праходзіў у Маскве і на які было заяўлена звыш 900 работ. У выніку напружанай барацьбы нашы навучэнцы атрымалі ў конкурсе бліскучую перамогу, чым чарговы раз парадавалі кіраўнікоў даследавання настаўнікаў сярэдняй школы № 25 Вольгу Шулякоўскую і Юрыя Жыгадлу, а таксама педагога абласнога ліцэя № 3 Ларысу Віннік.

Юрый ЖЫГАДЛА,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 25 Магілёва.