Матывацыя на поспех

Выяўленне высокаматываваных навучэнцаў, арганізацыя сістэмнай работы — адны з галоўных задач сучаснай школы і адукацыйнай практыкі. У сярэдняй школе № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага ўдзяляецца вялікая ўвага рабоце па выяўленні і падтрымцы навучэнцаў пачатковых класаў, матываваных да вучэбна-пазнавальнай і творчай дзейнасці.

У кожнага дзіцяці ёсць вялікія магчымасці для развіцця. Але гэта не азначае, што пры роўных умовах можна чакаць адных і тых жа здольнасцей ва ўсіх навучэнцаў. Сапраўды, ёсць такія, хто яўна ці няяўна вызначаецца сярод сваіх равеснікаў здольнасцю вучыцца. І яны сапраўды патрабуюць асаблівага падыходу, таму што чым большае іх адрозненне ад равеснікаў, тым багацейшыя перспектывы асобаснага развіцця такіх дзяцей.

Малодшы школьны ўзрост — перыяд успрымання, набыцця і засваення ведаў. А значыць, найважнейшай праблемай нашага грамадства з’яўляецца захаванне і развіццё адоранасці. Перад настаўнікамі пачатковых класаў стаіць асноўная задача — спрыяць развіццю кожнай асобы, таму важна вызначыць узровень здольнасцей і іх разнастайнасць у нашых навучэнцаў, але не менш важна ўмець правільна развіваць іх. Калі навучэнец з першага класа падрыхтаваны да таго, што ён павінен вучыцца ствараць, прыдумляць, знаходзіць арыгінальныя рашэнні, то фарміраванне асобы будзе праходзіць на аснове ­ўзбагачэння яе інтэлектуальнага профілю.

У любой справе важнай з’яўляецца матывацыя. Малодшыя школьнікі, напэўна, самыя актыўныя навучэнцы ў любой установе адукацыі. Аднак калі першыя часы ім усё цікава, яны гараць жаданнем паспрабаваць сябе ва ўсім, то паступова цікавасць згасае і тут важна не ўпусціць іх. Для матывацыі да розных відаў дзейнасці ў нашай школе выкарыстоўваюцца такія прыёмы, як рэйтынг навучэнцаў, “Дошка гонару” для навучэнцаў 2—4 класаў, псіхалагічныя класныя гадзіны, стварэнне партфоліа з наступнай публічнай прэзентацыяй. Формы работы з высокаматываванымі дзецьмі, якія праходзяць на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі: групавыя заняткі з моцнымі навучэнцамі; конкурсы і алімпіяды; інтэлектуальныя марафоны; удзел у інтэрнэт-алімпіядах і конкурсах; конкурсы навукова-даследчых работ.

У нашай школе добра зарэкамендаваў сябе інтэлектуальны марафон ведаў па вучэбных прадметах серыі дыстанцыйных алімпіяд, які праводзіцца ў канікулярны час. Гэта інтэлектуальнае спаборніцтва для навучэнцаў 2—4 класаў устаноў адукацыі Беларусі і краін блізкага замежжа. Мэтай марафону з’яўляецца стварэнне ўмоў для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей, фарміраванне ключавых адукацыйных кампетэнцый навучэнцаў: даследчых, інфармацыйных, камунікатыўных. Інтэлектуальны марафон праводзіцца ў форме тэсціравання: прапаноўваецца пытанне і шэраг адказаў, сярод якіх трэба выбраць правільны, ці даць свой адказ на прапанаванае пытанне. Навучэнцы выконваюць заданні ў рэжыме анлайн самастойна. Заданні адпавядаюць па­трабаванням праграмы і ўзросту ўдзельнікаў і прадугле­джваюць выкананне іх як на ўзроўні пераказу, так і на творчым узроўні з выкарыстаннем нестандартных спосабаў рашэння.

Удзел у марафоне вучыць параўноўваць, аналіза­ваць, абагульняць, рабіць высновы, знаходзіць лагічныя сувязі і заканамернасці, прымяняць прадметныя веды ў новых сітуацыях, дэманстраваць дастаткова шырокае кола ведаў пра навакольны свет. Гэтыя формы работы, безумоўна, актывізуюць пазнавальную дзей­насць навучэнцаў пачатковых класаў і павышаюць цікавасць да вучэбных прадметаў. Навучэнцы 3—4 класаў нашай школы паказалі сябе як эрудзіраваныя і творчыя асобы. Так, у скарбонцы ўстановы адукацыі за першае паўгодзе 2018/2019 навучальнага года больш за 120 дыпломаў па вучэбных прадметах “Матэматыка”, “Руская мова”, “Беларуская мова”, “Чалавек і свет”, “Літаратурнае чытанне”, “Англійская мова”. Хочацца адзначыць актыўны ўдзел наступных навучэнцаў 4 класаў: Міхаіла Гаўрыленкі, Дзяніса Камара, Паліны Крапіўніцкай, Ксеніі Алейнік, Арсенія Лыбзікава, Максіма Бяляўскага, Васіліны Шчарбялёвай, Ангеліны Галімскай, Уладзіслава Шаверава, Ягора Слуцкага. Высокія вынікі паказалі навучэнцы 3 “А” класа Ула­дзіслаў Камар і Вікторыя Шчыгельская.

Хочацца пажадаць навучэнцам, каб іх цікавасць да вучэбных прадметаў не згасла, а ўдзел у розных праектах і конкурсах быў заўсёды выніковым.

Таццяна ЛЫБЗІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага.