Маладыя — у пошуку

Задача вопытных настаўнікаў і выхавальнікаў — падрыхтаваць сабе годную змену, якая будзе ў далейшым вучыць і выхоўваць высокамаральных, працавітых і адказных вучняў. Мы, педагогі са стажам, павінны падаваць дастойны прыклад маладому пакаленню настаўнікаў і выхавальнікаў, якія прыходзяць у педагагічныя калектывы са статусам “малады спецыяліст”, вучыць іх таму, што ведаем і ўмеем самі.

У нашай школе другі год працуюць маладыя педагогі: настаўнікі англійскай мовы Юлія Базылева і Аляксандра Юрчанка, выхавальнік групы прадоўжанага дня Валерыя Масціцкая. Дапамагаюць ім у прафесійным станаўленні вопытныя педагогі: настаўнікі англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі А.Зімніцкая і А.Барысенка, а таксама выхавальнік групы прадоўжанага дня Г.Тамашэўская.

У школе прайшла метадычная панарама з удзелам маладых педагогаў на тэму “Маладыя — у пошуку”. Асноўнай мэтай мерапрыемства было аказанне практычнай дапамогі маладым спецыялістам ва ўдасканаленні тэарэтычных і практычных ведаў і ўменняў, якія спрыяюць павышэнню педагагічнага майстэрства.

Праца вялася на трох педагагічных пляцоўках. Адкрываў цыкл мерапрыемстваў дзень настаўніцтва, у які праводзіліся адкрытыя вучэбныя і выхаваўчыя заняткі для маладых спецыялістаў. Сумесныя ўрокі і выхаваўчыя мерапрыемствы педагогаў і маладых спецыялістаў працягнулі метадычную панараму. У канцы прайшлі адкрытыя ўрокі і выхаваўчыя заняткі, падрыхтаваныя маладымі педагогамі пры дапамозе іх настаўнікаў.

У рамках мерапрыемства педагогі-псіхолагі школы праводзілі для маладых настаўнікаў і выхавальнікаў трэнінгі, заняткі, кансультацыі. Асаблівую значнасць мелі практычныя заняткі па вядзенні школьнай дакументацыі. Закрыццё метадычнай панарамы прайшло ў форме абмеркавання. Пры падвядзенні вынікаў быў адзначаны высокі ўзровень адказнасці маладых педагогаў, іх здольнасці, ініцыятыўнасць, творчы падыход да справы, добры запас тэарэтычных і практычных ведаў і ўменняў.

Падчас метадычнай панарамы маладыя спецыялісты набылі новыя навыкі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, а значыць, мерапрыемства было карысным і патрэбным як для тых, хто дзяліўся сваім вопытам, так і для тых, хто з удзячнасцю яго пераймаў.

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Мсціслава.