Фарміраванне культурнай моўнай асобы

Лінгвакультуралагічную кампетэнцыю сталі вылучаць параўнальна нядаўна. Разам з тым, лінгвакультуралагічны падыход пры навучанні роднай мове — з’ява не новая. У канцэпцыі, адукацыйным стандарце і праграме вучэбнага прадмета “Беларуская мова” ўжываецца паняцце “лінгвакультуралагічны падыход”, якое звязана з усведамленнем мовы як формы выражэння нацыянальнай культуры, узаемасувязі мовы і культуры, нацыянальна-культурнай спецыфікі беларускай мовы і з’яўляецца асновай фарміравання ў вучняў лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі. 

Лінгвакультуралагічная кампетэнцыя ў працэсе навучання беларускай мове рэалізуецца двума шляхамі. Па-першае, навучэнцы павінны звяртацца да тэкстаў высокай лінгвакультуралагічнай значнасці. Па-другое, для дзяцей павінны быць створаны ўмовы для “другаснай камунікатыўнай дзейнасці” — уласнага стварэння тэкстаў. Гэты камунікатыўны працэс ахоплівае ўвесь дзіцячы калектыў адначасова, а не накіраваны толькі на аднаго навучэнца.

Калі падлетак уражаны зместам тэксту, слова замацоўваецца ў яго свядомасці, для яго становіцца важна, як гэта напісана. Больш за тое, ён падрыхтаваны для атрымання новай, больш складанай моўнай інфармацыі, якая прыхавана ў тэксце.

У беларускай лінгваметодыцы навучанне роднай мове ў кантэксце культуры пакуль толькі складваецца, таму часцей бывае прадстаўлена ў выглядзе асобных урокаў ці іх фрагментаў і прадугледжвае ўключэнне ў вучэбныя дапаможнікі культурна афарбаваных моўных адзінак, выказванняў знакамітых асоб пра ролю мовы ў жыцці грамадства, тэарэтычнага матэрыялу ў гістарычным асвятленні, тэкстаў з нацыянальна-культурным кампанентам, параўнальнага аналізу лексікі розных моў.

Я вырашыла пачаць укараненне лінгвакультуралагічнага падыходу з 5 класа. З дапамогай анкеты “З чаго пачынаецца Радзіма?” была праведзена стартавая дыягностыка ўзроўню сфарміраванасці кагнітыўнага кампанента грамадзянскай ідэн­тычнасці пяцікласнікаў нашай установы адукацыі, па выніках якой выявілася: дзеці не ведаюць гарады і рэкі Беларусі, славутасці краіны, геральдыку, народныя традыцыі і святы, жывёльны свет, беларускія народныя казкі. Без адказу засталося пытанне і пра свята, якое адзначаецца некалькі разоў на год.

На аснове атрыманых вынікаў было акрэслена праблемнае поле дзейнасці і распрацавана сістэма, якая садзейнічала ліквідацыі пералічаных хібаў у ведах навучэнцаў на ўроках беларускай мовы.

Спачатку, улічваючы шляхі рэалізацыі лінгвакультуралагічнага падыходу, я пачала ўключаць на пэўным ўроку тэксты з нацыянальна-культурным кампанентам. Неабходна адзначыць, што галоўнае на гэтым этапе — выбар тэксту. Ён павінен несці асобую сэнсавую нагрузку, стаць крыніцай інтэлектуальнага і маральнага развіцця навучэнцаў і, адпаведна, мець лінгвакультуралагічны кірунак. Тэкст у такім выпадку напластоўваецца на мэтатэкст урока і пераходзіць на культурны канцэпт. Менавіта таму ў 5 класе ў цэнтры ўвагі сталі абрады і традыцыі беларусаў, а таксама народныя святы. Вось прыклад аднаго з заданняў, якое выкарыстоўвалася на ўроку падагульнення і сістэматызацыі вывучанага па раздзеле “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія”:

Перад вамі тэксты з кароткімі паведамленнямі пра пэўнае народнае свята. На месцы пропуску трэба напісаць яго назву літарамі і гукамі і параўнаць іх колькасць.

1. М… — пачатак даўняга свята заканчэння зімы. Наладжвалі гульні, ездзілі на конях, каталіся на санках. Дзяўчаты насілі хусткі з доўгімі махрамі, каб вырас доўгі лён. Хлопцам вешалі калодкі за тое, што не паспелі да М… ажаніцца, і тыя адкупляліся салодкім. Не працавалі. Хадзілі адно да аднаго ў госці. Моладзь паўтарала каляднае гулянне. У апошнія дні М…, у суботу і нядзелю, каталіся на конях, абвешаных стужкамі са званочкамі.

2. М… — свята пастухоў, апякун земляробства. Аглядалі ўсходы жыта. Пачыналі стрыгчы авечак, выганяць на пашу. У ноч на М… абкурвалі коней і валоў зёлкамі і абходзілі іх з яйкам, якое потым аддавалі сляпому старому. Пасля такога абраду быў рытуальны абед з яешняй. 3 гэтым святам звязваюць з’яўленне камароў.

3. М… — свята маку. Праводзілі абрады з макам, ужывалі ў ежу, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік.

Пчаляры правяралі пчол, “макалі ў мёд нажы”. Для збору мёду ўсе апраналіся па-святочнаму. Дымар запальвалі “жывым агнём”.

4. М… — апошняе свята года, абаронца ад грому. Унукі ў гэты дзень наведвалі сваіх бабуль. У народзе бытуе: да М… трэба выткаць адны кросны, другія — у Піліпаўку, трэція — у Мя­саед, а чацвёртыя — у пост. Лічылася, што на М… мядзведзі іду ць у спячку. Назіраюць за надвор’ем: калі на сцёках лёд, то будзе ў пчаляра мёд.

Адказы: 1. — Масленіца (9) [масл´эн´іца] (9); 2. — Мікола (6) [м´ікола] (6);  3. — Макавей (7) [макав´эй] (7); 4. — Міхайла (7) [м´іхайла] (7). Колькасць літар і гукаў ва ўсіх словах аднолькавая.

На працягу наступнага года навучання пачала распрацоў­ваць урокі на пэўную лексічную тэму:

Тэма ўрока   Лексічная тэма  
Прыметнік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля   Птушкі Беларусі  
Поўныя і кароткія формы якасных прыметнікаў   Народныя песні  
Прыметнікі з суфіксамі ацэнкі, сфера іх ужывання   Беларускія народныя святы  
Прыметнікі з суфіксам -ск-, іх правапіс   Падарожжа па Беларусі  
Пераказ тэксту з элементамі апісання памяшкання   Беларуская хата  

Аднак, час ад часу звяртаючыся да праблемных пытанняў, выхаваць культурную моўную асобу немагчыма. Работа павінна стаць сістэмнай.

У сувязі з гэтым у другім паўгоддзі для 7 класа была распрацавана і праведзена сістэма ўрокаў па раздзеле “Дзеепрыслоўе”, але крыху ў іншым ракурсе. На вывучэнне гэтых тэм даецца 7 урокаў, два з якіх — пісьмовыя работы. Таму я распланавала ўрокі з пашырэннем уяўленняў пра абласныя гарады Беларусі, іх славутыя мясціны, геральдыку.

Напрыклад, першы ўрок “Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс не з дзеепрыслоўямі” быў прысвечаны Мінску. Да ўрока была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя з нелінейнай структурай з дапамогай вэб-сэрвісу рrezi.com. Zoom-набліжэнне, якое ўласціва гэтаму электроннаму рэсурсу, дазваляла па-сучаснаму ўспрымаць наглядны матэрыял, як гэта любяць рабіць падлеткі на сваіх тэлефонах. Акрамя таго, для прагляду прэзентацыі дастаткова перайсці па спасылцы (прэзентацыя “Дзеепрыслоўе” [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://prezi.com/1fzlv1xn3tuc/presentation/. — Дата доступу: 21.06.2018) з любога камп’ютара або смартфона, пачакаць некалькі хвілін і працаваць. У параўнанні з прэзентацыяй, зробленай у праграме Microsoft PowerPoint, тут не трэба баяцца, што не адкрыюцца відэакліпы або не будзе ўзнаўляцца гукавы файл.

На працягу ўрока адбывалася знаёмства з паданнем пра паходжанне назвы горада, яго геральдыкай, плошчамі, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Тэксты, падабраныя ў якасці моўнага матэрыялу, былі насычаны дзеепрыслоўямі:

Я прапаную вам тэкст пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі, у якім згубіліся дзеепрыслоўі. Прачытайце тэкст, дапішыце патрэбныя словы.

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ____________ агранены дыямент, сімвалізуе каштоўнасць ведаў, прыгажосць і разнастайнасць свету. ____________ для карыстальнікаў у 2006 го­дзе, ён захапляе жыхароў і гасцей горада сваёй маштабнасцю. Нацыянальная бібліятэка, ___________ на сваіх паліцах шмат кніг і рукапісаў, стала інфармацыйным, навукова-даследчым і культурным цэнтрам. Перад фасадам будынка, ____________ рукі да сонца і ____________“Біблію”, стаіць бронзавая фігура беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

У вячэрні час Нацыянальная бібліятэка Беларусі, _______________ ў шматкаляровы экран з 65 тысячамі адценняў, прываблівае погляд многіх беларусаў.

Словы для даведкі: ператвараючыся, узняўшы, нагадваючы, сабраўшы, трымаючы, адкрыўшыся.

Пры падвядзенні вынікаў дзеці атрымалі ў падарунак закладку са звесткамі пра месцазнаходжанне горада, яго тэрыторыю, колькасць насельніцтва і фотаздымкамі геральдыкі і знакамітых мясцін. У якасці дамашняга задання прапанавалася практыкаванне, вызначанае ў каляндарна-тэматычным планаванні, або, па жаданні, скласці апавяданне пра Мінск, выкарыстоўваючы канкрэтныя дзеепрыслоўі. Апошні варыянт у гэтым выпадку служыў рэалізацыі другога шляху лінгвакультуралагічнага падыходу — “другаснай камунікатыўнай дзейнасці”, або ўласнаму стварэнню тэкстаў.

Аналагічна былі распрацаваны наступныя ўрокі, дзе адбывалася знаёмства з астатнімі абласнымі гарадамі.

У выніку пасля вывучэння ўсіх тэм гэтага раздзела ў кожнага навучэнца атрымаўся набор закладак “Абласныя гарады Беларусі”:

Пры вывучэнні раздзела “Прыслоўе” ўключалася лексічная тэма “Рэкі і азёры Беларусі”, якая дазваляла пашырыць уяўленні сямікласнікаў пра водныя рэсурсы краіны. Вялікая ўвага ўдзялялася народным легендам і паданням, а таксама навуковым тэкстам пра пэўнае возера або рэчку.

У час правядзення фізкультхвілінак выкарыстоўваліся міжпрадметныя сувязі з геаграфіяй, што дало магчымасць уявіць размяшчэнне рэк і азёраў на карце Беларусі.

Я буду агучваць назву ракі і яе геаграфічнае размяшчэнне, а вы пакажыце рукамі, нібы ўказкай, на нябачнай карце Беларусі, дзе яна працякае.

Самая доўгая рака на нашай тэрыторыі — Днепр. Яна працякае з поўначы на поўдзень.

А з захаду на ўсход нясе свае воды Прыпяць.

Заходняя Дзвіна цячэ ў Беларусі пераважна з усходу на захад.

Нёман пачынаецца на захадзе Мінскай вобласці, працякае на Гродзеншчыне, далей — па Літве, Калінінградскай вобласці Расіі і ўпадае ў Балтыйскае мора.

Бярэзіна цягнецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход.

Малайцы. Вы паказалі, што добра ведаеце карту Беларусі. Сядайце на месцы.

Знаёмства са службовымі часцінамі мовы, на вывучэнне якіх адводзіцца 14 гадзін, адбывалася на аснове лексічнай тэмы “Зам­кі Беларусі”. Разглядаючы прыназоўнікі, злучнікі і часціцы, навучэнцы маглі пашырыць уяўленні пра старажытныя замкі, якія з’яўляюцца сімваламі нашай краіны.

Па выніках работы дзеці атрымлівалі старонку календара, на якой размяшчаўся фотаздымак канкрэтнага замка, легенды, звязаныя з гэтым месцам, а на адваротным баку — падказка-шпаргалка тэмы ўрока:

Пасля вывучэння ўсіх службовых часцін мовы навучэнцы маг­лі сабраць перакідны каляндар “Замкі Беларусі”, які адначасова служыў дапаможнікам па раздзеле “Службовыя часціны мовы”.

Такім чынам, уключэнне лексічных тэм ва ўрокі садзейнічала не толькі фарміраванню пазнавальных уяўленняў навучэнцаў, пашырэнню кругагляду, павышэнню цікавасці да беларускай мовы, тэмпу работы, развіццю маўлення (большасць выбірала ў якасці дамашняга задання работу з дадатковым матэрыялам, заданні творчага характару), але і дазволіла далучыць іх да нацыянальных каштоўнасцей нашага народа. Падлеткаў захапіў новы змест урокаў, на якіх яны не толькі вывучалі моўную тэму, а маглі даведацца пра гарады Беларусі, іх геральдыку, месцазнахо­джанне, тэрыторыю, знакамітыя мясціны, а таксама рэкі і азёры нашага краю, старажытныя замкі, іх гісторыю і легенды.

Для ацэнкі выніковасці і эфектыўнасці вопыту выкарыстоўваўся параўнальны аналіз анкет “З чаго пачынаецца Радзіма?”, якія запаўняліся ў пачатку навучання ў 5 класе і ў канцы 7 класа. Па выніках паўторнай дыягностыкі назіралася дынаміка росту ўзроўню сфарміраванасці кагнітыўнага кампанента сямікласнікаў: колькасць усіх правільных адказаў пры першым анкетаванні склала 35,3%, пры паўторным — 63%. Гэты паказчык азначае, што ўкараненне лінгвакультуралагічнага падыходу на ўроках мовы дало магчымасць павысіць узровень культурнай моўнай асобы навучэнцаў.

Ускосным паказчыкам эфектыўнасці вопыту з’яўляецца рост рэйтынга вучэбных дасягненняў па беларускай мове. Акрамя таго, большасць сямікласнікаў рыхтавала дамашнія заданні творчага характару, якія прапаноўваліся ў якасці варыя­тыўныя. А ўласная тэкстатворчасць, як адзначалася вышэй, і ёсць шлях рэалізацыі лінгвакультуралагічнага падыходу.

Пазітыўнай умовай, якая ўплывае на эфектыўнасць і выніковасць гэтага вопыту, з’яўляецца:

з боку настаўніка — жаданне напоўніць урок цікавым кантэкстам, а таксама свабоднае валоданне інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі і камп’ютарнымі праграмамі, што дапамагала візуалізацыі вобразаў і павышэнню цікавасці і матывацыі да вучэння;

з боку навучэнцаў — зацікаўленасць пазнаннем невядомага (пра што, акрамя засваення новай тэмы, даведаемся на наступным ўроку) і атрыманне прадукту вучэбнай дзейнасці (закладкі або каляндар-шпаргалка).

Негатыўнай умовай з’явіліся цяжкасці ў падборы тэкстаў з нацыянальна-культурным кампанентам, бо многія з іх былі складанымі для ўспрымання на гэтым этапе навучання. Менавіта таму шмат часу спатрэбілася на іх перапрацоўку і рэдагаванне.

Такім чынам, выкарыстанне лінгвакультуралагічнага падыходу  дазволіла злучыць мову і культуру ў рамках урока. Рэалізацыя такога кірунку садзейнічала знаёмству з духоўнымі каштоўнасцямі нашага народа, узбагачэнню слоўнікавага запасу, павышэнню цікавасці да прадмета, выхаванню маральна-этычных паводзін, як вынік — фарміраванню моўнай, камунікатыў-най і культуралагічнай кампетэнцыі навучэнцаў.

Менавіта лінгвакультуралагічны падыход дазволіў узвесці сістэму праведзеных урокаў на ўзровень мастацтва. Аднак для добрай падрыхтоўкі патрэбна шмат дадатковай увагі і часу ад настаўніка. Але мяне гэта не палохае, бо на цяперашнім этапе магу з упэўненасцю сказаць, што выкарыстанне лексічных тэм на розных этапах урока беларускай мовы дапамагло маім навучэнцам узняцца на больш высокую прыступку культурнай моўнай асобы.

Іна МЯДЗВЕДСКАЯ, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.