Кадэцкае сяброўства не ведае межаў

Сяброўская сустрэча з гасцямі з Тулы Расійскай Федэрацыі адбылася ў Магілёўскім абласным кадэцкім вучылішчы.


Дэлегацыя гасцей, у складзе якой былі прадстаўнікі прыватнай установы прафесійнай адукацыі “Юрыдычны паліцэйскі каледж”, дырэктар Рэсурснага цэнтра Тульскага рэгіянальнага аддзялення Асамблеі народаў Расіі Святлана Камісарава, член тульскага гарадскога савета ветэранаў Яўген Барышнікаў, прадстаўнік пошукавага атрада “Дон”, а таксама прадстаўнікі іншых грамадскіх арганізацый і школ прыехалі ў Магілёў у рамках ваенна-гістарычнай экспедыцыі для абмену вопытам пошукавай работы, прапаноў аб узаемавыгадным супрацоўніцтве і наведвання памятных месцаў вобласці.

На сустрэчы быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Рэсурсным цэнтрам Тульскага рэгіянальнага аддзялення Асамблеі народаў Расіі. Таксама дырэктар цэнтра Святлана Камісарава расказала магілёўскім кадэтам пра акцыю “Парасткі надзеі — кветкі Памяці” і разам з тульскімі кадэтамі перадала магіляўчанам саджанцы кветак для высадкі на воінскіх пахаваннях у Магілёве. У сваю чаргу магілёўскія кадэты для тульскай дэлегацыі падрыхтавалі прэзентацыю пра жыццё і традыцыі роднага вучылішча і правялі экскурсію.

Магілёўскія кадэты пазнаёміліся з Валянцінай Краснагрудскай, дачкой Героя Савецкага Саюза Івана Аляксеева. Валянціна Іванаўна расказала пра гераічны подзвіг бацькі, які служыў камандзірам кулямётнага разліку 1022-га стралковага палка 269-й стралковай дывізіі 3-й арміі Беларускага фронту і ўдзельнічаў у фарсіраванні ракі Днепр. Ужо ў 20 гадоў ён меў тры медалі “За адвагу”, Залатую Зорку Героя Савецкага Саюза і ордэн Леніна. Дакументальныя сведчанні гераічнага мінула свайго бацькі Валянціна Іванаўна перадала ў музей нашай установы.

На заканчэнне візіту госці з Тульскага паліцэйскага каледжа і кіраўніцтва Магілёўскага кадэцкага вучылішча абмяняліся памятнымі падарункамі і пацвердзілі намер аб далейшым супрацоўніцтве паміж навучальнымі ўстановамі гарадоў-пабрацімаў.

Раман ПОСАХАЎ,
выхавальнік Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча.