Хто мову вывучае, той не блукае

Высокія тэхналогіі найноўшага часу, самабытная культура, якую ні з чым не параўнаць, адна з самых складаных і адначасова цікавых моў у свеце, а таксама найбагацейшая гісторыя, што доўжыцца тысячагоддзі. Гэта Кітай — краіна, якая вабіць сваёй прыгажосцю і таямнічасцю ўвесь свет. Аднак яна адкрываецца далёка не ўсім. Падняць заслону здолеюць толькі самыя смелыя і цярплівыя. Напэўна, менавіта такімі з’яўляюцца вучаніцы гімназіі № 3 Магілёва, якія пабачылі Кітай на свае вочы.

Паліна Хадасевіч, Ангеліна Азаранка, Паліна Каплан, Лізавета Мельнікава, Паліна Чукава — творчыя, цікаўныя і мэтанакіраваныя дзяўчынкі. Менавіта гэтыя якасці дапамагаюць ім рэалізоўваць сябе. Навучэнкі — пераможцы гарадскога і абласнога этапаў алімпіяды па кітайскай мове. Вывучаць слова Паднябеснай сяброўкі пачалі ў гімназіі, дзе ў рамках міждзяржаўнага праекта ў снежні 2016 года адкрыўся клас Канфуцыя пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Дзякуючы гэтаму, дзяўчынкі атрымалі магчымасць вывучаць кітайскую мову непасрэдна з яе носьбітам. Тады яны нават не ўяўлялі, што ўсяго праз паўгода ў пашпарце з’явіцца віза КНР. Цяпер за іх плячыма два тыдні паглыбленага вывучэння кітайскай мовы і культуры. Пазнаёміцца з новай краінай гімназісткам дапамаглі два кітайскія ўніверсітэты: Паўднёва-ўсходні ў Нанкіне і Тэхналагічны ўніверсітэт Даляні.

— Трапіць у новую краіну заўсёды цікава, але Кітай — вельмі незвычайнае месца. Як вас сустрэла Паднябесная?

Ліза Мельнікава: На самай справе, Кітай — экзатычная краіна, аднак яна спадабалася мне з першага позірку. Горад, у якім мы жылі з Палінай Чукавай, — Далянь. Перш-наперш, мяне ўразіў знешні выгляд людзей. Таксама надзвычай цікавымі падаліся будынкі: тут, у Кітаі, вельмі кантрасна спалучаецца як сучасная, так і старажытная, традыцыйная архітэктура.


— Раскажыце пра свой звычайны працоўны дзень.

Ліза Мельнікава: Мы прачыналіся прыблізна а 6-й гадзіне раніцы (01:00 па беларускім часе), снедалі ў гасцініцы і ішлі на заняткі. Спачатку былі дзве пары, прысвечаныя граматыцы, лексіцы — усяму, што тычыцца мовы…

Ангеліна Азаранка: Мы паўтаралі тое, што ўжо ведалі, а таксама практыкаваліся ў вымаўленні. Гэта вельмі карысна, бо часта інтанацыя выяўляе і лексічнае значэнне сказанага. Гутарка з сапраўдным носьбітам мовы, як мне здаецца, надзвычайны вопыт.

Паліна Каплан: А пасля абеду і непрацяглага адпачынку — пара, на якой праходзілі майстар-класы па кітайскіх мастацтвах. Увечары — экскурсіі і вольны час. У нас быў прыблізна аднолькавы расклад.

— Вы карысталіся кітайскай мовай у штодзённым ужытку?

Паліна Хадасевіч: Так, карысталіся, асабліва калі шпацыравалі па горадзе ў вольны час. Гаварылі на кітайскай часцей за ўсё ў магазінах. Праўда, бывала па-рознаму: іншы раз хваля жывой мовы была неверагодна моцнай. Стаіш, напрыклад, на касе і не разумееш, ці табе прапаноўваюць пакет, ці ты грошай мала дала.

— Існуюць супярэчлівыя меркаванні пра кітайскую кухню. А якой яна падалася вам?

Паліна Каплан: У параўнанні з нашай — непрывычна вострая і салёная. Салодкага ж, наадварот, вельмі мала: кітайцы клапоцяцца пра сваё здароўе. Таксама ў Паднябеснай ядуць неверагодную колькасць рысу.

Ліза Мельнікава: Дарэчы, на адзін з майстар-класаў да нас спецыяльна запрасілі шэф-повара мясцовага рэстарана. Ён расказваў, як гатаваць вантоны — пельмені па-кітайску, што звычайна ядуць з супам на Новы год.


— Якія славутасці вам ўдалося пабачыць? Ці зможаце вы адкрыць для чытачоў новыя цікавыя месцы?

Паліна Хадасевіч: Арганізоўвалася вельмі многа экскурсій, таму мы паспелі пабываць у Сучжоу — горадзе, вядомым свамі каналамі і прыгожымі мастамі, у Шанхаі — найбуйнейшым марскім порце свету. У Нанкіне таксама з’ездзілі ў маўзалей Сунь Ятсена, лідара Кітайскай дэмакратычнай рэвалюцыі. Трэба было прайсці амаль чатырыста прыступак, каб трапіць у будынак!

Паліна Чукава: А мне спадабаўся Далянь: на агляднай экскурсіі незвычайна было пачуць рускія назвы вуліц у кітайскім вымаўленні. Справа ў тым, што гэты горад да Руска-японскай вайны належаў Расійскай імперыі і называўся Дальні. Тут знаходзілася крэпасць Порт-Артур — адсюль і славянскія назвы. Таксама ніколі не забуду Пекін і Забаронены горад, уключаны ЮНЕСКА ў лік найбуйнейшых у свеце старажытных драўляных пабудоў.

— Варта пагаварыць і пра кітайскія мастацтвы. Якія з іх вы бачылі на свае вочы? Што запомнілася больш за ўсё?

Ліза Мельнікава: Акрамя майстар-класаў па каліграфіі, нас пазнаёмілі з традыцыйным кітайскім жывапісам гохуа. Таксама мяне вельмі зацікавіла тайдзіцюань — незвычайнае спалучэнне ёгі і баявых мастацтваў. Напэўна, дзякуючы гэтым практыкаванням кітайцы доўга жывуць.

— Як вы можаце ахарактарызаваць жыхароў Кітая?

Паліна Хадасевіч: Кітайцы абсалютна не падобны да еўрапейцаў, у іх зусім іншае выхаванне. Жыхары Кітая — пазітыўныя людзі, якія дасягаюць сваіх мэт у любым выпадку. У гэтым ім дапамагаюць настойлівасць і мудрасць. Кітайцы — людзі, што прывыклі задавольвацца малым, бо вялікае яны беражліва хаваюць у душы.

— Якія парады вы далі б людзям, што хочуць трапіць у Кітай?

Ліза Мельнікава: Я параіла б спачатку вывучыць мову, таму што без яе будзе надзвычай складана. А пасля сказала б: “Хутчэй збірайцеся ў дарогу! Кітай — гэта краіна, не падобная ні на якую іншую. Гэта месца, якое трэба ўбачыць на свае вочы”.

Мацвей ЗАЙЦАЎ,
вучань 11 класа, старшыня навуковага таварыства “РЫТМ” гімназіі № 3 Магілёва.
Фота з асабістых архіваў.