“Наша “Анімаёўка”

Мультфільмы любяць глядзець усе — і дарослыя, і дзеці. Свет мультфільма — гэта свет фантазіі, мары, цёплых пачуццяў і добрага настрою. У адзін з шостых школьных дзён у актавай зале нашай школы прайшло цікавае мерапрыемства пад назвай “Наша “Анімаёўка”. У ім удзельнічалі юныя аматары мультфільмаў — навучэнцы 7 “А” і 7 “Б” класаў і іх бацькі.

Тэма мерапрыемства настроіла ўсіх на вясёлы лад. Дзеці і дарослыя здзейснілі незвычайнае падарожжа ў краіну мультфільмаў. “Наша “Анімаёўка” ўключала тры конкурсы: “Ура! “Саюзмультфільм”, “Чараўніцтва Дыснея” і “Загадкавае анімэ”. У кожны конкурс уваходзілі музычнае заданне (угадаць мелодыі з мультфільмаў), пытанні віктарыны (успомніць знакамітых герояў мультфільмаў) і творчыя мастацкія конкурсы (скласці пазл фрагмента вядомага фільма, стварыць вобраз свайго мультгероя).


Удзельнікі мерапрыемства парадавалі сваёй актыўнасцю і творчай ініцыятывай. Дзеці з цікавасцю адказвалі на пытанні, спрачаліся, знаходзілі правільныя адказы, праяўлялі ініцыятыву. Навучэнка 7 “А” класа Аляксандра Казячая цудоўна спела лірычную песню з мультфільма “Халоднае сэрца”, чым дапамагла сваёй камандзе набраць дадатковыя балы.

Прыемна здзівілі бацькі, якія з захапленнем падтрымлівалі дзяцей, удзельнічалі ў віктарыне, спявалі песні з мультфільмаў, сваёй зацікаўленасцю падбадзёрвалі ўсіх навучэнцаў 7-х класаў. Асабліва актыўна прадэманстравалі свае творчыя здольнасці бацькі вучняў 7 “Б” класа Агнеса Алегаўна Аляксеенка, Таццяна Васільеўна Майстэр, Алег Мікалаевіч Драздоў, Вера Міхайлаўна Шытава. Захопленыя дарослыя паказалі школьнікам цудоўны прыклад актыўнай жыццёвай пазіцыі. Бацькі і дзеці выступалі ў адным парыве і былі сапраўднай камандай. У выніку сімвалічны прыз — “залаты шар” — і дыплом І ступені атрымала каманда 7 “Б” класа.

У рамках мерапрыемства праходзіў конкурс малюнка “Героі мультфільмаў”, падрыхтаванага дома. Кампазіцыі навучэнцаў 7-х класаў былі яркімі і адлюстравалі непадробленую любоў дзяцей да мультфільмаў. Па выніках конкурсу дыпломы ІІІ ступені былі прысуджаны Марыі Майстэр, Настассі Фядотавай, Аляксандры Ерафеевай; дыпломы ІІ ступені — Станіславе Ківа, Аляксандры Аненка, Варвары Аляксеенка; дыпломы І ступені — Дзіяне Дзьячковай, Настасcі Шытавай.

Ірына ВАРАБ’ЁВА,
настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 2 Магілёва.