Эфектыўны метадычны тыдзень

Магчымасці выкарыстання эфектыўных педагагічных тэхналогій у адукацыйным працэсе прааналізавалі настаўнікі сярэдняй школы № 2 Кіраўска падчас спецыяльна арганізаванага метадычнага тыдня.

У весь тыдзень педагогі школы дэманстравалі калегам свой вопыт на адкрытых уроках. Заняткі ахоплівалі ўсе ўзроставыя групы навучэнцаў. Былі дадзены ўрокі па англійскай і нямецкай мовах, біялогіі, хіміі, прадмеце “Чалавек і свет”, інфарматыцы, сусветнай гісторыі, матэматыцы, беларускай і рускай мовах, рускай літаратуры, фізіцы, літаратурным чытанні.

Усе настаўнікі сур’ёзна паставіліся да падрыхтоўкі заняткаў, паказалі сваё бачанне таго, як можна эфектыўна выкарыстоўваць сучасныя педагагічныя тэхналогіі, у тым ліку і інфармацыйныя, для паспяховага развіцця асобы навучэнца. У рамках тыдня актыўна прайшло ўзаеманаведванне ўрокаў. Усе, хто наведаў заняткі, не пашкадавалі аб гэтым, бо на кожным уроку было чаму павучыцца, пераканацца, што ты нешта робіш правільна, а нешта можна рабіць лепш або часцей, а штосьці ты наогул не будзеш выкарыстоўваць з-за спецыфікі свайго прадмета.

Педагогі паказалі выкарыстанне апорных схем на ўроках літаратурнага чытання для фарміравання чытацкіх навыкаў навучэнцаў, на ўроках біялогіі, фізікі і хіміі — павышэнне якасці і эфектыўнасці навучання на аснове даследчай дзейнасці, на ўроках англійскай мовы — выкарыстанне ролевых гульняў для фарміравання маўленчай кампетэнцыі вучняў, на ўроках інфарматыкі — фарміраванне ў іх алгарытмічнага мыслення, на ўроках гісторыі і грамадазнаўства — выкарыстанне праблемна-дыялагічнага метаду для фарміравання ўніверсальных вучэбных дзеянняў, на ўроках беларускай і рускай мовы, матэматыкі — педагагічныя прыёмы кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучняў у рамках стратэгіі актыўнай ацэнкі, на ўроках англійскай і нямецкай мовы — гульнявыя інтэрактыўныя метады навучання.

Педагогі выкарыстоўвалі розныя віды работ: франтальную, індывідуальную, міні-лекцыю, складанне канспекта і многія іншыя. Рацыянальна прымяняліся магчымасці інтэрактыўнай дошкі і панэлі, камп’ютарнага класа, бо выкарыстанне той жа прэзентацыі на любым уроку павінна быць мэтазгодным, абгрунтаваным і прадуманым. У многіх настаўнікаў школы ёсць свой почырк, свой стыль у афармленні прэзентацый і выкарыстанні іх на ўроку. Прадстаўленыя прэзентацыі былі выразныя, інфарматыўныя, эмацыянальныя.
Выкарыстанне найбольш эфектыўных педагагічных тэхналогій дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць задачы ўрока, выкарыстоўваць больш нагляднасці, павышае ўзровень навучальнасці і навучанасці, арганізуе і матывуе. Гэта нова і цікава для навучэнцаў.

Таццяна ЛЫБЗІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 імя К.П.Арлоўскага Кіраўска.