Алімпійскія гульні па… мове

Прыярытэтным кірункам работы Глухскага дзіцячага сада — сярэдняй школы з’яўляецца папулярызацыя беларускай мовы. У нас склаліся свае традыцыі ў яе рэалізацыі: фальклорныя святы, спаборніцтвы і гульні, экскурсіі, сустрэчы з пісьменнікамі. Усе гэтыя мерапрыемствы набываюць асаблівае гучанне ў Год малой радзімы.

Традыцыйна значным стаў тыдзень беларускай мовы. У гэты час былі праведзены такія мерапрыемствы, як гульня “БелаВеды”, конкурсная праграма “Квітней, родная мова”, алімпійскія гульні “Ведай роднае слова”, моўны турнір, гульня-спаборніцтва “Мая Айчына — Беларусь”, віктарына “Шчаслівы выпадак”, пазакласнае мерапрыемства “У роднай мовы роднае карэнне” і іншыя.

Усе гэтыя мерапрыемствы былі накіраваны на прывіццё цікавасці да беларускай мовы, зберажэнне сапраўднай моўнай культуры, развіццё ў вучняў вобразнага мыслення, пазнавальнай, камунікатыўнай, творчай кампетэнцыі,  спрыялі грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню.

Найбольшую цікавасць выклікала гульня “БелаВеды”, мэтай якой было пашырэнне ведаў па раздзелах беларускай мовы і літаратуры, а таксама пра родны край, узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў, развіццё моўнай чуйнасці, прывіццё любові да роднай мовы і літаратуры.

Таксама запамінальным сталі алімпійскія гульні па беларускай мове “Ведай роднае слова”, якія садзейнічалі развіццю ў школьнікаў творчых здольнасцей, кемлівасці, артыстызму, спрыялі выхаванню любові да роднай мовы, цікавасці да моўнага багацця беларускага народа.

У кабінеце  беларускай мовы створаны і дзейнічае  этнаграфічны музей  “Беларуская хатка”, які з задавальненнем навед­ваюць вучні пачатковых класаў і дашкольнікі.

Родная мова асаблівая для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Таму работа школы ў далейшым будзе накіравана на ўшанаванне мясцовых традыцый, нашай культуры, якую немагчыма ўявіць без роднай мовы.

Галіна НІКАНАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Глухскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.