Мазаіка здароўя

Педагогі сярэдняй школы № 4 Клімавіч актыўна прапагандуюць сярод навучэнцаў здаровы лад жыцця не толькі ў вучэбны час, але і на канікулах.

У адзін з кастрычніцкіх дзён педагог-арганізатар школы Людміла Фёдараўна Круцікава і класны кіраўнік 8 класа Ала Іванаўна Язерская прапанавалі навучэнцам стварыць сваю мазаіку здароўя і прыняць удзел у інтэлектуальна-пазнавальнай гульні з аднайменнай назвай.


Каб скласці мазаіку, удзельнікі гульні павінны былі выканаць шэраг заданняў. Разгадаўшы шыфроўку, дзеці прыйшлі да высновы, што першай важнай умовай здаровага ладу жыцця з’яўляецца правільнае харчаванне. Растлумачыўшы выслоўе вялікага філосафа Арыстоцеля “Нішто так не знясільвае і не разбурае чалавека, як працяглая фізічная бяздзейнасць”, прыйшлі да высновы, што другой умовай з’яўляюцца заняткі спортам, бо без руху не можа быць плённай інтэлектуальнай працы. Павучыліся дзеці цаніць і шанаваць час. Для гэтага яны “сфатаграфавалі” свой дзень: на лісце паперы злева запісалі кожную, нават самую маленькую, справу, а справа адзначылі патрачаны на яе час. А потым прааналізавалі і вызначылі, калі час быў змарнаваны, і зрабілі выснову, што трэцім складнікам здаровага ладу жыцця з’яўляецца правільны рэжым дня. Потым хлопчыкам і дзяўчынкам прыйшлося адправіцца ў мінулае, дзе яны даведаліся, што здаўна людзі ў нашай краіне загартоўвалі свой арганізм і далучалі да гэтага сваіх дзяцей. Але, на жаль, у нашы дні большасць не загартоўваецца. Дзеці пазнаёміліся са спосабамі і правіламі загартоўвання і зрабілі выснову: неад’емнай часткай здаровага ладу жыцця з’яўляецца загартоўванне. Далей навучэнцам трэба было пагуляць у гульню “Вораг ці сябар”: дзецям называлі фактары, якія аказваюць або станоўчае, або адмоўнае ўздзеянне на арганізм, а ім неабходна было суаднесці іх з паняццем “вораг” або “сябар”. Напрыклад, курэнне — вораг, здаровы сон — сябар і г.д. У канцы гульні была зроблена выснова, што шкодныя звычкі дрэнна ўплываюць на здароўе чалавека. Ну і апошняе, з чым дзецям трэба было разабрацца, — гэта скласці прыказкі пра здароўе. Нездарма гавораць, што прыказкі — гэта жыццёвая мудрасць народа. Падводзячы вынікі мерапрыемства, перадаючы адно аднаму мяч, навучэнцы дзяліліся сваімі ўражаннямі і атрыманымі ведамі, ім трэба было працягнуць фразу “Здароўе, я берагу цябе, таму я…”. Заканчваючы мерапрыемства, Людміла Фёдараўна пажадала ўсім моцнага здароўя, бо яно самае каштоўнае, што ў нас ёсць.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.