Чароўная краіна раслін

Прырода — дзівосны феномен, педагагічнае ўздзеянне якога на духоўны свет малодшага школьніка з інтэлектуальнай недастатковасцю цяжка пераацаніць. Для таго каб раскрыць душу дзіцяці, далучыць яго да прыроды, у сваёй рабоце як настаўнік пачатковых класаў дапаможнай школы, я прымяняю метад гардэнатэрапіі.

Гардэнатэрапія — гэта выкарыстанне раслін для карэкцыі пазнавальнай і эмацыянальнай сферы, карэкцыі асаблівасцей псіхікі і паводзін дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю праз актыўнае далучэнне да працэсу вырошчвання раслін. Акрамя гэтага, метад гардэнатэрапіі адыгрывае прафарыентацыйную ролю. Работа азеляніцеля даступна для многіх людзей з інтэлектуальнай недастатковасцю.


Выкарыстанне метаду гардэнатэрапіі дазволіла нам стварыць і апрабаваць праграму “Чароўная краіна раслін”. Праграма разлічана на актыўны ўдзел навучэнцаў 3—5 класаў дапаможнай школы Магілёва. У праграме прапанаваны наступныя напрамкі работы: “Кветкі нашага класа” (хатняе кветкаводства), “Наш класны агарод” (агародніцтва), “Наш любімы школьны двор” (садоўніцтва).

Для паспяховай рэалізацыі праграмы ў класе было створана прадметна-развіццёвае асяроддзе, якое складаецца з кутка хатніх раслін і класнага агарода. У дадатак да праграмы распрацаваны перспектыўны план мерапрыемстваў па рэалізацыі вучэбнай праграмы.

Тэматыка заняткаў будуецца з улікам інтарэсаў навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю, магчымасці іх самавыяўлення, а таксама з улікам адпаведнасці пары года, умоў надвор’я, каляндарных свят і дат. Падчас асваення зместу праграмы ўлічваецца тэмп развіцця спецыяльных уменняў і навыкаў, узровень самастойнасці, уменне працаваць у калектыве. Праграма дазваляе індывідуалізаваць складанасць самастойнай работы, што дае магчымасць перасцерагчы дзіця ад страху перад цяжкасцямі.

У працэсе работы па праграме дзеці сумяшчаюць і аб’ядноўваюць у адно цэлае ўсе асвоеныя навыкі работы, адсочваюць вынікі сваёй працы. На ўроках сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, “Чалавек і свет”, працоўнага навучання, на пазакласных занятках з выкарыстаннем гардэнатэрапіі навучэнцы знаёмяцца з рознымі відамі насення і раслін, вучацца адрозніваць звычайныя і дэкаратыўныя сарты, самі садзяць, назіраюць за ростам і развіццём раслін, даглядаюць іх, замалёўваюць усе змены, параўноўваюць вынікі. Сумесна з дзецьмі былі створаны тэматычныя інтэрактыўныя папкі (лэпбукі) “Наш класны агарод” і “Расліны нашага класа”, якімі пастаянна карыстаюцца навучэнцы.

На ўроках і пазакласных занятках стараюся выклікаць цікавасць да раслін. Знаёмлю навучэнцаў з іх навуковымі і народнымі назвамі, іх радзімай і ўмовамі росту. На ўроку па тэме “Часткі раслін” знаёмлю са значэннем кожнай часткі: кветкі, сцябла, плода, кораня. Гэта дзеці наглядна ўбачылі на прыкладзе фасолі. На працягу некалькіх месяцаў мы назіралі за ростам, цвіценнем і плоданашэннем расліны. У гэтым мне дапамог лэпбук “Наш класны агарод”.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю розныя метады па фарміраванні самых простых навыкаў вырошчвання раслін. Яны з’яўляюцца пачатковым этапам экалагічнага і працоўнага выхавання навучэнцаў. Дзіця, дасягаючы пад уздзеяннем дарослага поспеху ў авалоданні пэўным навыкам, становіцца больш умелым, больш незалежным ад дарослага, упэўненым у сваіх магчымасцях. Вынік стварае аснову для карэкцыі і забяспечвае наступную сацыялізацыю дзіцяці.

Пры рабоце са школьнікамі з інтэлектуальнай недастатковасцю неабходна ўлічваць інертнасць псіхалагічных працэсаў, часта выяўленыя рухальныя праблемы, вялікі перыяд паміж інфармацыяй, якая падаецца, і рэакцыяй дзіцяці ў адказ. У сувязі з гэтым фарміраванне навыкаў праводжу ў павольным тэмпе, з большай колькасцю паўтораў адных і тых жа дзеянняў. У аснову гэтай работы ўваходзіць пакрокавае навучанне навыкам па доглядзе раслін. Асноўным метадычным прыёмам фарміравання навыкаў з’яўляецца паказ выканання кожнага элементарнага дзеяння і іх паслядоўнасці.

На працягу вялікага адрэзка часу навыкі адпрацоўваліся “рука ў руку”, з максімальным прыцягненнем увагі да таго, што адбываецца: дапамагала дзіцяці фізічна ажыццявіць дзеянне, накіроўваючы яго рухі і каардынуючы іх. Паступова фізічная дапамога зменшылася, а за праведзеную работу навучэнцы былі заахвочаны. І вынік не прымусіў сябе чакаць. Першы ўраджай зеляніны мы сабралі ўжо ў снежні. Гэта былі цыбуля, пятрушка і кроп да навагодняга стала. Далей — больш. Ужо да вясны на падаконніку ў класе быў самы сапраўдны агарод. Чаго там толькі не было! Акрамя зеляніны, мы вырошчвалі корм для свойскіх гадаванцаў са злакавых, расаду перцаў, памідораў, агуркоў, нават кавун і дыню. Навучэнцы класа самі садзілі, палівалі, усяляк даглядалі свае расліны, назіралі пры гэтым за іх развіццём. Магчымасць практычнага выкарыстання канчатковых вынікаў сваіх намаганняў рабіла працу навучэнцаў больш усвядомленай і радаснай. Дзеці з задавальненнем дабаўлялі ў самастойна згатаваны салат цыбулю, пятрушку, кроп, вырашчаныя імі самімі. Ад пачутай пахвалы за сваю работу ад педагогаў і бацькоў у дзяцей з’яўлялася вера ў сябе, фарміравалася адэкватная самаацэнка.

Работа з рознымі відамі раслін, веданне іх назваў спрыяла пашырэнню кругагляду, развіццю памяці, імкненню да пазнання новага, павышэнню экалагічнай дасведчанасці. Практыка паказала, што пры самастойным вырошчванні розных раслін у класе на падаконніку дзеці пачалі шанаваць прыроду і разумець асновы здаровага ладу жыцця.

Праграма “Чароўная краіна раслін” спрыяла таму, што ўзровень цікавасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту з інтэлектуальнай недастатковасцю да даследчай дзейнасці ў пазнанні расліннага свету значна вырас. У дзяцей з’явілася жаданне па сваёй ініцыятыве даглядаць расліны, з’явіліся цікавасць і імкненне да ўзаемадзеяння з імі. Вырасла таксама пазнавальная актыўнасць, пашырыліся функцыянальныя магчымасці кісцей рук, з’явіліся новыя працоўныя навыкі. Дзеці зразумелі, што ад іх залежыць жыццё раслін. Гэта зрабіла іх больш адказнымі, з’явіліся больш гуманныя адносіны да ўсяго жывога. Праяўленне агрэсіі сярод навучэнцаў класа зменшылася, таму што палепшыўся самакантроль, агрэсіўная энергія пераразмяркоўваецца, пры гэтым фарміруецца пазітыўны погляд у будучыню. Унутры класа палепшыўся мікраклімат, дзеці сталі больш кантактаваць паміж сабой, бо маюць адну агульную мэту — вырошчванне раслін. У навучэнцаў сфарміраваліся такія якасці, як працавітасць, цярплівасць, увага, клопат. Калектыўныя заняткі зрабілі дзяцей больш дружнымі і актыўнымі. Многія пераадолелі ў сабе замкнутасць, няўпэўненасць, навучыліся мець зносіны, дапамагаць адно аднаму, уступаць і дараваць крыўды. Сумесная дзейнасць згуртавала іх.

Праграма спрыяла і праяўленню цікавасці з боку бацькоў. У кожнай сям’і, у кожнага дзіцяці дома з’явілася любімая хатняя расліна. Для замацавання атрыманых навыкаў у школе бацькі нашага класа далучаюць дзяцей да пасільнай дапамогі ў доглядзе хатніх раслін дома, работы на лецішчы або кветніку. Многія разам з дзецьмі прынялі ўдзел у конкурсах “Тэматычны вазончык” (стварэнне кампазіцыі з хатніх кветак) і “Цуда-клумба” (конкурс на лепшы эскіз школьнай клумбы).

Гардэнатэрапія дазволіла навучэнцам пашырыць веды пра свет раслін, больш даведацца пра іх віды і сарты. Таму з упэўненасцю можна гаварыць пра станоўчы ўплыў гэтага метаду на выхаванне навучэнцаў малодшых класаў з інтэлектуальнай недастатковасцю, карэкцыю іх паводзін.

Наталля ЗОЛІНА,
настаўніца пачатковых класаў дапаможнай школы Магілёва.