Галоўны вынік урока

Задача школы — дапамагчы кожнаму вучню развіць свае здольнасці, а таксама захаваць і ўмацаваць здароўе дзіцяці. Галоўнай задачай настаўніка павінна стаць забеспячэнне максімальна спрыяльнай і камфортнай атмасферы і стварэнне ў дзяцей станоўчай эмацыянальнай настроенасці на ўрок.Фота да матэрыяла: Галоўны вынік урока.
Для ўмацавання здароўя вучняў велізарнае значэнне мае арганізацыя ўрока. Планую заняткі ў адпаведнасці з дынамікай увагі дзяцей, разлічваю час для кожнага задання, чаргую віды работ. Для прадухілення стомленасці вучняў, а таксама ў мэтах прафілактыкі парушэння паставы і зроку на кожным уроку стараюся прымяняць аздараўленчыя моманты: фізкультхвілінкі, дынамічныя паўзы, хвілінкі рэлаксацыі, дыхальную гімнастыку, гімнастыку для вачэй.

На сваіх уроках выкарыстоўваю:

  • метады пазітыўнай псіхалагічнай падтрымкі вучня;
  • яго індывідуальныя асаблівасці і дыферэнцыраваны падыход да дзяцей з рознымі магчымасцямі;
  • падтрыманне пазнавальнай цікавасці да вывучэння нямецкай мовы;
  • прынцып рухальнай актыўнасці на ўроку.
  1. З мэтай падтрымання станоўчых адносін вучняў адно да аднаго, упэўненасці ў сябе, у сваіх сілах і добразычлівых адносін да навакольных выкарыстоўваю:

а) метады эмацыянальнага разварушэння (практыкаванне “Кампліменты”, гульня “Вам паведамленне”);

б) медытатыўна-рэлаксацыйныя практыкаванні (практыкаванні “Матылькі” і “Драўляная лялька” актывізуюць структуры мозга, якія забяспечваюць запамінанне; практыкаванне “Арэлі” стымулюе разумовыя працэсы).

Адным з важных сродкаў стварэння добрага клімату на ўроку з’яўляецца пахвала вучня. Я выкарыстоўваю вербальныя (gut, prima, klasse, richting) і невербальныя (усмешка, жэсты, міміка, апладысменты) метады падтрымкі.

На ўроках у хвіліны адпачынку мы часта спяваем. Песня з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных спосабаў уздзеяння на пачуцці і эмоцыі вучня. Песні на ўроках — гэта велізарны стымул для дзяцей, своеасаблівая рэлаксацыя, якая знімае напружанне і аднаўляе працаздольнасць. Песня актывізуе функцыю галасавога і дыхальнага апаратаў, развівае памяць, павышае цікавасць да прадмета, эмацыянальны настрой.Фота да матэрыяла: Галоўны вынік урока.

У старшых класах, зыходзячы з тэм урокаў, мы слухаем урыўкі з твораў Бетховена, Моцарта, Шумана.

  1. Выкарыстоўваю індывідуальны і дыферэнцыраваны падыход, што дае магчымасць вучням выбраць свой узровень і аб’ём задання.

Дадатковы моўны матэрыял падбіраю з улікам захапленняў вучняў.

  1. Для падтрымання пазнавальнай цікавасці да вывучэння нямецкай мовы выкарыстоўваю гульнявую методыку.

Безумоўна, у працэсе навучання вялікае значэнне мае гульня. Я прымяняю такія, якія спрыяюць адпачынку, выклікаюць станоўчыя эмоцыі, лёгкасць, задавальненне. Чым гульнявая сітуацыя бліжэй да жыцця, тым лягчэй і хутчэй дзеці запамінаюць моўны матэрыял. Гульня стварае атмасферу адцягненасці і знімае напружанне.

Адным з найбольш эфектыўных прыёмаў навучання лічаць ролевыя гульні. Яны матывуюць маўленчую дзейнасць, актывізуюць імкненне дзяцей да кантакту адно з адным і настаўнікам. Часта мы гуляем у “Рэпарцёра”, які задае пытанні па розных тэмах, напрыклад, “Твая любімая ежа”.

Пры ўвядзенні і замацаванні новага лексічнага матэрыялу я прапаную дзецям гульні з мячом яны спрыяюць хуткаму і лёгкаму запамінанню моўнага матэрыялу.

Таксама выкарыстоўваю гульні-пантамімы. Пры вывучэнні тэмы Meine Tiere дзецям прапануецца паказаць жывёлу мімкай, жэстамі, рухамі. Пры вывучэнні тэмы Mein Beruf дзецям даецца заданне паказаць прафесіі.

  1. Рухальная актыўнасць вучняў на ўроку нямецкай мовы спрыяе лепшаму авалоданню моўным матэрыялам, зняццю стомленасці і павышэнню матывацыі да навучання. Актыўныя паводзіны на ўроку забяспечваюцца за кошт выкарыстання рыфмовак, вершаў, песень на аснове рухаў і правядзення фізкультхвілінак. Гэтыя віды практыкаванняў знімаюць разумовае напружанне.

Пры вывучэнні тэмы “Ежа” выкарыстоўваю гульню Gesund-Ungesund.

Практыкаванне “Ядомае — неядомае” развівае канцэнтрацыю ўвагі, дапамагае без цяжкасці запамінаць лексіку па тэме, якая вывучаецца.

Дзецям вельмі падабюцца песні з рухамі Guten Morgen, Guten Tag.

Гульнявыя рыфмоўкі спрыя­юць не толькі павышэнню працаздольнасці дзяцей, але і адначасова дазваляюць паўтарыць вывучаны моўны матэрыял.

Разнастайныя ўрокі, частая змена дзейнасці, тэмп урока, які не зніжаецца, дыферэнцыраваны, асобасна арыентаваны падыходы, наяў­насць эмацыянальных разрадак спрыяюць павышэнню працаздольнасці, зніжаюць узровень трывожнасці і ўмацоўваюць здароўе вучняў. Але самае важнае сярод усіх здароўезберагальных тэхналогій — гэта пазітыўны настрой і добразычлівы тон настаўніка. Чаканне новага і цікавага ад кожнага ўрока, усмешкі і добры настрой пасля, магчымасць паказаць не толькі свае веды, але і творчыя здольнасці — усё гэта станоўча ўплывае на псіхафізічнае здароўе і вучняў, і настаўніка. Самае важнае дасягненне — убачыць вочы нават самага сарамлівага дзіцяці, што ўсміхаюцца і свецяцца, і пачуць, як вучні пераказваюць урок адно аднаму па дарозе дадому, успамінаючы цікавыя моманты.

Наталля ЦЕРАХАВА,
настаўніца нямецкай мовы
Горскага дзіцячага сада — базавай школы Краснапольскага раёна.