Будучыню бачаць сёння

На Быхаўшчыне, у аграгарадку Лудчыцы, дзеці займаюцца робататэхнікай

Калі пра гэта ўпершыню пачуў, то, шчыра кажучы, паверыў з цяжкасцю. Толькі падчас наведвання мясцовай установы адукацыі мае сумненні развеяліся нібы дым, асабліва калі школьнікі ахвотна прадэманстравалі чарговы ўзор вырабленай праграмаванай машыны. Маштаб інжынернай думкі таксама ўразіў. Сучасныя тэхналогіі ў рэчаіснасці нагадваюць сапраўднае чараўніцтва, якое, мабыць, і захапіла сельскіх хлопцаў, зрабіўшы іх жыццё больш разнастайным, яркім.

Свет робататэхнікі для сваіх падапечных адкрыў настаўнік фізікі і астраноміі лудчыцкай школы Пётр Угначоў. Прадстаўнік сямейнай педагагічнай дынастыі, ён і сам яшчэ ў дзяцінстве марыў пра будучыя тэхналагічныя адкрыцці. Не абмяжоўваючыся стандартнымі рамкамі, даваў поўную волю свайму ўяўленню: канструяваў мадэль ліфта, збіраў машыны на правадным кіраванні, стварыў светлавы лазер.

Пасля вучобы ў МДУ імя А.А.Куляшова на фізіка-матэматычным факультэце і тэрміновай службы ў войску, энтузіяст не страціў цікавасці да свайго даўняга захаплення. Нават пасля закрыцця Ніканавіцкай сярэдняй школы, дзе Пётр Угначоў шэсць гадоў быў настаўнікам фізікі і інфарматыкі. І толькі год назад таленавіты спецыяліст зноў далучыўся да дружнай педагагічнай сям’і — на гэты раз да Лудчыцкага ВПК.

Пятра Валер’евіча новы калектыў прыняў ветліва. А ініцыятыву педагога вучыць дзяцей робататэхніцы пасля ўрокаў дырэктар школы Ігар Броўка з задавальненнем падтрымаў. Дасведчанага кіраўніка не трэба было пераконваць, што навукова-тэхнічны прагрэс пастаянна ўдасканальваецца.

Цяперашняе маладое пакаленне тэхнічна прасунутае. Многія дзеці з маленства з лёгкасцю разбіраюцца ў камп’ютары, планшэце і смартфоне, за лічаныя хвіліны адшукваючы там цацку ці любімы мультфільм. Але дакладныя навукі школьнікам далёка не заўсёды даюцца проста. Тая ж фізіка патрабуе высокага ўзроўню матэматычнай падрыхтоўкі і сістэмных ведаў. Пётр Угначоў упэўнены, што заняткі робататэхнікай спрыяюць паспяховаму вывучэнню дзецьмі фізікі.

Сёння робататэхнікай у школе займаюцца вучні 5—7 класаў. Праўда, іх зусім няшмат. Але гэта нікога не засмучае. Усе дзеці шчыра адданы свайму захапленню, хоць яго і не назавеш танным.

Неабходныя дэталі для зборкі праграмаваных машын настаўнік фізікі ў асноўным знаходзіць сам, разбіраючы рознае старое абсталяванне. Нешта купляе за ўласныя сродкі. Выкарыстоўвае для гэтага папулярную глабальную гандлёвую анлайн-пляцоўку. Вядома, ёсць у яго і асабістыя мікрасхемы. Напрыклад, той жа мікракантролер, прызначаны для кіравання рознымі электроннымі прыладамі.

Пётр Валер’евіч, як і ўсе мы, перакананы, што будучыня — за IT-сферай, таму ўжо зараз неабходна рыхтаваць дзяцей да прафесій будучыні.

На занятках па робататэхніцы тэорыя ператвараецца ў эксперыментальную дзейнасць. Школьнікі ствараюць і праграмуюць робатаў, вывучаюць прынцыпы работы розных мікрасхем. Усё гэта таксама спрыяе развіццю лагічнага, аналітычнага і ў некаторай ступені крытычнага мыслення школьнікаў.


У мінулым навучальным годзе юныя інжынеры адправілі на абласны этап Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” мадэль сонечнай электрастанцыі. Марылі здзівіць журы і перамагчы… Але ўсё лепшае, упэўнены навучэнцы і іх педагог, наперадзе, і пра сябе яшчэ атрымаецца гучна заявіць.

Чым жа так зацікавіла энтузіястаў далёкае нябеснае свяціла Сонца? Пётр Валер’евіч упэўнена кажа, што ёсць магчымасць здабываць энергію менавіта гэтай зоркі, якая невычарпальная. Разам з вучнямі ён ужо зараджаў мабільныя тэлефоны, планшэты менавіта сонечнай энергіяй.

Вось і для свайго прыватнага дома настаўнік-вынаходнік думае ў перспектыве сканструяваць аўтаномную сонечную электрастанцыю. Для ажыццяўлення мары шмат не трэба. Дастаткова святлоадчувальных панэлей, накапляльных акумулятараў, кантролера ды інвертара пераменнага току, неабходнага для работы бытавых прылад. Выдаткі на такую экалагічна чыстую крыніцу энергіі з часам абавязкова акупяцца.

Пётр Угначоў таксама з задавальненнем падзяліўся іншымі планамі. Са сваімі вучнямі ён марыць стварыць 3D-прынтар, сабраць радыёкіруемы квадракоптар, здольны ўзнімацца ў неба і перадаваць бесправадны відэасігнал. Заняткамі ў гуртку дзеці вельмі захоплены, таму педагог упэўнены: у іх усё атрымаецца.

Сяргей ЛЕЎЧАНКА.
Фота аўтара.