Крэпасць узялі…

Усе памятаюць адну з самых вядомых карцiн Уладзiмiра Сурыкава “Узяцце снежнага гарадка”. На карцiне шмат людзей, якiя смяюцца. Усiх аб’ядноўвае бясконцая весялосць. Усе па-дзiцячаму радуюцца таму, што адбываецца.

Калi плануецца правядзенне зiмовых мерапрыемстваў у нашым вучэбна-педагагічным комплексе, заўсёды хочацца зрабіць для дзяцей цiкавае, захапляльнае свята, пажадана на свежым паветры. Iнiцыятыва настаўнiка фiзiчнай культуры i здароўя Iгара Альгертавiча Квяткоўскага правесцi “Узяцце снежнай крэпасці” было вельмі своечасовым. Мэтай гульнi стала развiццё гнуткасцi, спрытнасцi, трываласцi, каардынацыi руху, меткасцi, камунiкатыўных здольнасцей дзяцей.

“Узяцце снежнай крэпасці” — гэта такая забава, у якой адна група людзей абараняе снежную крэпасць, а другая спрабуе яе разбурыць. Хлопчыкi з асаблiвай ахвотай пачалi будаванне крэпасцi. Працавалi плённа. Пасля таго як крэпасць збудавалі, Iгар Альгертавiч даў сiгнал “Агонь”. I першая каманда пачала ўдары снежкамi. Прымаючы пад увагу, што падчас правядзення такiх мерапрыемстваў трэба прытрымлівацца тэхнiкі бяспекi, Iгар Альгертавiч крыху змянiў правiлы гульнi: члены каманд адно за адным кiдалi снежкi ў кеглi, а не ў сапернiкаў. Па колькасцi збiтых кегляў лiчылi балы адной i другой каманд.

Колькi радасцi і вяселля выклікала гульня! З твараў дзяцей не сыходзілі ўсмешкі. А што яшчэ трэба?

Фёдар БАРДЗІЛОЎСКІ,
настаўнік інфарматыкі Вендаражскага дзіцячага
сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна.