“Беларусь” перамагла

Ва ўсе часы чалавек імкнуўся да здаровага ладу жыцця, жадаў пазнаць межы сваіх магчымасцей, не баючыся кінуць выклік лёсу. І часта выходзіў пераможцам. А спорт — гэта жыццё, здароўе, рызыка, пошук, перамога. Напярэдадні аднаго з самых цёлых, ласкавых і пяшчотных дзён у годзе — Міжнароднага дня сям’і — у спартыўнай зале сярэдняй школы № 4 Клімавіч адбылося спартыўнае свята “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 6 сем’яў навучэнцаў пачатковых класаў. Удзельнікі былі падзелены на дзве каманды. Капітаны, а гэта маленькія члены сем’яў, далі назвы сваім камандам — “Перамога” і “Беларусь”. Падчас адкрыцця мерапрыемства ў жартоўнай форме былі прадстаўлены ўдзельнікі каманд: таты — злёгку бадзёрыя, месцамі падцягнутыя і нават у нечым непераможныя, а ў чым менавіта, трэба было даведацца ў час спаборніцтва; мамы — заўсёды ў выдатнай форме, у чым ім дапамагаюць пастаянныя трэніроўкі: пліта, бег па магазінах, праполка, мыццё і прыбіранне; дзеці — гэта яны яшчэ з пялёнак доўгія гады загартоўвалі пастаяннымі трэніроўкамі і аб’ядноўвалі сваіх бацькоў у дружную каманду.

Спартыўнае сямейнае свята прайшло на адным дыханні. Усе этапы захапляючага спаборніцтва праходзілі ў напружанай барацьбе. Удзельнікі спаборнічалі, балельшчыкі бурна падтрымлівалі іх, а журы кампетэнтна ацэньвала кожны конкурс. Так, татам і мамам неабходна было выканаць “Вясёлую пераправу” на лістах паперы, а дзецям з дапамогай абручоў паказаць уменне вадзіць мячы, з дапамогай ракетак упраўляцца з паветранымі шарамі, спраўляцца са скакалкай, уціхамірыць баскетбольны мяч, паказаць, як усе члены каманды ўмеюць скакаць у мяшках, праявіць спрыт, хуткасць, гнуткасць у час змяшанай эстафеты.


Захоплена бегалі і скакалі мамы і таты, зусім па-дзіцячы радаваліся перамогам, можа, нават больш за дзяцей. А дзеці ў сваю чаргу радаваліся бацькоўскай любові і клопату. Нішто так не аб’ядноўвае сямейную каманду, як імкненне да перамогі.

У напружанай барацьбе перамагла каманда “Беларусь”. Сем’і былі ўзнагароджаны граматамі, маленькія ўдзельнікі — медалямі. Гэтае свята застанецца надоўга ў памяці дзяцей і іх бацькоў. І няважна, хто стаў пераможцам спаборніцтваў, галоўнае, што ўсе адчулі атмасферу свята, сардэчнасці і добразычлівасці, узаемнай павагі і разумення.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*