Гімназія — цэнтр экалагічных даследаванняў

Даследчая работа з’яўляецца адным з вызначальных фактараў развіцця нашай навучальнай установы. Ад яе залежыць і ўзровень выкладання, і творчы настрой калектыву, і сувязь навучання з сучаснай навукай, грамадскім і эканамічным жыццём.

Фота да матэрыяла: Гімназія — цэнтр экалагічных даследаванняў.Роля педагога на этапах арганізацыі даследчай дзейнасці можа быць рознай. Як правіла, першым этапам такой дзейнасці з’яўляецца выяўленне дзяцей, схільных да даследчай работы. У нашай навучальнай установе даследчай дзейнасцю навучэнцы пачынаюць займацца з пачатковай школы. Гэтаму спрыяюць розныя факультатыўныя заняткі, а таксама заданні даследчага характару як на ўроку, так і ў дамашніх умовах. На пазакласных занятках, мерапрыемствах праводзяцца розныя доследы, эксперыменты, якія дазваляюць выявіць найбольш зацікаўленых у даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Другі этап, для многіх самы складаны, — гэта выбар тэмы. Як не памыліцца? Як выбраць актуальную тэму? Мы стараемся выбіраць тэму, звязаную з нашай установай адукацыі. Каб дзеці бачылі практычную значнасць сваіх даследаванняў, што, натуральна, прыводзіць да павышэння матывацыі і цікавасці да эксперыментаў. Так, па біялогіі навучэнцы 10 класа давалі ацэнку жыццёваму цыклу будаўнічых матэрыялаў. Падчас эксперыментаў гімназісты вызначалі змест радыенуклідаў у будаўнічых матэрыялах, якія выкарыстоўваліся пры капітальным рамонце будынка школы. Для вызначэння гэтых рэчываў неабходны складаныя прыборы, таму частку даследаванняў мы праводзілі на кафедры радыеэкалогіі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Супрацоўнікі кафедры пазнаёмілі навучэнцаў з методыкай вызначэння радыенуклідаў у будаўнічых матэрыялах. Прымяненне гэтага метаду экалагічнай ацэнкі матэрыялаў па жыццёвым цыкле дазволіла заявіць пра іх адпаведнасць патрабаванням бяспекі для навакольнага асяроддзя і чалавека.

Адну з тэм экалагічных даследаванняў навучэнцы вырашылі звязаць з харчаваннем гімназістаў. Юныя вучоныя вырашылі вызначыць, які гатунак морквы больш пажыўны і каштоўны для здароўя навучэнцаў. Яны звязаліся з сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якое пастаўляе моркву ў сталовую навучальнай установы, вызначылі гатункі. Ну а далей дапамагла царыца навук — матэматыка. Усе даследаванні праводзіліся ў гімназічнай лабараторыі з выкарыстаннем матэматычных і фізічных метадаў даследавання.

Фота да матэрыяла: Гімназія — цэнтр экалагічных даследаванняў.Дзевяцікласнікі захацелі вырашыць для гімназіі яшчэ адну матэрыяльную праблему, для якой яны знайшлі добрае экалагічнае рашэнне з практычным выхадам. Любая навучальная ўстанова можа пахваліцца сваімі клумбамі і газонамі. Але пасля акультурвання прышкольнай тэрыторыі застаецца многа смецця прыроднага паходжання. Гэтае смецце неабходна прыбіраць і вывозіць з тэрыторыі. Гімназісты прапанавалі метад вермікультуры, які дазваляе выкарыстоўваць арганічныя адходы паўторна. Для гэтага выкарыстоўваюць кампоставых чырвоных дажджавых чарвякоў, каб атрымаць з розных арганічных рэчываў экалагічна чыстае ўгнаенне — біягумус, які змяшчае поўны набор макра- і мікраэлементаў для сельскагаспадарчых раслін. Каліфарнійскі чарвяк, перапрацоўваючы гэтыя адходы, дае эфектыўнае, экалагічна чыстае ўгнаенне. Двайную выгаду атрымлівае і навучальная ўстанова. Па-першае, адбываецца ўтылізацыя арганічных адходаў, па-другое, прышкольны ўчастак атрымлівае ўгнаенне, якое можна выкарыстоўваць пры пасадцы як секльскагаспадарчых культур, так і хатніх раслін. Пры гэтым атрыманне біягумусу не патрабуе вялікіх фізічных намаганняў ці матэрыяльных затрат. Атрымаць вермікампост, запусціўшы туды каліфарнійскіх чарвякоў, навучэнцы могуць у час прыбірання апалага лісця ці прышкольнага агарода. Вынікі даследаванняў гімназістаў могуць выкарыстоўвацца пры правядзенні заняткаў грамадска карыснай працы на прышкольных участках. Таксама навучэнцамі былі распрацаваны рэкамендацыі для садаводаў-аматараў пры падрыхтоўцы глебы для пасадкі расады і кветкаводаў — пры фарміраванні глебасумесей для хатніх раслін.

На гэтым нашы эксперыментатары не спыніліся. Паставілі перад сабой яшчэ адну мэту — вырашыць праблему энергазберажэння ў сваёй навучальнай установе. У гімназічнай лабараторыі яны распрацавалі праект і стварылі макет сонечнага калектара. У будучыні дзеці плануюць зрабіць яго для энергетычных патрэб гімназіі.

Усе пералічаныя даследчыя работы і праекты мелі не толькі практычную значнасць, але і вынік на рэспубліканскіх і абласных конкурсах. Такім чынам, матэрыял для даследавання знаходзіцца ў сценах вашых навучальных устаноў, варта толькі паглядзець па баках.

Марына ЦВЫР,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Горак.