Адкуль да нас прыйшла кніга

Слова. Роднае Слова — вуснае, пісьмовае, друкаванае — заўсёды было і застаецца найгалоўнейшай асновай кожнай нацыянальнай культуры. Францыск Скарына на заранку Адраджэння абвясціў старабеларускую мову і народ цалкам раўнапраўнымі сярод іншых еўрапейскіх моў і народаў. Беларускі народ першы на цяперашняй тэрыторыі нашай краіны пяцьсот гадоў назад надрукаваў кнігі, прычым кнігі на роднай мове, займеў сваё ўласнае пісьменства, сваю ўласную друкаваную літаратуру, ля самых вытокаў якой стаяў доктар Францыск Скарына — пісьменнік, асветнік, вучоны, выдавец. Ф.Скарына стаў тым першым, хто гэтак інтэнсіўна пачаў працэс збліжэння літаратур славянскага Усходу з заходнееўрапейскімі, пакінуў пасля сябе творы, што на стагоддзі засталіся ўзорамі, аб’явіліся сёння Словам, асаблівую нацыянальную і агульначалавечую каштоўнасць якога мы ўсё больш пачынаем разумець.

Усе народы, усе нацыі, усё чалавецтва не можа жыць па-за культурай, па-за пэўным прыродным, матэрыяльным і духоўным асяроддзем. Сёння мы як ніколі ўсведамляем гэта.

Адным з галоўных напрамкаў работы ў нашай установе адукацыі з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Патрыятызм — адзін з асноўных складнікаў беларускай дзяржаўнай ідэі. Мы павінны далучаць навучэнцаў да каштоўнасцей нацыянальнай гуманістычнай культуры, да адраджэння традыцый, і выхоўваць на гэтай аснове духоўнасць і мараль, пачуццё адказнасці за лёс Айчыны, ствараць ўмовы для індывідуальнага самавызначэння, развіцця творчага патэнцыялу, схільнасцей, здольнасцей. У школе праходзіць шмат мерапрыемстваў па гэтых кірунках, адно з іх — “Адкуль да нас прыйшла кніга”, прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, прайшло вельмі цікава. Вучні старшых класаў шмат папрацавалі, каб навучэнцы малодшых і сярэдніх класаў і іх бацькі ўсвядомілі для сябе імя і справу Ф.Скарыны. У рамках гэтага мерапрыемства была адкрыта аднайменная экспазіцыя, на якой былі прадстаўлены пісьмовыя прылады ад старажытнасці да нашага часу. Вучні з захапленнем разглядвалі пісалы, графітную дошку, фрагмент старых надпісаў на цэгле, імітацыю берасцяной граматы, пяро і чарніліцу, фрагменты старажытных кніг і сучасныя дыскі.

Актыўна вучні рыхтаваліся і да канферэнцыі “Яны стваралі кнігі”. Кожны выступоўца быў грунтоўна падрыхтаваны да абароны свайго даклада. Усіх захапіла цікавае выступленне Яўгеніі Благадавай пра нашага земляка, які праславіў Мсціслаў, Пятра Цімафеевіча Мсціслаўца — друкара, заснавальніка, разам з Іванам Фёдаравым, першай друкарні ў Маскве, у якой у красавіку 1564 года яны надрукавалі першую маскоўскую кнігу “Апостал”. П.Ц.Мсціславец прадоўжыў друкарскую справу на тэрыторыі Беларусі і быў адным з двух заснавальнікаў друкаванага кніжніцтва на Маскоўскай Русі.

Вучаніца 10 класа Хрысціна Бінеўская адзначыла: “Калі мы не будзем паглыбляць нашы веды пра Скарыну, будзем мала расказваць пра яго творчую спадчыну, мы бу-дзем абкрадаць сябе, сваю культуру. Думкі Скарыны, яго памкненні і ідэалы сёння аказаліся незвычайна жыццяздольнымі. Апярэдзіўшы свой час, ён і цяпер дарагі і блізкі людзям, якія знаёмяцца з яго творчасцю, удумліва чытаюць яго творы. Яго патрыятычныя радкі пра родны край павінен памятаць кожны і несці ў сваім сэрцы”.

Тамара ЕРАСЦЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.