Чарговая знаходка ў Бабруйску

Нядаўна ў Цэнтры турызму і краязнаўства Бабруйска адбыўся чарговы, дужа ўпадабаны нашымі выхаванцамі конкурс “Знаходка года”. 20-ы, юбілейны, конкурс атрымаўся сапраўдным святам, бо нашы выхаванцы прадставілі самыя цікавыя знаходкі і іх прэзентацыі: ад фотакарткі на станцыі Гарэлае ад 1933 года, ад медаля “За оборону Ленинграда” і cалдацкага кацялка (знайшлі ў нашых Яловіках, каля Бабруйска), ад слоўніка Вацлава Ластоўскага 1926 года — да… часопіса моды 1964 года.


Ведаючы пра этнаграфічныя знаходкі на конкурсе, я запрасіла выступіць перад дзецьмі выканаўцу аўтэнтычных беларускіх песень Юлію Літвінаву. Крыху перажывала, ці пачуюць сучасныя дзеці тыя песні, якія спявалі 100 і больш гадоў назад. (Памятаю, працавалі мы ў археалагічнай экспедыцыі ў Петрыкаўскім раёне, у Снядзіне, вёсцы за Прыпяццю. Вёска амаль вымерла, але бабулек я назбірала. І вось прыйшлі яны да нас, селі вакол вогнішча, пачаставаліся, а потым як пачалі спяваць, дык мае падлеткі застылі, пакінулі есці і слухалі з адкрытымі ратамі. Здзівіліся, як гэта такія старэнькія і слабенькія так зычна, працяжна-пявуча спяваюць. Над нашай палянай пачалі збірацца і кружыць буслы. Гэта было проста дзівосна! Адзін хлопчык, вельмі скептычны да гісторыі, тады падышоў і сказаў мне: “Людмила Николаевна, я впервые почувствовал, што живу в Беларуси”.) Юлія Літвінава праспявала нам “Туман ярам”. Дзеці слухалі ціха, а я, прызнацца, нават не паглядзела на іх вочы, бо сама была захоплена і спевамі, і самой спявачкай у прыгожым калінкавіцкім строі…

У поўным кантрасце народнаму строю была першая прэзентацыя — работа дзяўчынак з аб’яднання “Турысцкая і аўтарская песня”, якое вядзе Наталля Лукашык. Яны прэзентавалі на конкурсе часопіс моды 1964 года, правялі параўнальны аналіз сілуэтаў і аксесуараў, старанна назбіралі рарытэтную калекцыю і паказалі дэфіле. Падвялі вынікі і заявілі ўсім, што калі мы навучымся шыццю і класічнаму густу, то заўсёды будзем выглядаць стыльна і сучасна.


Стары чыгунны прас, той самы, у які насыпалі вугаль, прэзентавалі нашы выхаванцы са школы-інтэрната для дзяцей з дрэнным слыхам. Уявіце, як адпрасаваць тонкія карункі і фальбоны з каралеўскіх сукенак прасамі, якія награваліся вуглямі, а потым — керасінам? Прас пайшоў па руках, можна было наладзіць спаборніцтвы на самыя моцныя біцэпсы.

Наступнай знаходкай былі лапці. Невялікая, мабільная, добра падрыхтаваная групка выйшла на кірмаш. Хлопец купляў лапці, а дзяўчаты таргаваліся. Лапці Таццяна Іванаўна Ачыновіч прынесла з музея школы № 16, дзе яна працуе са сваім гуртком. Дарэчы, перад конкурсам спытала ў сваіх дзяцей, з чаго плялі лапці. Адказалі, што з саломы. А за час мерапрыемства адна дзяўчынка так спрытна спляла лапцікі, такія невялічкія — на аднагадовага хлопчыка. “Ох, і шустрая! Дзе ж ты навучылася?” — пытаюся. “У інтэрнэце”, — адказвае дзяўчынка.

Веру, бо і я два гады назад асвоіла самапрадку праз відэаўрокі.

Этнаграфічная тэма перабілася альбомам — клясерам. Так называюць філатэлісты свой альбом з маркамі. Яго паказаў Мацей Панчанка, мой вучань. Той альбом дастаўся яму ў спадчыну ад дзеда. Звычайна ў час СССР збіралі маркі з краін сацыялістычнага лагера, а ў клясеры Мацея былі маркі з 62 краін! І гісторыю пошты ён нагадаў, і як і дзе была прыдумана першая марка “Чорнае пені” (1 мая ў 1840 годзе ў Англіі). Колькі цікавых фактаў можна даведацца з філатэлістычнай калекцыі. Мацей прапанаваў інтэрактыўную гульню. Усе жадаючыя маглі атрымаць канверт з маркай (ксеракопіяй, вядома). Уласнік канверта выбіраў 5—6 карцінак, якія адносіліся да той краіны, да якой і належала марка. Задача была наступная: адпраўшчык накіроўваецца ў завочнае падарожжа і піша адтуль ліст на адрас нашага конкурсу, дзе расказвае пра свае ўражанні ад вандроўкі.

Пасля лісты былі агучаны. Было цікава! Напрыклад, фота Гаваны (сталіцы Кубы) адправілі як паштоўку… з Чэхіі, а ўлюбёная ўсімі дзецьмі панда чамусьці пасялілася ў Егіпце. Нам было цікава напісаць і адправіць ліст. Сёння электронная пошта, на жаль, пазбавіла нас гэтага філасафічнага занятку і вымушанай літаратурнай практыкі.

Далей у нас былі ручнікі Леры Мініч, якія вышывала яе прабабуля яшчэ ў 30-я даваенныя гады. Падчас вайны ручнікі з іншым сялянскім скарбам, з сувоямі саматканага палатна прапрадзед склаў у скрыню і закапаў, бо тканіну выраблялі дома. Гэта была цяжкая праца — напрасці і наткаць на ўсю сям’ю. Лера расказала нам пра назначэнне розных ручнікоў, пра сімвалы на вышытых узорах. А на вясельных ручніках зрабілі акцэнт — зладзілі “вяселле”.

Слаўныя былі прэзентацыі. Мне радасна, што мае навічкі зацікаўлена ўдзельнічалі ў конкурсе. А зараз трэба нашы ручнікі і марачкі яшчэ раз паказаць у суседніх школах. Па-мойму, гэта цікава — сапраўдная гульня з сапраўднымі рэчамі, з дакладнай эпохі і месца, ад людзей, што жылі перад намі, а не віртуальная гульня на планшэце з неверагоднымі персанажамі і жарсцямі. Дзецям наш конкурс даспадобы, а нам — радасць.

Людміла ДАБРАВОЛЬСКАЯ,
Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Бабруйска.